Пазнанне

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Пазна́нне — вышэйшая форма адлюстравання, аналізу і ўзнаўлення аб'ектыўнай рэчаіснасці ў мысленні, працэс атрымання і выпрацоўкі ведаў.

Пазнанне ахоплівае канкрэтныя сферы жыццядзейнасці людзей і ажыццяўляецца ў розных спалучэннях жывога і назапашанага вопыту, які перадаецца ад аднаго пакалення да другога. У гэтым плане адрозненне пазнання і ведаў ёсць адрозненне працэсу і выніку: у ходзе выкарыстання элементаў канкрэтных ведаў для вырашэння праблем жыцця яны пераўтвараюцца і перапрацоўваюцца чалавекам і зноў вяртаюцца ў працэс пазнання.

У сучаснай навуцы і філасофіі прызнаецца прынцыповая магчымасць пазнання рэчаіснасці, але ў розных навуковых плынях і школах па-рознаму падыходзяць да вырашэння пытання характару і працэсу пазнання, яго мэт, характэрных рыс, магчымасцей. Агульнае вучэнне аб пазнавальнай дзейнасці дае філасофская тэорыя пазнання — гнасеалогія. Спецыфічныя праблемы і бакі працэсу пазнання даследуюцца гісторыяй навукі, навуказнаўствам, кагнетыўнай псіхалогіяй, сацыялогіяй навукі і інш.

Аб'ект і задачы пазнання[правіць | правіць зыходнік]

Аб'ектам пазнання з'яўляецца частка матэрыяльнага свету або духоўнай сферы (аб'ектыўная рэч, прырода, грамадства, свядомасць), а яго суб'ектам выступаюць асобныя індывіды, групы людзей, грамадства, усё чалавецтва. 3 развіццём грамадства павялічваецца «культурны багаж» суб'екта пазнання, узбагачаюцца і мадыфікуюцца сродкі яго дзейнасці, адбываецца ўсё больш глыбокае пранікненне ў скрытыя сутнасці рэчаў і з'яў. Гэта аб'ектыўна спрыяе вырашэнню адной з галоўных задач пазнання — дасягненне ісціны. На ролю ісціны могуць прэтэндаваць толькі тыя веды, якія прайшлі праверку практыкай.

Узроўні пазнання[правіць | правіць зыходнік]

У пазнанні вылучаюць 2 узроўні: пачуццёвы і рацыянальны.

Пачуццёвае пазнанне ажыццяўляецца ў трох асноўных формах: адчуванне, успрыманне і ўяўленне. У пачуццёвых вобразах фіксуецца пераважна знешні бок прадметаў і з'яў рэальнага свету, таму яны так або інакш падобны з ім, у чымсьці аналагічныя яму. Аднак гэта адноснае падабенства, бо пачуццёвае адлюстраванне свету індывідуальнае: кожны чалавек бачыць і ацэньвае рэч не так, як яе ўспрымае другі чалавек.

Рацыянальнае пазнанне мае больш абстрактны характар і дазваляе выявіць агульныя, істотныя сувязі з'яў і прадметаў. Яно ажыццяўляецца і функцыянуе з выкарыстаннем трох асноўных форм — паняцця, суджэння і розумазаключэння, якія з'яўляюцца неабходнымі і дастатковымі для ажыццяўлення складаных аперацый лагічнага мыслення і дазваляюць у пазнанні рухацца ад з'явы да сутнасці, ад непасрэднага да апасродкаванага, ад адзінкавага да агульнага, ад выпадковага да заканамернага і ўсеагульнага. Узаемасувязь пачуццёвага і рацыянальнага пазнання заснавана на ўзаемадзеянні першай і другой сігнальных сістэм, адбываецца ў псіхіцы чалавека, якая ў гэтай якасці ўяўляе сабой духоўную творчасць.

Віды пазнавальнага працэсу[правіць | правіць зыходнік]

Вылучаюць таксама асноўныя віды пазнавальнага працэсу: звычайнае, міфалагічнае, містычнае і навуковае пазнанне; часам ла іх дадаюць містычны і экстрасэнсорны віды пазнання.

Звычайнае пазнанне (жыцейскае, штодзённае) — першасная пачатковая форма пазнавальнай дзейнасці суб'екта, якая служыць яго прыстасаванню да рэальных умоў жыцця і выступае неабходнай перадумовай авалодвання ім іншымі спецыялізаванымі відамі ведаў.

Навуковае пазнанне арыентавана на адкрыццё законаў і з'яў, невядомых практыцы да гэтага часу, недаступных звычайнаму пазнанню. Яно, у сваю чаргу, ажыццяўляецца на двух узроўнях: змпірычнае пазнанне, якое дае звесткі пра знешнія бакі і сувязі аб'екта, і тэарэтычнае пазнанне, якое раскрывае ўнутраныя, скрытыя ад назірання сувязі і законы. Асноўнымі метадамі эмпірычнага пазнання выступаюць назіранне, эксперымент, аналіз, індукцыя, сінтэз і інш., тэарэтычнага пазнання — гіпатэтыка-дэдукцыйны метад, ідэалізацыя, мадэліраванне, пабудаванне навук. тэорыі.

Традыцыйныя сродкі і метады пазнання, заснаваныя на аб'ектна-суб'ектных адносінах, адрозніваюцца ад яго тлумачэння на аснове суб'ектыўна-суб'ектных адносін, дзе галоўным пазнавальным сродкам лічаць эмацыянальна-пачуццёвыя і эмацыянальна-валявыя фактары любові і веры. Любоў, з гэтага пункту погляду, сцвярджае каштоўнасць таго, на каго накіравана гэта пачуццё, а найбольш адэкватна яна раскрываецца ў веры, якая папярэднічае ведам і дазваляе чалавеку рухацца наперад у сферы пазнання невядомага.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]