Перайсці да зместу

Пентаметр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пента́метр — вершаваны памер антычнай (метрычнай) сістэмы вершаскладання, які ўяўляе сабой два дактылічныя паўрадкоўі, аддзеленыя адно ад другога цэзурай. Кожнае паўрадкоўе змяшчае два дактылі і адзін доўгі склад. Паколькі час вымаўлення двух доўгіх складоў займае чатыры моры, г. зн. столькі, колькі і асобная стапа дактыля, то ў пентаметры было па сутнасці пяць дактыляў (адсюль і назва). У першай палове радка, напісанага пентаметрам, дапускалася замена дактыляў спандэямі.

Пентаметр ужываўся толькі ў чаргаванні з гекзаметрам, утвараючы элегічны двуверш. Назву і структуру гэтага памеру пазней пераняла сілаба-танічная сістэма вершаскладання. Тут пентаметр — шасцістопны дактыль з цэзурай пасля трэцяй стапы, у якім на два склады ўсечаны трэцяя і шостая стопы. Выкарыстоўваецца ён, як і ў антычным вершы, звычайна разам з гекзаметрам (у элегічным двувершы).