Ліцвіны
Ліцві́ны[1], або літві́ны[2] (стар.-бел. литва, литвины) — палітонім жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў XV—XVIII стст.
Цяпер этнонім літвіны часам ужываецца для абазначэння беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны[3] (гл. літвіны Севершчыны).
Гістарычныя згадкі
[правіць | правіць зыходнік]Найстаражытнейшым вядомым цяпер кірылічным тэкстам з ужываннем назвы «літвін» ёсць датаваная 1370-1380-мі гадамі берасцяная грамата № 283 з Вялікага Ноўгарада, дзе згаданы «Василко литвинъ»[4].
Назва «литвин» ужываецца ў пазнейшых вялікалітоўскіх і рускіх летапісах: «Лува Литовникъ» або «Лува Литвинъ»[5], у пазнейшых спісах «съ Лукою съ Литвиномъ» (Сафійскі першы летапіс, пачатак XV ст.[6][7]) — да літоўскага баярына пры двары князя Даўмонта пад 1266 годам; «сий Андрей бяше родом литвин» — да сына літоўскага князя Гердзеня пад 1289 годам[8]; «литвин родом» у Жыціі Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагоддзя[9]; «два Литвина большие» — да двух праваслаўных літоўцаў, баяр караля Ягайлы пад 1387 годам[10]; «Андрей литвин» — да продка Неміровічаў пад 1406 годам[11].
Таксама з XIII ст. вядомы ў крыніцах ВКЛ лацінскія формы: Litwinos, rex Litwinorum — у грамаце Міндоўга 1261 года[12], Lethvinorvm — на пячатцы Гедыміна 1323 года[13]; з суседніх Літве краін: Letwinis — у акце судовага працэсу Тэўтонскага ордэна з Казімірам Куяўскім 1259 года[14][15], Littwini — у лісце лівонскіх біскупаў 1277 года[16] і інш.

У крыніцах заходнерускай мовы азначэнне «літвін» найраней вядома з перакладу ярлыка 1393 года[17][18] ад ардынскага цара Тактамыша да караля Ягайлы («Вы пак послали есте к нам посла вашего литвина на имя Невойста»).
У крыніцах ВКЛ назва «літвін» як азначэнне ўсяго насельніцтва Княства вядома ў дамоўных граматах вялікага князя Казіміра з Псковам і Ноўгарадам (1440 і 1480): «А мне великому князю Казимиру блюсти Псковитина как и своего Литвина; також и Псковичом блюсти Литвина, как и Псковитина…»; у дамове 1480 года выраз «нашого Литвина» адпавядае выразам «нашы купцы», «люди нашы» і абымае як жыхароў Вільні, так і жыхароў Полацка[19].
Паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 года, «родічамі старожытнымі і врожонцамі» ВКЛ былі літвіны і русіны: «…то все мы и потомки наши Великіе Князи Литовскіе давати будуть повинни только Литве а Руси, родичомъ старожитнымъ и врожонцамъ Великаго Князства Литовского (…). Але на достоенства и всякій врядъ духовный и свецкій не маеть быти обиранъ, ани отъ насъ Господаря ставленъ, толко здавна продковъ своихъ уроженецъ Великого Князства Литовского Литвинъ и Русинъ».

У вялікалітоўскім акце Люблінскай уніі 1569 года[20] «літоўскім народам» названа агулам насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Таксама і ў акце «Каэквацыі літоўскіх станаў» 1697 года (вядомым як акт Каэквацыі «літоўскага народа»)[21].
Назва «літва», «літвіны», таксама «літоўскі народ», як агульная назва ўсяго насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага ўжывалася ў дзяржаўных актах, наратыўных і мемуарных крыніцах, напрыклад:
- у земскім прывілеі Кіеўскай зямлі 1507 г.: «А Кіяніна, как і Літвіна, во чті держаті і во всех врадех ні в чом не понізіті»[22].
- у пастановах Гарадзенскага сойму 1567 года: «Теж уфаляем, абы панове воеводове, старостове, державцы, тівунове, Літва і Полякове, всі особамі своімі на войну ехалі с почты…»[23].
