Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна
Краіна
Адрас Мінск, вул. Гікалы, 4
Заснавана 1900
Філіялы 1
Фонд
Аб'ём фонду 770 000
Доступ і карыстанне
Абслугоўванне
  • 40 000 чал.
Колькасць чытачоў 40 000
Іншая інфармацыя
Дырэктар Чуева Наталля Станіславаўна
Вэб-сайт www.pushlib.org.by

Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна — адна з найстарэйшых бібліятэк Беларусі і найбуйнейшы інфармацыйны, адукацыйны і культурна-асветны цэнтр Мінскай вобласці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Бібліятэка была заснавана ў 1900 годзе Мінскай гарадской думай як гарадская публічная бібліятэка, стварэнне якой было прымеркавана да святкавання стагоддзя з дня нараджэння А. С. Пушкіна. Публічная бібліятэка імя А. С. Пушкіна была заклікана «назаўжды захаваць у памяці народа імя вялікага рускага паэта».[1]

Мінская гарадская дума для загадвання бібліятэкай абірала Савет і вызначала колькасць яго членаў, пры гэтым у склад Савета ў якасці абавязковага члена ўваходзіў дырэктар Мінскай мужчынскай гімназіі або дырэктар рэальнага вучылішча. Члены Савета ў сваю чаргу абіралі са свайго асяроддзя старшыню, які зацвярджаўся начальнікам губерні.

Былы будынак бібліятэкі па вул. Інтэрнацыянальнай

Бібліятэка атрымала шырокую папулярнасць у народзе: за кароткі тэрмін была набыта вялікая колькасць кніг, а колькасць падпісантаў бібліятэкі няўхільна расла. Першы будынак бібліятэкі быў размешчаны на вуліцы Захар'еўскай (цяпер пр. Незалежнасці), а ў 1904 годзе бібліятэку перавялі на вул. Хрышчэнскую (у наш час вул. Інтэрнацыянальная). У 1908 годзе ў якасці ганаровага члена бібліятэкі быў абраны Леў Талстой. Бібліятэкай было набыта 3 асобнікі яго сачыненняў і партрэт для бібліятэкі.

У сакавіку 1938 г. бібліятэка была рэарганізавана ў Мінскую абласную бібліятэку імя А. С. Пушкіна і стала буйным культурным цэнтрам у вобласці.

У гады Вялікай Айчыннай вайны бібліятэка, як і іншыя ўстановы навукі і культуры, панесла значныя страты. Каля 400 тыс. асобнікаў кніг было знішчана ці вывезена ў Германію. Да вайны ў фондзе бібліятэкі захоўваліся рэдкія выданні, у тым ліку ўспаміны, дзённікі сучаснікаў Пушкіна і іншыя дакументы.[2]

Інтэр'ер

У паваенныя гады ў працы Мінскай абласной бібліятэкі адбыліся істотныя паляпшэнні: бібліятэка шырока разгарнула працу перасоўных бібліятэк, паляпшала якасць абслугоўвання чытачоў, для якіх сталі арганізоўвацца выстаўкі, чытанні, літаратурныя вечарыны, чытацкія канферэнцыі і г.д. Было палепшана метадычнае кіраўніцтва і нададзена ўвага працоўным кадрам бібліятэкі.

У 1949 годзе бібліятэка адзначала 50-гадовы юбілей, у рамках якога была праведзена навукова-літаратурная сесія, таксама прымеркаваная і да 150-годдзя з дня нараджэння А. С. Пушкіна.

У 1966 годзе было прынята рашэнне аб будаўніцтве новага будынка абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна на вуліцы Гікалы ў цэнтры горада. Новы будынак адкрыў свае дзверы для чытачоў у лістападзе 1971 г. У 1974 годзе бібліятэка ўзначаліла працу па цэнтралізацыі і развіцці сеткі бібліятэк Мінскай вобласці.

