Мікалай Капернік

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Мікалай Капернік
Nikolaus Kopernikus.jpg
Дата нараджэння

19 лютага 1473[1][2][3]

Месца нараджэння

Торунь, Каралеўская Прусія, Каралеўства Польскае[d][4]

Дата смерці

24 мая 1543[1][2][3] (70 гадоў)

Месца смерці

Фромбарк[d], Каралеўская Прусія, Польскае Каралеўства[4]

Месца пахавання

Базіліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Андрэя ў Фромбарку[d]

Грамадзянства

Каралеўская Прусія

Бацька:

Niklas Koppernigk[d][5]

Маці:

Barbara Koppernigk[d][5]

Жонка
Род дзейнасці

астраном, юрыст, эканаміст, матэматык, вучоны, фізік, філосаф, перакладчык

Навуковая сфера

астраномія, матэматыка, механіка і эканоміка

Месца працы

Падуанскі ўніверсітэт

Альма-матар

Ягелонскі ўніверсітэт[6][7][8]
Падуанскі ўніверсітэт
Балонскі ўніверсітэт
Ферарскі ўніверсітэт[d]

Навуковы кіраўнік

Domenico Maria Novara da Ferrara[d][9]

Подпіс

Подпіс

Commons-logo.svg Мікалай Капернік на Вікісховішчы

Мікалай Капернік (польск.: Mikołaj Kopernik, лац.: Nicolaus Copernicus; 19 лютага 1473, Торунь (Каралеўская Прусія, Польшча) — 24 мая 1543) — прускі вучоны польскага паходжання, астраном, стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Торуні у купецкай сям'і, рана пазбавіўся бацькоў. Торунь увайшоў у склад Польшчы усяго за некалькі гадоў да нараджэння Каперніка, да гэтага ж горад насіў імя Торн і быў часткай Прусіі, якая належала Тэўтонскаму Ордэну.

Торунь: дом, дзе нарадзіўся Капернік.

Пытанне пра этнічную прыналежнасць Каперніка дагэтуль застаецца прадметам дыскусіі. Маці яго была немкай, нацыянальнасць бацькі няясная, аднак вядома, што ён быў выхадцам з Кракава. Тым самым, этнічна Капернік быў немцам ці напалову немцам, хоць сам ён, магчыма, лічыў сябе палякам (па тэрытарыяльна-палітычнай прыналежнасці). Пісаў ён на лацінскай і нямецкай, ніводнага дакумента на польскай мове, напісанага яго рукой, не выяўлена; пасля ранняй смерці бацькі ён выхоўваўся ў нямецкай сям'і маці і дзядзькі. Нікола Камнена Пападаполі пашырыў недаказаную — і, на думку сучасных гісторыкаў, ім жа самім выдуманую — гісторыю пра тое, што Капернік нібы запісаўся ў Падуанскім універсітэце палякам. Трэба адзначыць, што паняцце нацыянальнасці ў тыя гады было значна больш размытае, чым у нашы дні, і частка гісторыкаў прапануе лічыць Каперніка палякам і немцам адначасна[10][11].

У сям'і Каперніка, апроч Мікалая, было яшчэ трое дзяцей: Андрэй, пасля канонік у Варміі, і дзве сястры: Барбара і Кацярына. Барбара пайшла ў манастыр, а Кацярына выйшла замуж і нарадзіла пяцярых дзяцей, да якіх Мікалай Капернік быў вельмі прывязаны і клапаціўся пра іх да канца свайго жыцця.

Страціўшы 9-гадовым дзіцём бацьку і застаўшыся на апецы дзядзькі па маці, каноніка Лукаша Ватцэнродэ[12], Капернік у 1491 годзе паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт, дзе з аднолькавай стараннасцю вывучаў матэматыку, медыцыну і багаслоўе, але асабліва яго прыцягвала астраномія.

Бюст Каперніка ў Кракаве.