- Інструкцыя сойміка Наваградскага павета 1587 г. патрабавала, каб «в тых добрах королевских, (…) Абы там єкономы были, с тым докладом, абы был єкономєм литвин, а не полıaк»[24].
- у дзённіку Фёдара Еўлашоўскага 1603 года: «Маршалковал межы посламі наш літвін, князь Лукаш Болько Свірскій»[25].
- У вядомым творы «Прамова Мялешкі» (пасля 1622): «…прыймі ж к нему двох літвінов на страж»; таксама ўжыты выраз «Літву і Русь нашу»[26].
- у статуце менскага цэха рымараў 1634 года («…aby towarzyszów polakow i litwę do roboty y warstatów swych przymowali…»)[27].
- клопат пра «наш народ Літоўскі» часта выступае ў соймікавых інструкцыях розных паветаў ВКЛ у 1630-х — 1640-х гадах, калі на вялікіх соймах адбываліся спрэчкі з палякамі за размеркаванне пасад[28].
- у 1703 годзе вялікі гетман літоўскі Міхал Карыбут-Вішнявецкі, польны гетман літоўскі Рыгор Агінскі, маршалак вялікі літоўскі Марцыян Валовіч і падскарбі вялікі літоўскі Людвік Пацей на перамовах з Масковіяй зазначалі, што прадстаўляюць «народ наш Літоўскі агулам»[29].
- У 1792 г. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ, якая згуртавалася вакол канцлера вялікага літоўскага Аляксандра Сапегі з намерам выступіць супраць новай канстытуцыі, у сваёй адозве адзначыла, што канцлер Сапега быў закліканы ўсімі літоўскімі грамадзянамі «да стырна літоўскага народу», каб аднавіць «старыя правы»[30]. Акты гэтае канфедэрацыі, засведчаны гетманам польным літоўскім Сымонам Касакоўскім, лоўчым вялікім літоўскім Ёзэфам Забелам і ротмістрам браслаўскага павета Ёзэфам Шышлам, прамаўляюць ад імя «літоўскага народу» або «цэлага народу літоўскага»[31].
Жыхароў усходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага (Белай Русі) маскоўскія крыніцы называлі літвінамі і адначасова беларусцамі. Напрыклад, у маскоўскім дакуменце XVII ст.: «Приехал ис Полотцка ко Пскову торговой литвин Спиридонка; родом он литвин, белорусец Мстиславского повету».

У XIX — пачатку XX стст. абшары бытавання назвы «літвіны» звузіліся. У XX ст. ужываўся як польскі экзаэтнонім для літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невялікіх груп беларускага насельніцтва (у раёне Бярозы, Івацэвіч, Косава, Пружан, Навагрудка, Воранава, Гродна, Паставаў, Браслава і інш.), некаторых раёнаў беларуска-ўкраінскага Палесся (раёны Століна, Ракітнага, Кастопаля, Сарнаў, Оўруча) і беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны. У пагранічных з Беларуссю раёнах Расіі назва «літвіны» бытавала да сярэдзіны XX ст.
Даследаванні
[правіць | правіць зыходнік]Пра «літвінаў» як славянамоўны народ Вялікага Княства Літоўскага (то бок, продках беларусаў) пісаў шэраг беларускіх гісторыкаў:
- беларускі гісторык на эміграцыі Павел Урбан у шэрагу прац[32][33][34] на грунце многіх першакрыніц паказаў славянамоўнасць літвінаў 14-16 стагоддзяў і падкрэсліваў бытаванне назваў «літва», «літвіны» ў той час як агульнанацыянальнага для ўсяго насельніцтва ВКЛ.
- знаўца права ВКЛ Язэп Юхо лічыў ВКЛ беларускай нацыянальнай дзяржавай; у 1968 г. у часопісе «Полымя» Язэп Юхо пісаў: «У афіцыйных дакументах XVI—XVIII стагоддзяў, апроч „Літвы“, для ўсёй тэрыторыі Беларусі другога наймення наогул не існавала, і ўвесь народ называлі Літвою. У нашай жа гістарычнай літаратуры да цяперашняга часу ігнаруюць гэтае найменне народу, якое ён насіў больш чым 500 гадоў»[35].
