Арбітальная станцыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Станцыя «Мір» над Зямлёю.

Арбіта́льная ста́нцыя — касмічны апарат, які працяглы час функцыянуе на арбіце штучнага спадарожніка Зямлі або іншай планеты ці яе спадарожніка. Можа дзейнічаць у пілатуемым (з экіпажам касманаўтаў) і аўтаматычным рэжымах.

Першая ў свеце эксперыментальная арбітальная станцыя была створана 16 студзеня 1969 года на арбіце стыкоўкай караблёў «Саюз-4» і «Саюз-5»; доўгачасовая савецкая арбітальная станцыя «Салют» выведзена на арбіту 19 красавіка 1971 года; у ЗША арбітальная станцыя «Скайлэб» была запушчана 14 мая 1973 года; з 20 лютага 1986 па 23 сакавіка 2001 года дзейнічала арбітальная станцыя «Мір».

Арбітальная станцыя дастаўляецца на арбіту 2 спосабамі:

  • цалкам збіраецца на Зямлі і выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам (маса і габарыты арбітальнай станцыі абмежаваны энергетычнымі магчымасцямі ракеты);
  • зборка ажыццяўляецца на арбіце з элементаў, якія дастаўляюцца ракетамі-носьбітамі ці транспартнымі караблямі, што дае магчымасць ствараць арбітальныя станцыі неабходнай масы, аб'ёму і канфігурацыі, у працэсе эксплуатацыі мяняць яе прызначэнне і спецыялізацыю. Найбольш важная праблема пры стварэнні арбітальнай станцыі — стыкоўка на арбіце.

Канструкцыі арбітальных станцый прадугледжваюць вырашэнне праблем пераадольвання працяглага ўздзеяння бязважкасці на арганізм чалавека, аховы ад радыяцыі і мікраметэарытаў, забеспячэння надзейнасці і дастатковага рэсурсу працы бартавых сістэм і інш.

Арбітальныя станцыі выкарыстоўваюцца для даследавання каляземнай (каляпланетнай) касмічнай прасторы і планеты Зямлі з арбіты штучнага спадарожніка; правядзення метэаралагічных і астранамічных назіранняў, медыка-біялагічных і тэхнічных эксперыментаў, ваеннай разведкі і іншага, могуць служыць базай для зборкі і запуску цяжкіх міжпланетных касмічных караблёў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]