Па заканчэнні ўніверсітэта (1494) Капернік не атрымаў ніякага навуковага звання, і сямейны савет вырашыў, што яму трэба выбраць духоўную кар'еру. Важкім довадам на карысць такога выбару было тое, што дзядзька-апякун якраз быў у сане біскупа.

Для працягу адукацыі Капернік паехаў у Італію (1497) і паступіў у Балонскі ўніверсітэт. Апроч багаслоўя, права і старажытных моў, ён меў там магчымасць займацца і астраноміяй. Цікава адзначыць, што адным з прафесараў у Балонні быў тады Сцыпіён дэль Фера, з адкрыццяў якога пачалося адраджэнне еўрапейскай матэматыкі. Тым часам, дзякуючы старанням дзядзькі, у Польшчы Каперніка завочна абралі канонікам у епархіі Варміі.

У 1500 годзе Капернік пакінуў універсітэт, ізноў не атрымаўшы ніякага дыплома ці звання, і паехаў у Рым. Ва ўспамінах Рэтыка гаворыцца, што Капернік выкладаў у рымскім універсітэце шэраг дысцыплін, уключаючы астраномію, аднак іншыя біёграфы сумняваюцца ў гэтым факце[13]. Потым, пасля кароткачасовага знаходжання на радзіме, выехаў у Падуанскі ўніверсітэт і працягнуў вывучэнне медыцыны.

У 1503 годзе Капернік, нарэшце, завяршыў сваю адукацыю, здаў у Ферары экзамены, атрымаў дыплом і навуковую ступень доктара кананічнага права. Ён не спяшаўся вяртацца і, з дазволу дзядзькі-біскупа, наступныя тры гады займаўся медыцынай у Падуі.

У 1506 годзе Капернік атрымаў вестку, магчыма, надуманую, пра хваробу дзядзькі. Ён пакінуў Італію і вярнуўся на радзіму. Наступныя 6 гадоў ён правёў у біскупскім замку Гейлсберг, займаючыся астранамічнымі назіраннямі і выкладаннем у Кракаве. Адначасна з'яўляўся лекарам, сакратаром і даверанай асобай дзядзькі Лукаша.

Станаўленне[правіць | правіць зыходнік]

Вежа Каперніка ў Фромбарку.

У 1512 годзе памёр дзядзька-біскуп. Капернік пераехаў у Фромбарк, маленькае мястэчка на беразе Віслінскага заліва, дзе ён увесь гэты час лічыўся канонікам, і прыступіў да сваіх духоўных абавязкаў. Навуковыя даследаванні ён, аднак, не кінуў. Паўночна-заходняя вежа крэпасці стала абсерваторыяй.

Ужо ў 1500-я гады задума новай астранамічнай сістэмы склалася ў яго цалкам ясна[14].

Ён пачаў пісаць кнігу з апісаннем новай мадэлі свету, абмяркоўваючы свае ідэі з сябрамі, сярод якіх было нямала яго аднадумцаў (прыкладам, Тыдэман Гізе, біскуп Кульскі). У гэтыя гады (прыкладна 1503—1512) Капернік шырыў сярод сяброў рукапісны канспект сваёй тэорыі: Commentariolus, ці «Малы каментарый пра гіпотэзы, што адносяцца да нябесных рухаў»), а яго вучань Рэтык апублікаваў ясны выклад геліяцэнтрычнай сістэмы ў 1539 годзе. Відаць, чуткі пра новую тэорыю шырока разышліся ўжо ў 1520-х гадах. Работа над галоўнай працай — «Пра кручэнне нябесных сфер» — працягвалася амаль 40 гадоў, Капернік увесь час уносіў у яе ўдакладненні, рыхтаваў новыя астранамічныя разліковыя табліцы.

Чуткі пра новага выдатнага астранома шырыліся ў Еўропе. Існуе версія, не пацверджаная дакументальна, што папа Леў X запрасіў Каперніка ўзяць удзел у падрыхтоўцы каляндарнай рэформы (1514, рэалізавана толькі ў 1582 годзе), але ён ветліва адмовіўся[15].