- беларускі этнограф Ігар Чаквін адзначаў назву «літвіны» як адну з асноўных этнічных назваў старажытных беларусаў, якая ў XVI—XVIII стагоддзях была найбольш абагульняльнай этнанімічнай формай самасвядомасці беларускага («літоўскага») народу і адлюстроўвала найбольш шырокі ўзровень яго нацыянальнае кансалідацыі[36][37].
- гісторык Вячаслаў Насевіч у 1993 г. пісаў аб «субэтнасе ліцвінаў», які існаваў ужо ў 13-ым стагоддзі ў ядры ВКЛ — гістарычнай уласна Літве — ды адыграў выключную ролю ў этнагенезе беларусаў[38].
- Алесь Краўцэвіч у сваёй манаграфіі (1998 г.) па ранняй гісторыі Вялікага Княства Літоўскага адзначыў, што сённяшні сэнс назвы «літоўцы» (як балцкага этнасу) склаўся толькі ў пачатку 20-га стагоддзя, а да гэтага часу «…ліцвінамі называлі жыхароў гістарычнай Літвы, якая складалася як з усходнеславянскіх, так і балцкіх земляў, менавіта Гарадзеншчыны, Наваградчыны, Віленшчыны і заходняй часткі Міншчыны»; «Ліцвіны — гістарычная назва жыхароў цэнтральнай вобласці ВКЛ, а таксама ўсіх насельнікаў дзяржавы незалежна ад іх этнічнага паходжання»[39].
- гісторык Віталь Галубовіч у сваёй публікацыі (2022) звярнуў увагу на абарону соймікамі розных паветаў ВКЛ пажытку «нашага народу літоўскага» ў 1630-х — 1640-х гадах[40].
Сучасныя ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]На думку беларускага этнолага Ігара Чаквіна, у беларуска-літоўскіх летапісах і іншых дакументах XV—XVI стст. назва «літвіны» звязвалася ў этнагенетычным аспекце з легендарнымі рымскімі перасяленцамі на чале з князем Палемонам, тэрытарыяльна — з землямі першапачатковай лакалізацыі тапоніма «Літва» — на захад ад Мінска ў міжрэччы Нёмана і Віліі, дзе існавала змешанае балта-славянскае насельніцтва (гл. Літва, зямля). У канфесіянальным аспекце звязвалася як з каталіцтвам, так і з «рускай» верай (яскравы прыклад — Францыск Скарына, які называў сябе і літвінам у этнічным сэнсе, так і русінам у сэнсе канфесійным).[41][42]
Беларускія гісторыкі Георгій Галенчанка і Ігар Марзалюк аспрэчваюць меркаванне, што ў XIV—XVII стст. заходнія беларусы карысталіся вызначэннем «літва»/«літвіны» («литвины») як эндаэтнонімам. На думку гэтых даследчыкаў, беларускае насельніцтва Верхняга Панямоння ўжывала толькі назву «рускі» («русін», «русь») як агульны эндаэтнонім для ўсіх частак старабеларускага этнасу, а сам тэрмін «рускі» («русін», «русь») паралельна звязваўся з праваслаўным насельніцтва (а пасля і з уніяцтвам)[43].
Беларускі гісторык Аляксандр Груша сцвярджае, што «літвіны» («литвины») у часы Вялікага Княства Літоўскага як этнонім адносіўся да літоўцаў[44][45], а адносна беларусаў як этнонім ужываліся «рускія»/«русь»/«русіны» («русины»)[46][45].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Напісанне паводле Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі 2008 года.
- ↑ БелЭн 1999.
- ↑ ЭнцВКЛ 2010, Т. 3, с. 306.
- ↑ Зализняк А. А. Древненовгородский диалект. — Москва, 2004. — С. 617.
- ↑ Шаланда 2003.
- ↑ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 192.
- ↑ Лурье Я. С. Общерусские летописи XIV—XV вв. / АН СССР, Ин-т рус. литературы (Пушкинский дом). — Л., 1976. — С. 77.
