Партал:Гродна/Выдатны артыкул/Студзень

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Касцё́л Дабраве́шчання Найсвяце́йшай Дзе́вы Мары́і і кля́штар брыгі́так, або Касцё́л Звестава́ння Найсвяце́йшай Дзе́вы Мары́і і кля́штар брыгі́так — помнік архітэктуры ранняга барока (так званага любельскага тыпу рэнесанснага касцёла) з элементамі готыкі і рэнесансу, пабудаваны ў 1634—1642 гадах на вуліцы Язерскай (пазней вул. Скідзельская, Купецкая, Брыгіцкая), забудова якой на той час была драўлянай.

Ансамбль з’яўляецца адной з дамінант горада. Размешчаны ў гістарычным цэнтры Гродна па адрасе вуліца Карла Маркса, 27. Ансамбль былога кляштара брыгітак уключае касцёл, жылы корпус, драўляны лямус і каменную агароджу з брамай. Ансамбль з’яўляецца помнікам архітэктуры другой катэгорыі.

У архітэктурных дэталях брыгіцкага касцёла і кляштара відаць прыкметнае адхіленне ад класічных барочных форм. Гэта праявілася ў досыць вольнай трактоўцы капітэлей пілястраў карынфскага ордара, у дэкаратыўным аздабленні парталаў і асабліва — у архітэктурных матывах брам, якія толькі аддалена нагадваюць формы заходнееўрапейскай архітэктуры. У іх невядомы беларускі майстар, атрымаўшы пэўную свабоду ад фундатара, праявіў сваё самабытнае выяўленчае дараванне.

На думку даследчыкаў, касцёл брыгітак з’яўляецца адным з самых ранніх аўтэнтычных узораў барочнага двухвежавага фасада ў сакральным дойлідстве Беларусі, а спалучэнне ў ім рэнесансных і барочных рыс надае яму асаблівую пераканаўчасць і адметнасць.

У двары комплексу захаваўся ўнікальны, самы старажытны ў Беларусі, драўляны будынак — лямус. У архітэктуры і канструкцыях гэтай пабудовы знайшлі сваё адлюстраванне традыцыі беларускага народнага дойлідства.

Кляштар — вельмі цікавы помнік архітэктуры, бо захаваўся да нашых дзён амаль без перабудоў.

(далей…)