Калі было трэба, Капернік прысвячаў свае сілы і практычным работам: па яго праекце ў Польшчы была ўведзена новая манетная сістэма, а ў горадзе Фромбарку ён пабудаваў гідраўлічную машыну, што забяспечвала вадой усе дамы. Асабіста, як лекар, займаўся барацьбою з эпідэміяй чумы 1519 года. У час польска-тэўтонскай вайны (15191521) арганізаваў паспяховую абарону біскупства ад тэўтонаў. Па заканчэнні канфлікту Капернік браў удзел у мірных перагаворах (1525), якія завяршыліся стварэннем на ордэнскіх землях першай пратэстанцкай дзяржавы — герцагства Прусія, васала польскай кароны.

Апошнія гады жыцця[правіць | правіць зыходнік]

А. Лесер. Смерць Каперніка.

У 1531 годзе 58-гадовы Капернік аддаліўся ад спраў і засяродзіўся на завяршэнні сваёй кнігі. Адначасна ён займаўся медыцынскай практыкай (бясплатна). Верны Рэтык увесь час клапаціўся пра хуткае выданне працы Каперніка, але яно прасоўвалася павольна. У 1542 годзе стан навукоўца значна пагоршыўся, наступіў параліч правай паловы цела.

Капернік сканаў 24 мая 1543 года ва ўзросце 70 гадоў ад інсульта. Некаторыя біёграфы (напрыклад, Тыдэман Гізе[16]) сцвярджаюць, што аўтар незадоўга да смерці паспеў убачыць сваю працу надрукаванаю. Але іншыя даводзяць[17], што гэта было немагчыма, бо апошнія месяцы жыцця Капернік знаходзіўся ў цяжкай коме.

Кніга Каперніка засталася як выдатны помнік чалавечай думкі.

Магіла[правіць | правіць зыходнік]

Месцазнаходжанне магілы Каперніка вельмі працяглы час заставалася невядомым, аднак у час раскопак у кафедральным саборы Фромбарка ў 2005 годзе былі выяўлены чэрап і косці ног. Параўнальны ДНК-аналіз гэтых астанкаў і двух валасоў Каперніка[18], выяўленых у адной з кніг, якія належалі яму, пацвердзіў, што знойдзены астанкі менавіта Каперніка.[19][20][21]. 20 мая 2010 года пачалася цырымонія перапахавання астанкаў Мікалая Каперніка. 21 мая труна была дастаўлена ў кафедральны сабор горада Фромбарка, дзе Капернік зрабіў свае самыя важныя адкрыцці. Па дарозе ў Фромбарк труна прайшла праз некалькі гарадоў Вармінска-Мазурскага ваяводстваДобрэ-Мяста, Лідзбарк-Варміньски, Арната, Пененжна і Бранева, з якімі Капернік быў звязаны ў час сваёй дзейнасці. 22 мая 2010 года астанкі вялікага навукоўца былі пахаваны ў кафедральным саборы Фромбарка. Урачыстую цырымонію правёў прымас Польшчы, архібіскуп Гнезненскі Юзаф Кавальчык. Пахаванне астанкаў таксама было прымеркавана да святкавання 750-годдзя горада.

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Геліяцэнтрычная сістэма Каперніка[правіць | правіць зыходнік]

Разважаючы пра Пталемееву сістэму свету, Капернік здзіўляўся яе складанасці і штучнасці і, вывучаючы творы старажытных філосафаў, асабліва Нікіты Сіракузскага і Філалая, ён прыйшоў да высновы, што не Зямля, а Сонца павінна быць нерухомым цэнтрам Сусвету. Зыходзячы з гэтага дапушчэння, Капернік вельмі проста вытлумачыў усю ўяўную заблытанасць рухаў планет, але, не ведаючы яшчэ праўдзівых шляхоў планет і лічачы іх акружнасцямі, ён быў вымушаны захаваць эпіцыклы і дэферэнты старажытных для тлумачэння нераўнамернасці рухаў.

