Партрэт Альжбеты Кішкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
невядома
Партрэт Альжбеты Кішкі. 1733–1737
Матэрыял Палатно, алей
Тэхніка алейны жывапіс
Памеры 108 × 72 см
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск
(інв. ЗЖ-112)

Партрэт Альжбеты з Радзівілаў[1] — карціна са збораў Нясвіжскага замка, напісаная ў 1733—1737 гадах невядомым мастаком. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь[2][3] (інв. ЗЖ 112. НММ РБ). Памер карціны — 108 × 72 см[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Партрэт Альжбеты Кішка з Радзівілаў другі справа ад печы ў Вялікай зале Нясвіжскага замка. 1918—1928

Партрэт Альжбеты з Радзівілаў адносіцца да серыі партрэтаў ў лаўровым вянку. Для іх характэрны авал з лаўровага вянка, арол, які трымае герб дома Радзівілаў, і скрутак з надпісам. Партрэты з гэтай серыі ствараліся ў розны час[3]. Да 1939 г. у калекцыі князёў Радзівілаў у Нясвіжы (№ 62, на партрэце № 92 у інвентар 1834 г., № 84 у інвентары 1857 г., № 84 у інвентары 1883 г., № 93 у інвентары 1928 г., № 35 у вопісе 1939 г.). Захоўваўся ў Вялікай сталовай зале (былой Гетманскай) у паўднёвай галерэі[2].

Пасля 1939 г. трапіў у Мінск[2]. Да 1941 года ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР[3]. У 1944 г. вывезены ў Германію. Вернуты ў Мінск з Берліна ў 1947 г[2]. З 1948 года ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у 1948—1968 гадах у Дзяржаўным музеі БССР[3].

Рэстаўрыраваны ў Дзяржаўным Рускім музеі А. Б. Брындаравым у 1967—1969 гадах у Ленінградзе[3].

Цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (Мінск)[3].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Адлюстроўвае Альжбету з Радзівілаў, дачку Мікалая Крыштафа «Сіроткі».

На гэтым партрэце Альжбета прадстаўлена ў форме паўпостаці ў сукенцы-кшталціку вішнёвага колеру з прылягаючым да фігуры станікам і валікамі на плячах, якія аздоблены нашытымі каштоўнымі камянямі. Да станіка хутчэй за ўсё прымацаваны з’ёмныя падбітыя рукавы ласасёвага колеру з балотнай парчы з белымі манжэтамі[4]. Шыя закрыта белай палатнянай фрэзай  (руск.). На зачасаныя ўверх прыпудраныя валасы надзеты маленькі чорны капялюшык-ток, аблямаваны каштоўнымі камянямі, да якога прышпілена ружовае пяро. Грудзі ўпрыгожаны залатым ланцугом з кулонам з вялікай жамчужынай і калье з каштоўных камянёў. У левай руцэ замест хустачкі жанчына трымае галінку з кветкамі[4].

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Другім мужам Альжбеты з Радзівілаў гравюра з партрэтнай галерэі Радзівілаў называе ваяводу віцебскага Крыштафа Кішку, але гэты факт, хоць і шырока растыражаваны ў літаратуры, не знаходзіць пацверджання ні ў біяграфіі К. Кішкі, ні ў логіцы падзей. Габрыэль Тэнчынскі памёр у 1617 годзе, а праз год памерла і сама Альжбета. Малаверагодна, што яна магла ажаніцца хоць з кім у такім хуткім часе. Да таго ж Рэгіна Галоўчынская, першая жонка Крыштафа Кішкі, памерла толькі ў 1640 годзе. Аднак гэтая гістарыяграфічная недарэчнасць адлюстравалася ў назве партрэта і замацавалася ў такім выглядзе ў мастацтвазнаўчай літаратуры.

Выстаўкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна. Мінск. 1982
  • Партрэты з Нясвіжа і Гродна. Каўнас. Яраслаўль. 1983
  • Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у БССР. Мінск. 1985
  • Старажытнае мастацтва Беларусі XVII—XVIII стст. Сарагоса. 1988
  • Партрэты знакамітых постацяў даўняй Рэчы Паспалітай у мінскіх зборах. Кракаў. 1991
  • Мастацтва барока ў Беларусі. Мінск. 1991

Зноскі

  1. Icones. 1758. Tabl. 93; Opisanie armat… 1857. № 84. L. 11.
  2. а б в г д Лёс фамільных скарбаў магнацкіх родаў Беларусі : зборнік матэрыялаў Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Лёс фамільных скарбаў магнацкіх родаў Беларусі» (Нясвіж, 10 лістапада 2020 г.) і Міжнароднага навуковага семінара «Крыпта князёў Радзівілаў у Нясвіжы: гісторыя, сучасны стан, даследаванні, перспектывы выкарыстання» (Нясвіж, 4 кастрычніка 2019 г.)/ уклад. У. У. Караленак, С. М. Клімаў. — Нясвіж : Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», 2020. 380 с. [16] л. іл.: іл. ISBN 978-985-904-826-5.
  3. а б в г д е Высоцкая Н. Ф. Жывапіс барока Беларусі. — 2003. — С. 98-99. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-11-0253-9.
  4. а б Бялявіна, В. М. Беларускі касцюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст. / Уступ. арт. Н. Ф. Высоцкай, склад. Н. Ф. Высоцкая, Т. А. Карповіч. Мн.: Беларусь, 1980.
  • Карпович Т. А. Портреты из Несвижа и Гродно в собрании Государрственного Художественного Музея БССР // Музей. М., 1980. № 22
  • Карповіч Т. А. Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна. Каталог. Мн., 1981. С. 1-112. № 25
  • Portrety osobistości dawnej Rzeczypospolitej w zbiorach mińskich = Портрэты знакамітых постацяў даўняй Рэчы Паспалітaй у мінскіх зборах : katalog wystawy / Państwowe Zbiory Sztuki na Wawelu [etc.]; [katalog wystawy opracowali] Jerzy T. Petrus  (руск.), Taisija A. Karpowicz; wstęp: Jerzy T. Petrus; redaktor katalogu: Joanna Winiewicz
  • Хадыка А. Ю., Хадыка Ю. В. — Непаўторныя рысы. З гісторыі беларускага партрэта. Навукова-папулярнае выданне. Мн. 1992. С. 1-145.