Перайсці да зместу

Літоўская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Літоўская ССР)
Гістарычная дзяржава
Літоўская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
Lietuvos Tarybų Socialistinė Respublika
Литовская Советская Социалистическая Республика
Дэвіз: ««Visų šalių proletarai, vienykitės!»
(Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!)»
< 
 >
21 ліпеня 1940 — 11 сакавіка 1990
Сталіца Вільня
Мова(ы) Літоўская, руская
Афіцыйная мова літоўская мова і руская
Грашовая адзінка Савецкі рубель
Плошча 65,2 тыс. км²
Насельніцтва 3.689.779 (1989)
Форма кіравання Савецкая сацыялістычная рэспубліка
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Літоўская Саве́цкая Сацыялісты́чная Рэспу́бліка, Літоўская ССР — адна з рэспублік Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Створана ў 1940 годзе. Сталіца — Вільня.

Гісторыя

Пасля падпісання 28 верасня 1939 года германа-савецкага дагавора аб дружбе, СССР пачаў ціск на Літву каб прымусіць да падпісання савецка-літоўскі дагавора аб узаемнай дапамозе. Паводле гэтага дагавора Літва атрымала каля 6880 квадратных кіламетраў тэрыторыі Віленскага краю (у тым ліку Вільню) у абмен на пяць савецкіх ваенных баз на тэрыторыі Літвы.

14—15 ліпеня 1940 года праведзены выбары ў Народны Сейм (з адзіным спісам блока «Саюз працоўнага народа Літвы»), які 21 ліпеня абвясціў утварэнне Літоўскай ССР і пастанавіў прасіць Вярхоўны Савет СССР прыняць ЛітССР у склад СССР. 3 жніўня 1940 года Вярхоўны Савет СССР задаволіў гэтую просьбу. 12 кастрычніка 1940 года ў Гродне адбыліся перамовы дэлегацый ЛітССР і БССР у Гродне, пасля якіх ад БССР былі адарваны і перададзены у склад ЛітССР гарады Друскенікі і Свянцяны, а таксама чыгуначная станцыя Гадуцішкі з навакольнымі вёскамі.

11 сакавіка 1990 года Вярхоўны Савет Літоўскай ССР прыняў дэкларацыю аб аднаўленні незалежнасці Літвы і ў сувязі з гэтым змяніў назву «Літоўская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» на «Літоўская Рэспубліка». 6 верасня 1991 года незалежнасць Літвы прызнаў Дзяржаўны Савет СССР.

Дзяржаўныя сімвалы

Герб ЛітССР уяўляў сабой выяву залатога сярпа і молата на чырвоным фоне, якія асвятляліся залатымі прамянямі ўзыходзячага сонца. Гэтыя сімвалы былі акружаныя вянком з каласоў пшаніцы (справа) і галінак дуба (злева), пераплеценых чырвонымі стужкамі. На стужках былі надпісы: злева — «Visų šalių proletarai, vienykitės!» (з літоўскай: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!»), унізе — «LTSR» (скарочана ад Lietuvos Tarybų Socialistinė Respublika). У верхняй частцы герба знаходзілася пяціканцовая чырвоная зорка — сімвал камунізму. Каларыстыка (чырвоны, залаты) і ўсе элементы былі тыповымі для савецкай геральдыкі і сімвалізавалі сацыялістычны лад, саюз рабочых і сялян, святло камуністычнай будучыні.

Сцяг 1940 года ўяўляў сабой чырвонае палотнішча з залатым сярпом і молатам у верхнім левым куце і залатымі літарамі «LTSR» пад імі. У 1953 годзе сцяг быў зменены. Новы варыянт застаўся чырвоным, але да яго была дададзена белая (у ніжняй частцы) і зялёная (пасярэдзіне) гарызантальныя палосы. У верхнім левым куце на чырвоным фоне засталіся серп і молат, а над імі — чырвоная пяціканцовая зорка, аблямаваная залатым. Чырвоны колер сімвалізаваў рэвалюцыю, белы — традыцыйны для Літвы (паходжанне ад белага вершніка), зялёны — прыроду і багацце краіны. Такім чынам, у сцяг былі ўведзены нацыянальныя колеры (белы і зялёны), але ў спалучэнні з абавязковымі савецкімі сімваламі.

Гімн быў прыняты ў 1950 годзе. Музыку да яго напісаў вядомы літоўскі кампазітар Баляславас Дварэнаса, а словы — літоўскі паэт Антанас Венцлава. Гімн, як і гімны іншых савецкіх рэспублік, праслаўляў Камуністычную партыю, Леніна, савецкую радзіму, сацыялістычную працу і брацтва народаў СССР. Пасля 1990 года, калі Літва аднавіла незалежнасць, гімн Літоўскай ССР быў адменены. У якасці дзяржаўнага гімну сучаснай Літвы зноў стаў выкарыстоўвацца гімн «Tautiška giesmė» (з літоўскай: «Нацыянальная песня»), створаны Вінцасам Кудзіркай яшчэ ў XIX стагоддзі.

Кіраўнікі

Кіраўнікі партыйнага апарату (Першыя сакратары ЦК КП Літвы)

  1. Антанас Снячкус (1940—1974)
  2. Пятрас Грышкявічус (1974—1987)
  3. Рынгаўдас Міцявічус (1987—1988)
  4. Альгірдас Бразаўскас (1988—1989)

Адміністрацыйны падзел

Асноўнай адзінкай сярэдняга ўзроўню былі раёны (літ.: rajonas). Іх колькасць пасля шэрагу аб’яднанняў склала 44. Асобна ад раёнаў існавалі гарады рэспубліканскага падпарадкавання — найбуйнейшыя цэнтры, якія падпарадкоўваліся непасрэдна ўраду Літоўскай ССР. Такіх гарадоў было 7: Вільня, Коўна, Клайпеда, Шаўлі, Панявеж, Аліта, Уцяна. Ніжэйшымі адзінкамі былі гарады раённага падпарадкавання, пасёлкі гарадскога тыпу і сельсаветы (літ.: apylinkė).

Насельніцтва

У 1975 годзе колькасць насельніцтва дасягнула 3290 тыс. чал.; на 1 студзеня 1976 — 3315 тыс. чал., па апошнім усесаюзным перапісе насельніцтва — 3.689.779 (1989).

Паводле перапісу 1970 года 80,1 % складалі літоўцы (2507 тыс.), 8,6 % — рускія (268 тыс.), 7,7 % — палякі (240 тыс.), 1,5 % — беларусы (45 тыс.), 0,8 % — украінцы; пражывалі таксама латышы, татары, яўрэі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.

Правядзенне калектывізацыі і індустрыялізацыі змяніла суадносіны гарадскога і сельскага насельніцтва: у 1959 годзе доля сельскага насельніцтва складала 61,4 %, у 1970 — 49,8 %. У пачатку 1974 года ў гарадах пражывала на 329 тыс. чалавек больш, чым у сельскай мясцовасці. Жанчыны складалі 53 %, мужчыны — 47 % насельніцтва.

Спасылкі