Ствараючы сваю геліяцэнтрычную сістэму, Капернік абапіраўся на матэматычны і кінематычны апарат тэорыі Пталемея, на атрыманыя апошнім пэўныя геаметрычныя і лікавыя заканамернасці. Так, у мадэлі Пталемея ўсе планеты падначальваліся агульнаму (хоць і незразумеламу ў рамках геацэнтрызму) закону: радыус-вектар кожнай планеты ў эпіцыкле заўсёды супадаў з радыус-вектарам ЗямляСонца, а рух па эпіцыкле для верхніх планет (Марс, Юпітэр, Сатурн) і па дэферэнце для ніжніх (Меркурый, Венера) адбываўся з аднолькавым для ўсіх планет гадавым перыядам. У мадэлі Каперніка дадзены закон атрымаў простае і лагічнае тлумачэнне[22].

Галоўны і амаль адзіны твор Каперніка, плён больш чым 40-гадовай яго працы, — «Пра кручэнне нябесных сфер» (лац.: De revolutionibus orbium coelestium). Сачыненне выдадзена ў Нюрнбергу ў 1543 годзе; яно друкавалася пад наглядам найлепшага вучня Каперніка, Рэтыка.

У прадмове да кнігі Капернік піша:

Прымаючы ў меркаванне, якой недарэчнасцю павінна здацца гэта навука, я доўга не вырашаўся надрукаваць маю кнігу і думаў, ці не лепш будзе ўзяць прыклад з піфагарэйцаў і іншых, якія перадавалі сваю навуку толькі сябрам, шырачы яе толькі шляхам падання.

Нюрнбергскі тэолаг Андрэас Азіяндэр, якому Рэтык даручыў друкаванне кнігі Каперніка, з асцярожнасці забяспечыў яе ананімнай прадмовай, у якой назваў новую мадэль умоўным матэматычным прыёмам, прыдуманым для скарачэння вылічэнняў. Адзін час гэта прадмова прыпісвалася самому Каперніку, хоць той у адказ на просьбу Азіяндэра зрабіць падобную агаворку рашуча адмовіўся. Услед за прадмовай ідуць хвалебнае пісьмо кардынала Шонберга і прысвячэнне папу Паўлу III.

Па структуры галоўная праца Каперніка амаль паўтарае «Альмагест» у трохі скарочаным выглядзе (6 кніг замест 13). У першай кнізе (часткі) гаворыцца пра шарападобнасць свету і Зямлі, а замест палажэння пра нерухомасць Землі змешчана іншая аксіёма: Зямля і іншыя планеты круцяцца вакол восі і абарачаюцца вакол Сонца. Гэта канцэпцыя падрабязна аргументуецца, а «думка старажытных» пераканаўча аспрэчваецца. З геліяцэнтрычных пазіцый ён лёгка тлумачыць зваротны рух планет.

Капернік надаваў Зямлі тры кручэнні: першае — кручэнне Зямлі вакол сваёй восі з вуглавой скорасцю ω; другое (са скорасцю ω′) — вакол восі свету, якая перпендыкулярная плоскасці зямной арбіты і праходзіць праз яе цэнтр; трэцяе (з процілегла накіраванай скорасцю ω′′) — вакол восі, паралельнай восі свету і праведзенай праз цэнтр Зямлі. Два апошнія кручэнні ўтвараюць (пры дакладным супадзенні ω′ і ω′′ па велічыні) пары кручэнняў, эквівалентную паступальнаму руху Зямлі вакол Сонца па кругавой арбіце[23].

У другой частцы працы Каперніка даюцца звесткі па сферычнай трыганаметрыі і правілы вылічэння бачных палажэнняў зорак, планет і Сонца на купале неба.

