Паўлаўская рэспубліка
Паўлаўская рэспубліка (Паўлаўская Рэч Паспалітая, польск.: Rzeczpospolita Pawłowska) - маёнтак Паўлава ў Віленскім павеце Рэчы Паспалітай, у якім у другой палове XVIII стагоддзя былі праведзены кардынальныя сацыяльна-эканамічныя рэформы, у выніку чаго ў ім было сфарміравана мясцовае самакіраванне.
Уклад
[правіць | правіць зыходнік]У 1767 годзе Павел Ксаверый Бжастоўскі набыў маёнтак Мерач (цяпер Меркіне ў Літве), якое ў гонар сябе назваў Паўлава. Новы ўладальнік быў прыхільнікам ідэй Асветы, правёў шырокія рэформы, накіраваныя на паляпшэнне жыцця сялян. У 1769 годзе з іх згоды Бжастоўскі выдаў Статут, згодна з якім сялянам давалася асабістая свабода і права пакінуць маёнтак пры ўмове выплаты даўгоў і знаходжання сабе замены. Сяляне былі падзеленыя на чатыры катэгорыі: пяняжнікі, баяры, цяглыя і яктнікі. Першыя тры атрымалі буйныя гаспадаркі, за якія неслі адпаведна грашовую, грашова-адпрацоўчую і адпрацовачную павіннасці. У 1786 годзе практычна ўся фальваркавая (панская) зямля была падзелена паміж сялянамі, пры гэтым адпрацовачная павіннасць была заменена грашовай (чыншам). У выніку перадзелу зямлі была ліквідаваная цераспалосіца. Сяляне атрымалі права бязвыплатна карыстацца Мерачскай пушчай, распараджацца ўласнай маёмасцю (у тым ліку часткова зямлёй), а таксама займацца рамяством і гандлем[1].
У маёнтку быў створаны інстытут мясцовага самакіравання па прыкладзе двухпалатнага парламента. Верхняя палата складалася з прызначаных Бжастоўскім губернатара, намесніка (пісара), цівуна і арандатараў, а таксама выбарных прадстаўнікоў ад сялян: цэнзара, бурмістра, двух лаўнікаў, двух ляснічых, двух мастаўнічых і дзясятнікаў. Пасля ліквідацыі фальварка прызначаныя уладальнікам асобы страцілі значэнне і былі выведзеныя са складу палаты, у якой па стане на 1791 засядалі цэнзар, падцэнзар, чатыры стражнікі, бурмістр, чатыры дзясятнікі (войты), паддзясятнікі, два мастаўніка (будаўніка) і чатыры ляснічых. Для пасяджэнняў верхняй палаты быў спецыяльна пабудаваны дом.
Ніжняя палата, пасяджэнні якой праходзілі пад старшынствам губернатара і асобна ад верхняй, складалася з усіх самастойных гаспадароў надзелаў маёнтка. У 1791 годзе Бжастоўскі замяніў «парламент» на камісію з 12 чыноўнікаў і 8 прызначаных ім кожныя 4 гады «дэпутатаў» ад сялян[1].
Статут 1769 для разгляду цяжбаў паміж сялянамі ўводзіў суд у складзе губернатара, пісара, цівуна і двух абраных сялянамі лаўнікаў. Таксама была заснавана каса, якая крэдытавала сялян грашыма, збожжам і рабочым скатом. У 1788 годзе было выдзелена 30 тысяч злотых на утрыманне пастаяннага фельчара і аптэкі. У 1791 годзе суд быў ператвораны ў штотыднёвы, які складаўся з абраных лаўнікаў. Апеляцыі на яго рашэнні падаваліся ў другі суд з трох гаспадароў надзелаў. За свой кошт Бжастоўскі аплачваў працу двух настаўнікаў для дзяцей і дарослых, а пазней адкрыў школу, у якой выкладалася чытанне, пісьмо, арыфметыка, рэлігія, геаграфія краю, асновы сельскай гаспадаркі. Вучылі таксама спевам і давалі некаторыя практычныя ўрокі, у тым ліку хатняга рамяства. Навучанне асновам сельскагаспадарчай навукі з часам было пашырана. У 1770 годзе Бжастоўскі выдаў падручнік «Пра земляробства для выгады гаспадароў, якія пражываюць у Паўлава», які стаў першым падручнікам па сельскай гаспадарцы ў Рэчы Паспалітай, а таксама падручнік для сялян пра хваробы і лекі[1].
З сялян мужчынскага полу было арганізавана войска (міліцыя), якое мелася на ўвазе выкарыстоўваць для абароны дзяржавы. Войска было забяспечана мундзірамі і зброяй аднаго калібра, якія захоўваліся ў дамах сялян. Паўлаўскае войска прыняло ўдзел у паўстанні Касцюшкі, у чэрвені 1794 года яго інспектаваў і высока ацаніў Якуб Ясінскі. 3 і 24 красавіка Паўлава штурмавалі расійскія войскі, у канцы месяца яны захапілі маёнтак. У канцы 1794 Бжастоўскі быў вымушаны эміграваць і прадаць Паўлава Ф. Машынскаму на ўмове захавання яго статусу. У далейшым маёнтак перайшоў у рукі іншых уладальнікаў, істотна павысіўшых павіннасці і скараціўшых правы сялян, аднак Паўлава яшчэ доўгі час прытрымлівалася асноўных палажэнняў Статута[1].
Рэформы садзейнічалі развіццю капіталістычных адносін і росту якасці жыцця сялян. Большасць памешчыкаў Рэчы Паспалітай сустрэлі іх варожа, а прагрэсіўна настроеныя кругі прыводзілі ў прыклад. Асобныя палажэнні Статута Паўлава мелі паралелі і ў маёнтках іншых памешчыкаў (напрыклад, у маёнтку Храптовіча Шчорсы), аднак у цэлым становішча "Паўлаўскай рэспублікі» было унікальным[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д Пазднякоў В. Паўлаўская рэспубліка // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя у 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 410—411. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Brzostowski P. K. Pawłów od r. 1767 do r. 1795 od jednego domowego przyjaciela opisany. — Wiln-Warszawa, 1811.
- Ustawy stosujące się do dobrego porządku i powinności osiadłych ludzi w dobrach Pawłowie czyli Mereczu. — Wilno, 1771, 1791 (II wyd.).
- Кітурка І. Ф. Асветніцтва і аграрныя рэформы ў Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове XVIII ст.(недаступная спасылка) // Arche. — 2011. — № 6. — С.203—230.
- Bartyś J. Rzeczpospolita Pawłowska na tle reform włościańskich w Polsce w XVIII wieku. — Warszawa: Iskry, 1982. — ISBN 83-207-0412-X.
- Obst J. Rzeczpospolita Pawłowska // Litwa i Ruś. — 1913. — Z. III. — S. 129—145.
- Rostworowski E. Reforma pawłowska Pawła Ksawerego Brzostowskiego // Przegląd Historyczny. — No. 1—2. — 1953.
- Хопен Ежы. Рэспубліка ў Паўлаве // Наша слова.pdf № 4 (108), 24 студзеня 2024.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Hanna Widacka. Rzeczpospolita Pawłowska Архівавана 21 лістапада 2016. // Muzeum Pałac w Wilanowie. (польск.)