- ↑ Троицкая летопись. Реконструкция текста. / изд. М. Д. Присёлков. Москва-Ленинград, 1950. — С. 344—345.
- ↑ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — Москва, 2009. с. 199—201.
- ↑ ПСРЛ, т. 6, вып. 1. Москва, 2000. стб. 489.
- ↑ Хроника Литовская и Жемойтская // ПСРЛ. — Т. 32. — С. 78.
- ↑ Жлутка А. Міндаў, кароль Літовіі. Менск, 2005. ч. І, № 10b, с. 43.
- ↑ Gumowski M. Pieczęcie Ksiązat Litewskich // Ateneum Wileńskie. Zesz. 3—4, 1930. S. 696.
- ↑ Prochaska A. Dwa objaśnienia do dziejów Litwy. // Kwartalnik Historyczny. R. 20, 1906. s. 60.
- ↑ Paszkiewicz H. Z życia politycznego Mazowsza w XIII wieku (Rządy Ziemowita Konradowicza). Warszawa, 1935. s. 22-23.
- ↑ Liv-, Est-, und Curländisches Urkundenbuch, nebst Regesten. / ed. F.G. Bunge. — Bd. I. Reval, 1853. № 452, S. 566.
- ↑ Полехов С. В. Ярлык хана Токтамыша польскому королю Владиславу II Ягайлу 1393 года. Проблема происхождения древнерусского текста // Золотоордынское обозрение. — 2021. — В. 2. — Т. 9. — С. 314–335. — ISSN 2308-152X. — DOI:10.22378/2313-6197.2021-9-2.314-335
- ↑ Карский Е. Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам. Москва, 1962. с. 443.
- ↑ Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. І. СПб., 1846. № 38, 39, 73.
- ↑ Akta unji Polski z Litwą 1385—1791. Kraków, 1932. № 149. s. 355—356.
- ↑ Volumina Legum. T. 5. — Petersburg, 1860. P. 420—421.
- ↑ Акты, относящиеся к истории Западной России. т. ІІ. Санкт-Петербург, 1848. № 30, с. 34.
- ↑ Литовская метрика. Ч. 3, т. 1. — Юрьев, 1914. стб. 425.
- ↑ Радаман А. Інструкцыя Новагародскага cойміка паслам на элекцыйны сойм 1587 г. // Беларускі гістарычны агляд. Т. 10, Сш. 1-2, 2003.
- ↑ Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. / укл. А. Ф. Коршунаў. Мінск, 1959. с. 230.
- ↑ Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. / укл. А. Ф. Коршунаў. Мінск, 1959. с. 358, 360.
- ↑ Беларускі архіў. Т. 3. — Менск, 1930. № 94. с. 143.
- ↑ Галубовіч В. Палітычныя інтарэсы «літоўскага народа» на соймах Рэчы Паспалітай (паводле інструкцый шляхты беларускіх зямель Вялікага Княства Літоўскага 1630-1640-х гг.) // Актуальныя праблемы гісторыі і культуры. вып. 3. Мінск, 2022.
- ↑ Письма и бумаги императора Петра Великого. Т. 2. — СПб., 1889. с. 302.
- ↑ Шмигельските-Стукене Р. Канцлер Александр Михал Сапега — маршалок Генеральной конфедерации Великого Княжества Литовского (1792—1793 гг.) // Сапегі: асобы, кар’еры, маёнткі. Мінск, 2018. с. 129.
- ↑ Акты, издаваемые Виленскою археографическою коммиссиею. Т. 9. Вильна, 1878. № 184, 187, 188.
- ↑ Урбан П. Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва» // Запісы. № 3 (9). Мюнхэн, 1964.
- ↑ Урбан П. Да пытаньня этнічнай прыналежнасьці старажытных ліцьвіноў. Мінск, 1994.
- ↑ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. Мінск, 2003.
- ↑ Юхо Я. Пра назву «Беларусь» // Полымя. № 1, 1968. с. 175—182.