У 1989 г. Мінская абласная бібліятэка імя Пушкіна была аб'яднана з яшчэ адной абласной бібліятэкай — дзіцячай бібліятэка імя Я. Маўра. Аб'яднанне спрыяла больш эфектыўнаму выкарыстанню матэрыяльна-тэхнічнай базы, бібліятэчна-інфармацыйных рэсурсаў, фінансавых сродкаў, а таксама творчага патэнцыялу кадраў.

Пры бібліятэцы існуюць клубы і аб'яднанні па інтарэсах, праводзяцца чытацкія сустрэчы, сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі прэм'еры новых кніг, навуковыя канферэнцыі, а таксама шматлікія іншыя культурна-асветныя і адукацыйныя мерапрыемствы. Асаблівае месца ў дзейнасці бібліятэкі займае таксама праца па захаванні і адраджэнню нацыянальнай культурнай спадчыны.

У 1993 г. пачалася праца па аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў, у выніку якой у бібліятэцы быў створаны электронны каталог, базы даных кніг і брашур, краязнаўчай літаратуры, літаратуры на замежных мовах, нот, артыкулаў і іншых дакументаў[3]. Фактам пераходу на новыя інфармацыйныя тэхналогіі стала адкрыццё аддзела аўтаматызацыі.

У 1996 годзе, у выніку супрацоўніцтва з культурнымі цэнтрамі замежных краін у Беларусі, у бібліятэцы адкрыты «Франка-Беларуская зала інфармацыі пра сучасную Францыю». Таксама адным з асноўных відаў дзейнасці бібліятэкі з'яўляецца ўвекавечанне памяці Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Так, у 1998 г., да 200-годдзя з дня яго нараджэння ў бібліятэцы быў створаны Пушкінскі інфармацыйны цэнтр, у якім створаны зборны каталог дарэвалюцыйных выданняў, публікацый і літаратуры пра паэта, якія захоўваюцца ў бібліятэках, музеях і архівах Беларусі.

У 1999 г. сектар літаратуры на замежных мовах стаў Аддзелам замежнай літаратуры. Фонд аддзела складае каля 17 тыс. асобнікаў. У ім сабраны творы, напісаныя на шматлікіх мовах свету.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

У наш час Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна ўяўляе сабой не толькі адну з найстарэйшых і найбуйнейшых бібліятэк рэспублікі Беларусь, але і найважнейшы адукацыйны, інфармацыйны і культурна-асветніцкі цэнтр.

Паводле даных, паслугамі бібліятэкі штогод карыстаюцца каля 40 тыс. чытачоў, якім выдаецца звыш 770 тыс. асобнікаў дакументаў на розных носьбітах інфармацыі. Бібліятэчнае абслугоўванне карыстальнікаў забяспечваецца абанементам і сістэмай спецыялізаваных чытальных зал.[4] У бібліятэцы можна атрымаць розныя дадатковыя платныя паслугі, у тым ліку сэрвісныя. Сярод іх капіраванне інфармацыі на розныя носьбіты; ксеракапіраванне, сканіраванне дакументаў; раздрукоўка электроннага дакумента карыстальніка; прадастаўленне камп'ютара карыстальнікам бібліятэкі для самастойнай працы і інш.[5] Мінская абласная бібліятэка валодае найбуйнейшым у вобласці ўніверсальным фондам дакументаў — звыш 770 тыс. асобнікаў, а таксама ажыццяўляе доступ да віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Зноскі

  1. Гісторыя Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С.Пушкіна (руск.)(недаступная спасылка). Афіцыйны сайт Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна. Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2013. Праверана 1 ліпеня 2013.
  2. Гісторыя Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С.Пушкіна (руск.)(недаступная спасылка). Афіцыйны сайт Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна. Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2013. Праверана 1 ліпеня 2013.
  3. Электронны каталог Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С.Пушкіна (руск.)(недаступная спасылка). Афіцыйны сайт Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна. Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2013. Праверана 1 ліпеня 2013.
  4. Структура бібліятэкі (руск.)(недаступная спасылка). Афіцыйны сайт Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна. Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2013. Праверана 1 ліпеня 2013.
  5. Прэйскурант коштаў (руск.)(недаступная спасылка). Афіцыйны сайт Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна. Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2013. Праверана 1 ліпеня 2013.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]