Атлант (прадпрыемства)
Атлант | |
---|---|
Тып | Закрытае акцыянернае таварыства |
Заснаванне | 1959 |
Краіна | |
Размяшчэнне | Мінск, Беларусь |
Адрас | |
Ключавыя постаці |
Дзмітрый Уладзіміравіч Сакалоўскі (генеральны дырэктар) |
Галіна | Прыборабудаванне |
Прадукцыя | халадзільнікі, маразільнікі, пральныя машыны і іншая побытавая тэхніка |
Абарот | 4,1 трлн. бел. руб. (2011) |
Аперацыйны прыбытак | 542 млрд. бел. руб. (2011) |
Чысты прыбытак | 105 млрд. бел. руб. (2011) |
Колькасць супрацоўнікаў | каля 6700 |
Аўдытар | ТАА "КПНГ" |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Атлант, закрытае акцыянернае таварыства «Атлант» — найбуйнейшы ў Беларусі і адзін з самых вялікіх у СНД вырабнік халадзільнікаў, а таксама іншай бытавой тэхнікі. Прадпрыемства знаходзіцца ў Мінску, а таксама ў Баранавічах.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1959 у Мінску на базе завода газавай апаратуры па Пастанове Савета Міністраў БССР № 554 ад 24 жніўня 1959 пачалася падрыхтоўка да выпуску побытавых электрахаладзільнікаў. Першы халадзільнік «Мінск-1» быў выпушчаны ў 1962, а праз два гады пачалася масавая вытворчасць халадзільнікаў Мінск-2. У 1971 на новых вытворчых пляцах МЗХ выраблены 1 000 000-й халадзільнік, а ў 1973 упершыню ў СССР выраблены двухкамерны халадзільнік «Мінск-7». Прадпрыемствам выпушчана партыя халадзільнікаў з пенаполіўрэтанавай цеплаізаляцыяй, наладжаны экспарт халадзільнікаў. У наступным годзе ўпершыню ў СССР выраблены маразільнік «Мінск-17». У 1978 адпраўлены на экспарт 1 000 000-ы халадзільнік, а ў 1987 быў выпушчаны 10 000 000-ы халадзільнік. За распрацоўку і арганізацыю масавага выпуску высакаякасных побытавых халадзільнікаў прадпрыемства было ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У 1977 было створана вытворчае аб’яднанне «АТЛАНТ», у склад якога ўвайшлі: Мінскі завод халадзільнікаў (галаўное прадпрыемства), Смаленскі завод халадзільнікаў (РСФСР), Алітускі завод халадзільнікаў і Мажэйкяйскі завод кампрэсараў (Літоўская ССР). Пасля распаду СССР прадпрыемствы, якія апынуліся за межамі Беларусі, атрымалі самастойнасць.
У 1990 прынята рашэнне пра арганізацыю на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе вытворчасці кампрэсараў да побытавых халадзільнікаў і маразільнікаў. У 1993 утворана акцыянернае таварыства па выпуску побытавых халадзільнікаў «Атлант», у склад якога ўвайшлі Мінскі завод халадзільнікаў і Баранавіцкі станкабудаўнічы завод. Адначасова была выраблена першая партыя халадзільнікаў Атлант з кампрэсарамі Баранавіцкага станкабудаўнічага заводу, ўжо праз год выраблены 1 000 000-ы кампрэсар Атлант.
У 1995 прадпрыемства выйшла на праектную магутнасць па вытворчасці кампрэсараў у 1,5 млн штук.
У 1997 пачата вытворчасць кампрэсара СКО для побытавых халадзільнікаў і маразільнікаў, якія працуюць на азонабяспечным холадагенце — хладоне R134а, а сама зборка халадзільнікаў і маразільнікаў перакладаецца на больш дасканалую сістэму — палетную (спадарожнікавую). Прадпрыемства асвойвае выпуск халадзільнікаў 700-й серыі, а таксама двухкампрэсарнага халадзільніка МХМ-1704. Аб’яднанне атрымоўвае сертыфікат адпаведнасці сістэмы кіравання якасцю патрабаванням міжнародных стандартаў ІСО 9002. У 2001 МЗХ асвоіў вытворчасць халадзільных шаф са шклянымі дзвярамі і выпусціў 10 000 000-ы кампрэсар.