- ↑ Чаквін І. Формы этнічнага і нацыянальнага самавызначэння беларускага насельніцтва XIV—XVIII ст. (да праблемы станаўлення нацыянальнай самасвядомасці беларусаў) // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мінск, 3—5 лютага 1993 года. Ч. I. — Мінск, 1993. с. 48—49.
- ↑ Чаквин И. В. Избранное: теоретические и историографические статьи по этногенезу, этническим и этнокультурным процессам, конфессиональной истории белорусов. — Минск: Беларуская навука, 2014. с. 172, 176.
- ↑ Насевіч В. Да пытання пра саманазву беларусаў у перыяд ВКЛ // Беларусіка — Albaruthenica. Кн. 2: Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Мінск, 1993.
- ↑ Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Беласток, 2008. с. 10.
- ↑ Галубовіч В. Палітычныя інтарэсы «літоўскага народа» на соймах Рэчы Паспалітай (паводле інструкцый шляхты беларускіх зямель Вялікага Княства Літоўскага 1630-1640-х гг.) // Актуальныя праблемы гісторыі і культуры. вып. 3. Мінск, 2022.
- ↑ Чаквін І. Формы этнічнага і нацыянальнага самавызначэння беларускага насельніцтва XIV—XVIII ст. (да праблемы станаўлення нацыянальнай самасвядомасці беларусаў) // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мінск, 3—5 лютага 1993 года. Ч. I. — Мінск, 1993. С. 48-49.
- ↑ Зайкоўскі Э., Чаквін І. Літвіны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1997. — Т. 4. — С. 382.
- ↑ Марзалюк 2009, с. 59, 65, 116, 120.
- ↑ Груша 2013, с. 39.
- 1 2 Груша 2015, с. 173.
- ↑ Груша 2013, с. 38.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Літвіны // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 314. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 6. Кішынёў — Манцэвічы / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1972. — С. 411. — 624 с.: іл., карты.
- Гісторыя Беларусі: у 6 т. / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. — Мінск : Экаперспектыва, 2008. — 688 с.
- Груша, А. И. Великое княжество Литовское: есть ли в нем место для Беларуси? / А. И. Груша // Гісторыя беларускай дзяржаўнасці: матэрыялы навукова-практычнага семінара (Мінск, 26 сакавіка 2013 г.) / рэд.кал. У. Р. Гусакоў [і інш.]. — Мінск : Белар. навука, 2013. — С. 38—53.
- Груша, А. И вновь о взаимных дарах. Добрососедство, прагматизм и благотворительность в отношениях между русинами и литвинами в Великом Княжестве Литовском в первой половине XVI в. / А.Груша // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana. — 2015. — № 2. — С. 173—189.
- Зайкоўскі Э., Чаквін І. Літвіны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1997. — Т. 4. — С. 382.
- Ліцкевіч А. Да пытання пра рутэнізацыю балтаў у ВКЛ у XIV — пачатку XV ст. // Arche. — 2009. — № 11-12. — С. 24-80.
- Марзалюк, І. А. Міфы «адраджэнскай» гістарыяграфіі Беларусі: манаграфія / І. А. Марзалюк. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2009. — 148 с.
- Марзалюк І. Тэрміналогія этнічнай гісторыі Беларусі 14-17 ст.: набліжэнне да рэаліяў, ці стварэнне новых міфаў? Архівавана 5 кастрычніка 2014. // Гістарычны альманах. — 2003. — Т. 9. — С. 113—122.
- Насевіч В. Л. Да пытання пра саманазву беларусаў у перыяд ВКЛ // Беларусіка — Albaruthenica. Кн. 2: Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Маладзечне 19-20 жніўня 1992 г. Мінск: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, 1993. — С. 97-100.
- Насевіч В. Літвіны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 206—208. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Васькоў У. Літвіны Севершчыны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 306. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3. Карчма — Найгрыш. — С. 287. — 751 с. — 10 000 экз.
- Левшун Л. Концепт «Литвы» в этнокультурном самосознании белорусов // Беларуская думка. — № 11. — 2009. — С. 102—109.
- Шаланда А. Баярства Міндоўга: склад і паходжанне // Герольд Litherland. — Горадня: 2003. — № 1-2 (9-10). Год ІІІ.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ліцвіны