У трэцяй гаворыцца пра гадавы рух Зямлі і пра так званую прэцэсію раўнадзенстваў, якая скарочвае трапічны год (ад раўнадзенства да раўнадзенства) у параўнанні з сідэрычным (вяртанне да таго ж палажэння адносна нерухомых зорак) і прыводзіць да перасоўвання лініі перасячэння экватара з экліптыкай, што змяняе экліптычную даўгату зоркі на адзін градус у стагоддзе. Гэту прэцэсію тэорыя Пталемея ў прынцыпе не магла вытлумачыць[24]. Капернік жа даў дадзенай з'яве вытанчанае кінематычнае тлумачэнне (паказаўшы сябе вельмі спрактыкаваным механікам): ён выказаў здагадку, што вуглавая скорасць ω′′ не дакладна роўная ω′, а крыху ад яе адрозніваецца; рознасць гэтых вуглавых скорасцей і выяўляецца ў прэцэсіі раўнадзенстваў[23].

У чацвёртай частцы гаварылася пра Месяц, у пятай — пра планеты наогул, а ў шостай — пра прычыны змены шырот планет. У кнізе таксама ўтрымваліся зорны каталог, ацэнка памераў Сонца і Месяца, адлегласці да іх і да планет (блізкія да праўдзівых), тэорыя зацьменняў. Трэба адмыслова адзначыць, што сістэма Каперніка (у адрозненне ад сістэмы Пталемея) давала магчымасць вызначыць адносіны радыусаў планетных арбіт. Гэты факт, а таксама і тое, што ў апісанні руху планет выкідваўся першы і самы важны эпіцыкл, рабіла сістэму Каперніка прасцейшай і больш зручнай, чым пталемееўская

Ян Матэйка. Астраном Капернік або размова з Богам (1872)

Насуперак устоянай думцы, сама кніга Каперніка «De Revolutionibus Orbium Coelestium» была фармальна забаронена інквізіцыяй толькі на 4 гады, аднак падпала пад цэнзуру. У 1616 годзе яна была занесена ў рымскі індэкс забароненых кніг з пазнакай «да выпраўлення». Патрабаваныя цэнзурныя папраўкі, якія трэба было ўнесці ўладальнікам кнігі для магчымасці далейшага выкарыстання, былі абнародаваны ў 1620 годзе. Гэтыя выпраўленні галоўным чынам адносіліся да сцвярджэнняў, з якіх вынікала, што геліяцэнтрызм з'яўляецца не проста матэматычнай мадэллю, але адлюстраваннем рэальнасці. Захавалася мноства асобнікаў першага (Нюрнберг, 1543), другога (Базель, 1566) і трэцяга (Амстэрдам, 1617) выданняў, што належалі, у прыватнасці, вядомым астраномам і іншым гістарычным асобам, у якіх уладальнікі выканалі наказ цэнзуры з рознай ступенню лаяльнасці: ад поўнага затушоўвання патрабаваных фрагментаў Каперніка і надпісання рэкамендаванага тэксту, да поўнага ігнаравання наказаў. Каля 2/3 захаваных копій з Італіі былі выпраўлены іх уладальнікамі, тым часам як пераважная большасць копій з іншых краін не выпраўлялася. Іспанскі індэкс забароненых кніг дазваляў кнігу. Цікава, што асобнікі другога і трэцяга выдання прывезлі ў Кітай езуіцкія місіянеры ў 1618 годзе ў час фармальнага дзеяння забароны. Кніга была вынята з рымскага Індэкса забароненых кніг у 1835 годзе[25].

Іншыя дасягненні ў астраноміі[правіць | правіць зыходнік]

Капернік адзін з першых выказаў думку пра сусветнае прыцягненне. У яго кнізе (частка I, раздзел IX) гаворыцца:

Я думаю, што цяжар ёсць не што іншае, як некаторае імкненне, якім Боскі Дойлід надзяліў часціцы матэрыі, каб яны злучаліся ў форме шара. Гэтай уласцівасцю, напэўна, валодаюць Сонца, Месяц і планеты; яму гэтыя свяцілы абавязаны сваёй шарападобнай формай.

