Алесь Петрашкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алесь Петрашкевіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1 мая 1930(1930-05-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 23 жніўня 2012(2012-08-23) (82 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці драматург, празаік, публіцыст, сцэнарыст, лібрэтыст, выкладчык універсітэта
Жанр проза, драматургія, сцэнарый і публіцыстыка
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Прэміі
Дзяржаўная прэмія БССР
Узнагароды
Ордэн «Знак Пашаны» медаль Францыска Скарыны
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР

Алесь (Аляксандр Лявонавіч) Петрашке́віч[1] (1 мая 1930, в. Пярэвалачня, Талачынскі раён — 23 жніўня 2012, Мінск) — беларускі пісьменнік, драматург. Кандыдат гістарычных навук[2] (1967), заслужаны работнік культуры БССР (1975), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у падрыхтоўцы і выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пляменнік мастака Міхаіла Савіцкага.

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў 3 класы пачатковай школы. У 1948 годзе скончыў Забалоцкую сямігадовую, у 1951 годзе — Коханаўскую сярэднюю школу. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ (1955). З 1954 года працаваў у ЦК ЛКСМБ, з 1961 года ў ЦК КПБ: інструктар, загадчык сектара (1963—1967), аддзела культуры (1976—1979). У 1975—1976 гадах — рэктар Мінскага інстытута культуры[3].

У 1967—1975, 1979—1991 гадах адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва Беларуская савецкая энцыклапедыя. У 1991—1998 гадах кіраваў арганізацыйна-метадычным цэнтрам па выданні гісторыка-дакументальных хронік «Памяць».

У 1961 годзе стаў членам Саюза журналістаў Беларусі, у 1974 годзе членам Саюза пісьменнікаў БССР. Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1970 года.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Друкавацца пачаў у 1954 годзе.

Аўтар апавяданняў, фельетонаў, нарысаў. Працаваў у розных жанрах драматургіі. Пісаў сцэнарыі мастацкіх і дакументальных фільмаў.

Значнае месца ў творчасці драматурга займала гістарычная тэматыка.

П’еса «Напісанае застаецца» (пастаўлена ў 1979 годзе) — у многім твор палемічны, з прыкметамі «п’есы-дыскусіі». Апрача Францыска Скарыны — цэнтральнага персанажа п’есы «Напісанае застаецца» — А. Петрашкевіч уводзіць у твор у якасці дзейных асоб Міколу Гусоўскага, Пятра Мсціслаўца, Томаса Мюнцэра, Марціна Лютэра, Максіма Грэка, Мікалая Каперніка. Ф. Скарына не проста паказваецца ў атачэнні славутых сучаснікаў — ён абмяркоўвае з імі актуальныя навуковыя, рэлігійныя, свецкія пытанні свайго часу. Каштоўнасць п’есы ў тым, што асоба Скарыны паўстае ў ёй у кантэксце яго культурных здабыткаў, з падключэннем дакументальнага літаратурнага матэрыялу, на фоне агульнаеўрапейскага Рэнесансу. Аўтару ўдалося перадаць сэнс скарынаўскіх выказванняў жывой драматургічнай мовай, пабудаваць менавіта дыялог, а не дэкламацыю.

Драма «Прарок для Айчыны» (пастаўлены тэлефільм у 1991 годзе) прысвечана віленскаму перыяду жыцця першадрукара. У п’есе адлюстравана гісторыя судовых спраў, звязаных са спадчынай, тых недарэчных побытавых калізій, якія адабралі ў творцы столькі каштоўнага часу, здароўя, абумовілі яго эміграцыю ў Прагу. У выніку судовай цяганіны вакол спадчыны Маргарыты, пасля шэрага няўдалых спроб заручыцца падтрымкай у людзей, надзеленых уладай або грашыма, Скарына апынуўся ў пазнаньскай турме, у пазыковай «яме». П’еса А. Петрашкевіча ўжо сваёй назвай дэкларуе пытанне: чаму не шануюцца прарокі ў сваёй Айчыне? Чаму ў людзей таленавітых ворагаў больш, чым сяброў? Талент, як высвятляецца, няздатны сам сябе абараніць. Ён патрабуе разумення і падтрымкі як сучаснікаў, так і нашчадкаў. Людзі павінны быць падрыхтаваны для таго, каб прыняць гэты Божы дар.

