Мір, арбітальная станцыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Станцыя «Мір» 9 лютага 1998 года, бачная з адлятаючага шатла «Індэвар» у час экспедыцыі STS-89.

«Мір» (руск.: «Мир», «Салют-8») — савецкая (пазней расійская) арбітальная станцыя трэцяга пакалення[1], якая ўяўляла сабою складаны шматмэтавы навукова-даследчы комплекс. Станцыя была выведзена на арбіту ў лютым 1986 года, 23 сакавіка 2001 года затоплена ў Ціхім акіяне.

Зборка станцыі на арбіце працягвалася да 1996 года. «Мір» стаў першай модульнай касмічнай станцыяй і меў найбольшую масу сярод караблёў, пабываўшых у космасе, пакуль не быў заменены МКС. Станцыя дзейнічала як мікрагравітацыйная даследчая лабараторыя, у якой члены каманды ажыццяўлялі эксперыменты ў галіне біялогіі і біялогіі чалавека, фізіцы, астраноміі, метэаралогіі, а таксама далейшае ўдасканаленне сістэм і прылад, неабходных для сталай прысутнасці ў космасе.

Станцыя стала першай даследчай лабараторыяй у космасе з доўгатэрміновай прысутнасцю людзей на борце. Праца на станцыі ажыццяўлялася доўгатэрміновымі камандамі. Праграма «Мір» трымала рэкорд па бесперапыннай прысутнасці чалавека ў космасе, які быў роўны 3644 дням, пакуль той не быў пабіты 23 кастрычніка 2010 года МКС[2], але і цяпер Валерыю Палякову належыць рэкорд па працягласці касмічнага палёту чалавека — 437 дзён і 18 гадзін. «Мір» быў населены ўсяго 12 з паловай гадоў з яго 15-гадовага тэрміна службы. На борце станцыі маглі адначасова знаходзіцца тры чалавекі, на кароткі час дазвалялася прысутнасць і большага складу.

Пасля поспеху праграмы «Салют» «Мір» стаў новай ступенню ў праграме касмічных станцый СССР. Першы модуль станцыі, вядомы як базавы блок, быў выведзены на арбіту ў 1986 годзе, да якога пазней былі далучаныя яшчэ 6 модуляў — усе выведзеныя ракетай-носьбітам «Пратон» (акрамя стыкавога модулю). Па завяршэнні мантажу станцыя складалася з сямі модуляў з атмасферай і некалькіх модуляў без атмасферы. Электраэнергіяй станцыя жывілася ад сонечных панэлей, замацаваных на модулях. Станцыя ўтрымлівалася на арбіце(en) ад 296 да 412 км і рухалася з сярэдняй скорасцю 27700 км/с, тым самым робячы 15,7 віткоў вакол Зямлі ў дзень[3][4].

Станцыя была часткай праграмы пілатуемых касмічных палётаў СССР. Па развале СССР кіраванне праграмай перайшло да Федэральнага касмічнага агенцтва Расіі (РКА). З гэтага вынікае, што большасць каманды «Міра» паходзіла з Савецкага Саюза. Але, дзякуючы такім міжнародным праграмам, як Інтэркосмас, Еўрамір(en) і Мір — Шатл, станцыя стала даступнай для касманаўтаў з Паўночнай Амерыкі, краін Еўропы і Японіі. Паводле ацэнкі былога генеральнага дырэктара РКА, Юрыя Копцева, кошт праграмы склаў $4,2 млрд за ўвесь час вядзення праграмы (распрацоўка, зборка і эксплуатацыя)[5]. Станцыю абслугоўвалі касмічныя караблі «Саюз», грузавы «Прагрэс» і караблі праграмы «Спэйс шатл». «Мір» наведалі 104 чалавекі з 12 краін свету[6].

Зноскі

  1. Станция "Мир": факты за 15 лет (руск.)  // Мир Науки и Культуры. — ISSN 1684-9876.
  2. ISS Passing Old Russian Mir In Crewed Time (англ.) .
  3. Hall, R. The History of Mir 1986-2000 // British Interplanetary Society. — 2000. — ISBN 0-9506597-4-6.
  4. Hall, R. Mir: The Final Year // British Interplanetary Society. — 2001. — ISBN 0-9506597-5-4.
  5. Tyler, Patrick E. Russians Find Pride, and Regret, in Mir's Splashdown (англ.) .
  6. Harland, David The Story of Space Station Mir — New York: Springer-Verlag New York Inc., 2004. — ISBN 978-0-387-23011-5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • «Мір» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2000. С. 460—461.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Арбітальныя станцыі