Напісанае застаецца
Напісанае застаецца | |
---|---|
Аўтар | Алесь Петрашкевіч |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата першай публікацыі | 1979 |
Персанажы | Францыск Скарына, Пётр Цімафеевіч Мсціславец, Томас Мюнцэр, Марцін Лютэр, Максім Грэк і Мікалай Капернік |
«Напісанае застаецца» — палемічная п’еса (з прыкметамі «п’есы-дыскусіі») Алеся Петрашкевіча, напісаная ў 1979 годзе. Пастаўлена тэатрам імя Я. Купалы ў 1979 годзе.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Апрача Францыска Скарыны — цэнтральнага персанажа п’есы — А. Петрашкевіч уводзіць у твор у якасці дзейных асоб Міколу Гусоўскага, Пятра Мсціслаўца, Томаса Мюнцэра, Марціна Лютэра, Максіма Грэка, Мікалая Каперніка. Выбар дзейных асоб адпавядаў адной з задач твора: увасобіць на сцэне велічную постаць Скарыны, падкрэсліць з дапамогай драматургічных сродкаў значнасць пачынанняў гэтага вялікага дзеяча. Ф. Скарына не проста паказваецца ў атачэнні славутых сучаснікаў — ён абмяркоўвае з імі актуальныя навуковыя, рэлігійныя, свецкія пытанні свайго часу. Аўтар аддае перавагу свайму персанажу, калі ён палемізуе з заснавальнікам Рэфармацыі Марцінам Лютэрам (звесткі пра сустрэчу Скарыны і Лютэра ў Вітэнбергу маюць дакументальныя пацвярджэнні). Вобраз Лютэра падаецца ў крыху зніжаным плане, і гэта не зусім адпавядае гістарычнай аб’ектыўнасці. Больш пераканаўчай выглядае палеміка Скарыны з суддзёй-інквізітарам, дзе даводзіцца важкасць здзейсненага Скарынам, асабліва пераклад «Бібліі» на старажытнабеларускую мову, напісанне прадмоў і пасляслоўяў да яе.
Каштоўнасць п’есы ў тым, што асоба Скарыны паўстае ў ёй у кантэксце яго культурных здабыткаў, з падключэннем дакументальнага літаратурнага матэрыялу, на фоне агульнаеўрапейскага Рэнесансу. Аўтару ўдалося перадаць сэнс скарынаўскіх выказванняў жывой драматургічнай мовай, пабудаваць менавіта дыялог, а не дэкламацыю.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. А. Бельскага, М. Тычыны. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2009. ISBN 978-985-471-320-5