Спробы спалучыць камедыйнасць і праблемнасць былі зроблены ім у п’есе «Куды ноч, туды сон» (іншая назва — «Ка-та-стро-фа», 1987, паст. 1988). Гэтую камедыю ён назваў фантасмагорыяй. Праўда, паводле тэматыкі гэты твор набліжаецца да «антыалкагольных» п’ес, асабліва пашыраных у беларускай літаратуры «нашаніўскага» перыяду і ў савецкі час. Гэтай тэме была прысвечана і драма А. Петрашкевіча «Трывога» (1974).

Праца для кіно[правіць | правіць зыходнік]

А. Л. Петрашкевіч — аўтар сцэнарыяў мастацкіх фільмаў «Нядзельная ноч  (руск.)» (пастаўлены ў 1977) і «Час выбраў нас  (руск.)» (з У. Т. Халіпам, 2 серыі, пастаўлены ў 1976—1978 гг.), сцэнарыяў навукова-папулярнага фільма «Францыск, сын Скарынін» (1989), дакументальнага фільма «Уздоўж і поперак Дняпра» (1988, пастаўлены ў 1990) (к/с «Беларусьфільм»). Напісаў сцэнарыі да радыёспектакляў «Новая зямля» (пастаўлены ў 1976), «Злавеснае рэха» (пастаўлены ў 1984), «У спадчыну — жыццё» (пастаўлены ў 1986), «Надзвычай цяжкая пасада» (пастаўлены ў 1986)

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Кандыдат гістарычных навук (1967) (кандыдацкая дысертацыя «Комсомол Беларуси — активный помощник Коммунистической партии в мобилизации молодёжи на выполнение семилетнего плана развития народного хозяйства (1959—1965 гг.»)[3].

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Кнігі[правіць | правіць зыходнік]

  • Ад бога да людзей. — Мн.: Беларусь, 1967. — 36 с.
  • Адкуль грэх?. — Мн.: Беларусь, 1970. — 87 с.: іл.
  • Воля на крыжы: Гістарычныя п’есы / Афарм. М. Р. Казлова. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2000. — 269,[2] с.: іл., партр. — ISBN 985-02-0437-0.
  • Здрапежаная зямля: Гістарычныя п’есы / Пад рэд. А. П. Грыцкевіча. — Мн.: УП «Тэхнапрынт», 2003. — 444,[3] с.: партр. — ISBN 985-464-497-9.
  • П’есы / Маст. Н. Л. Шаўшукова. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1976. — 205 с.: іл.
  • «Приласкать и уничтожить!»: гістарычная трагедыя / Алесь Петрашкевіч. — Мн.: Медисонт, 2008. — 85, [1] с. — ISBN 978-985-6530-81-7.

Артыкулы[правіць | правіць зыходнік]

  • П’есы сучасных аўтараў: Дагарэла свечачка…: трагедыя / Алесь Петрашкевіч // Беларуская драматургія / Мін-ва культуры РБ, «Тэатральная Беларусь»; [Уклад. В. Валадзько, А. Сабалеўскага; Рэдкал.: А. Сабалеўскі (адк. рэд.) і інш.; Прадм. А. Сабалеўскага]. Вып. 1. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 170, [2] с. — ISBN 5-343-01478-X

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

П’есы А. Л. Петрашкевіча былі перакладзены на рускую і ўкраінскую мовы М. Мірашнічэнкам, Д. М. Мусіенкам  (укр.), М. Я. Зарудным  (руск.), У. Я. Бурбанам  (укр.)[3].

Спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Дакументы А. Л. Петрашкевіча паступілі ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва ад самога пісьменніка ў 1998 годзе. У выніку навукова-тэхнічнай апрацоўкі фонду № 450 быў складзены вопіс № 1 у колькасці 978 спраў (5 865 дакументаў) за 1928—2007 гады[3].

Зноскі

  1. Беларусь 1995.
  2. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Комсомол Белоруссии — активный помощник Коммунистической партии в мобилизации молодежи на выполнение семилетнего плана развития народного хозяйства (1959—1965 гг.)»
  3. а б в г Завершана навуковае апісанне фонду № 450 (вопіс № 1) драматурга, празаіка, публіцыста, кінасцэнарыста Алеся Петрашкевіча(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 красавіка 2021. Праверана 11 лістапада 2020.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]