МЗХ першым у Рэспубліцы Беларусь атрымаў экалагічны сертыфікат адпаведнасці патрабаванням міжнароднай сістэмы стандартаў ИСО 14001-2000 да захавання чысціні навакольнага асяроддзя пры вытворчасці халадзільнікаў і маразільнікаў.
У 2003 на ЗБТ асвоены выпуск першай пральная аўтаматычная машына АТЛАНТ і малагабарытных тэрмаэлектрычных халадзільнікаў, а ў наступным годзе — вытворчасць халадзільнікаў АТЛАНТ серыі «Новая хваля» з электронным блокам кіравання і індыкацыі. Прадпрыемства працягвае выпуск бытавой тэхнікі: у 2004 выраблена камфорачная панэль Атлант, а ў 2005 — першы электрачайнік АТЛАНТ. У 2007 адбылося афіцыйнае адкрыццё Заводу побытавай тэхнікі і вытворчасці пральных аўтаматычных машын АТЛАНТ.
У 2006 колькасць вырабленых халадзільнікаў АТЛАНТ пераўзышла лічбу ў 25 000 000, а кампрэсараў АТЛАНТ у 20 000 000. У 2008 на БСЗ уведзена ў лад новая тэхналагічная лінія па вытворчасці высокаэфектыўных кампрэсараў па ліцэнзіі фірмы «DANFOSS» (Данія). Асвойваецца выпуск першых ўбудавальных халадзільнікаў ХМ-4007, а таксама халадзільнікаў АТЛАНТ з класам энергаэфектыўнасці А, якія памяншаюць выдаткі электраэнергіі ў суткі да 30 %. На МЗХ пачынае дзейнічаць лінія афарбоўкі нямецкай фірмы «EISENMANN», якая дазваляе афарбоўваць халадзільнікі ў розныя колеры.
З моманту пачатку вытворчасці выраблены 30-мільённы халадзільнік АТЛАНТ і 30-мільённы кампрэсар АТЛАНТ.
Выпушчаны і з’явіліся ў продажы новыя вырабы побытавай тэхнікі АТЛАНТ — газавыя, электрычныя і газаэлектрычныя пліты АТЛАНТ. У 2011 з канвеера ЗАТ «АТЛАНТ» зышла мільённая пральная машына АТЛАНТ, на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе адкрыта новая вытворчасць па выпуску ўніверсальных электрарухавікоў да побытавых пральных машын.
2020 год
[правіць | правіць зыходнік]Рабочы прадпрыемства Віктар Манкевіч, які днём 28 кастрычніка ўздымаўся на трубу на тэрыторыі завода з бел-чырвона-белым сцягам і запісаў зварот да А. Лукашэнкі, каб той сышоў, патрапіў у РНПЦ псіхічнага здароўя[1].
Прадукцыя
[правіць | правіць зыходнік]Асноўная дзейнасць прадпрыемства — вытворчасць халадзільнікаў і маразільнікаў.
На аб’яднанні таксама выпускаюцца пральныя аўтаматычныя машыны, убудавальныя канфорачныя панэлі, электрачайнікі і газавыя, газаэлектрычныя і электрычныя пліты АТЛАНТ, халадзільныя шафаў, іншай побытавай халадзільнай тэхнікі, гандлёвага абсталявання.
ЗАТ «АТЛАНТ» таксама развіў шматпрофільную вытворчасць прамысловага абсталявання, якое шырока выкарыстоўваецца пры вытворчасці побытавай тэхнікі.
Генеральныя дырэктары
[правіць | правіць зыходнік]- Леанід Калугін (? — 4 снежня 2001)
- Віктар Сцяпанавіч Шуміла (4 снежня 2001 — 30 студзеня 2020)
- Дзмітрый Уладзіміравіч Сакалоўскі (з 30 студзеня 2020)
Зноскі
- ↑ Рабочага «Атланту», які зьвярнуўся да Лукашэнкі, даставілі ў РНПЦ псыхічнага здароўя . Радыё Свабода (28 кастрычніка 2020).