Насуперак пашыранай думцы, Капернік не прадказваў, што Венера і Меркурый маюць фазы, падобныя месяцовым[26].

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Капернік звярнуў увагу на заканамернасць, вядомую як Закон Каперніка — Грэшэма (незалежна выяўлены таксама англійскім банкірам Томасам Грэшэмам). Згодна гэтаму прынцыпу, больш устойлівыя па сваім курсе грошы (напрыклад, залатыя) будуць выцясняцца з абароту, бо людзі будуць запасіць у іх зберажэнні, а ў рэальным абароце будуць браць удзел «горшыя» (напрыклад, медзяныя) грошы. Варта заўважыць, што такі эфект назіраецца толькі ў тым выпадку, калі дзяржава ўсталявала фіксаваны курс абмену золата на медзь (ці серабро). Ва ўмовах сапраўды свабоднага абмену золата на медзь (серабро) і назад ніякія грошы не з'яўляюцца «добрымі» ці «дрэннымі» і з прычыны гэтага не выцясняюцца з рынку іншымі.

Спіс твораў[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар прац:

  • N.C. Meditata XV. Augusti anno domini MDXVII., 1517,
  • Tractatus de monetis, 1519,
  • Monetae cudendae ratio, 1528,
  • De Revolutionibus Orbium Coelestium — Нюрнберг, Германія: 1543 г.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

У Ягелонскім універсітэце захоўваецца карціна Яна Матэйкі «Астраном Капернік, або размова з Богам».

У яго гонар усталявана шмат помнікаў у Польшчы і Еўропе. Сярод іх помнік, на якім высечаны словы: «Solis stator. Terra motor» («Які спыніў Сонца. Які рушыў Зямлю»). Імя Мікалая Каперніка носіць Торуньскі ўніверсітэт.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118565273 // общий нормативный контроль — 2012—2016.
  2. 2,0 2,1 Berry A. A Short History of Astronomy John Murray, 1898.
  3. 3,0 3,1 data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011.
  4. 4,0 4,1 Коперник Николай // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. гл. ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1973. — Т. 13 : Конда — Кун. — С. 124–125.
  5. 5,0 5,1 https://en.wikipedia.org/wiki/Lucas_Watzenrode
  6. http://copernicus.torun.pl/en/biography/1491-1495/2/
  7. http://www.ncbi.nlm.nih.gov/pubmed/21614776
  8. http://www.ron-turner.com/copernicus.html
  9. Математическая генеалогия — 1997.
  10. Davies, Norman (2005). God's playground. A History of Poland in Two Volumes. II. Oxford University Press. p. 20. ISBN 0199253404. 
  11. Miłosz, Czesław (1983). The history of Polish literature (2 ed.). University of California Press. p. 37. ISBN 0520044770. 
  12. Энгельгардт М. А. Николай Коперник. Глава 3.
  13. Баев К. Л. Коперник, 1935, с. 27.
  14. Энгельгардт М. А. Николай Коперник. Глава 4.
  15. Коперник. О вращениях небесных сфер, 1964, с. 553.
  16. Гл. Человек, который сдвинул Землю.
  17. Энгельгардт М. А. Николай Коперник. Глава 6.
  18. В Польше перезахоронены останки Коперника
  19. ВЗГЛЯД / Найдена могила Коперника
  20. MEMBRANA: Обнаружена могила Николая Коперника
  21. Коперник смотрел на мир голубыми глазами
  22. Еремеева, 1986, с. 267
  23. 23,0 23,1 Веселовский, 1974, с. 79—80
  24. Веселовский, 1974, с. 77—78
  25. O. Gingerich. The book nobody read. Chasing the Revolutionibus of Nicolaus Copernicus. Penguin books, 2004
  26. Edward Rosen Глава 10. // Copernicus and His Successors — Continuum, 1995. — С. 81—97. — ISBN 185285071X, 9781852850715.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Фотагалерэя[правіць | правіць зыходнік]