Даўжыня цела да 68, хваста да 57, перадплечча да 62, вуха да 26 мм, маса да 22,5 г. Поўсць на спіне шэра-дымчатая з аліўкава-карычневым адценнем, на брушку брудна-белаватая або белавата-палевая. Крылы шырокія, кароткія, тупыя.
Пашырана ў Паўночнай Афрыцы, Заходняй Еўропе на поўнач да Англіі, Швецыі; у заходніх абласцях Украіны. На Беларусі рэдкі пералётны від. У прыродзе трапляецца паасобнымі экзэмплярамі. На зімоўку адлятае ўвосень. Зімуе на захадзе Украіны, у Заходняй Еўропе і інш.
Курскоў А. Начніца вялікая//Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка/Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984.—588 с., іл.— 10 000 экз.