Перайсці да зместу

Узбуйненне БССР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Узбуйне́нне БССР — працэс павелічэння тэрыторыі і насельніцтва Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1924 і 1926 гадах за кошт перадачы ў яе склад частак Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў РСФСР, якія былі населены пераважна этнічнымі беларусамі. У сучаснай гістарыяграфіі гэты працэс таксама вядомы як вяртанне ўсходнебеларускіх тэрыторый[1][2].

Працэс утварэння беларускай савецкай дзяржаўнасці з самага пачатку суправаджаўся тэрытарыяльнымі зменамі, якія дыктаваліся пераважна знешнепалітычнымі інтарэсамі і стратэгічнымі разлікамі маскоўскага кіраўніцтва. У канцы 1918 года Цэнтральны камітэт Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) прыняў рашэнне аб стварэнні савецкай рэспублікі на тэрыторыі Заходняй вобласці. На І з’ездзе Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі ў снежні 1918 года дэлегаты аднагалосна пастанавілі ўключыць у склад новай рэспублікі Мінскую, Магілёўскую, Гродзенскую губерні, амаль усю Віцебскую губерню, а таксама пяць паветаў Смаленскай, чатыры Чарнігаўскай і па адным павеце Віленскай і Сувалкаўскай губерняў. Агульная плошча павінна была скласці каля 300 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам каля 10 мільёнаў чалавек[3].

Аднак ужо 16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб вывядзенні са складу БССР Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Галоўнай прычынай такога кроку стала імкненне савецкага кіраўніцтва пазбегнуць ваеннага канфлікту з Польскай Рэспублікай, маючы магчымасць пайсці на тэрытарыяльныя саступкі за кошт беларускіх зямель, а таксама жаданне цэнтральных улад аслабіць нацыянальныя тэндэнцыі ў самой Беларусі. Супраць існавання БССР у шырокіх межах актыўна выступалі і мясцовыя губернскія ўлады, якія лічылі рэспубліку эканамічна нежыццяздольнай і адмаўлялі наяўнасць беларускай культуры на сваіх тэрыторыях[4][2]

У выніку падпісання ў 1921 годзе Рыжскага мірнага дагавора пасля заканчэння савецка-польскай вайны значная частка заходнебеларускіх зямель адышла да Польшчы. Тэрыторыя БССР скарацілася да шасці няпоўных паветаў былой Мінскай губерні: Бабруйскага, Барысаўскага, Ігуменскага, Мазырскага, Мінскага і Слуцкага. Гэтае ўтварэнне плошчай усяго 52 398 квадратных кіламетраў і насельніцтвам каля 1,5 мільёна чалавек атрымала неафіцыйную назву «мікра-Беларусь». Адрыў цэнтральнай часткі ад усходніх губерняў, з якімі гістарычна склаліся цесныя эканамічныя сувязі, запавольваў аднаўленне народнай гаспадаркі і перашкаджаў нацыянальна-культурнаму развіццю беларусаў[5][2].

Першае ўзбуйненне БССР (1924)

[правіць | правіць зыходнік]
БССР пасля першага ўзбуйнення

З утварэннем у 1922 годзе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік намаганні кіраўніцтва БССР па вяртанні ўсходніх тэрыторый актывізаваліся. У верасні 1922 года кіраўніцтва Беларусі атрымала ад ЦК РКП(б) дазвол на афіцыйнае абмеркаванне пытання пра вяртанне зямель. У сакавіку 1923 года VII з’езд КП(б)Б і Старшыня Савета Народных Камісараў БССР А. Р. Чарвякоў узнялі пытанне аб далучэнні Гомельскай і Віцебскай губерняў. Адначасова вялікую ролю адыграў знешнепалітычны фактар. Савецкая дыпламатыя і Народны камісарыят замежных спраў уважліва сачылі за дзейнасцю Беларускага пасольскага клуба ў сойме Польшчы. Каб прыцягнуць сімпатыі заходніх беларусаў і аслабіць польскі ўплыў, савецкія дыпламаты, у прыватнасці Леанід Абаленскі, прапанавалі задаволіць патрабаванні беларускіх дзеячаў, выказаныя ў мемарандуме Антона Луцкевіча. Дакумент прадугледжваў пашырэнне тэрыторыі БССР і амністыю для эмігрантаў[6][2]

Пасля абмеркаванняў і вострых спрэчак, у якіх губернскія ўлады РСФСР спрабавалі даказаць адсутнасць беларусаў на сваіх тэрыторыях, 29 лістапада 1923 года Палітбюро ЦК РКП(б) пастанавіла далучыць да БССР Віцебскую і Гомельскую губерні цалкам (акрамя чатырох чарнігаўскіх паветаў), а таксама Горацкі павет і Мсціслаўскі павет Смаленскай губерні. Аднак з-за пратэстаў кіраўніцтва Віцебска і сакратара УЦВК РСФСР Цімафея Сапронава рашэнне было перагледжана і значна ўрэзана[7]

Рашэнне аб перадачы зямель было юрыдычна аформлена пастановай Прэзідыума УЦВК РСФСР ад 3 сакавіка 1924 года і рэзалюцыяй VI Усебеларускага надзвычайнага з’езда Саветаў, які праходзіў 13—16 сакавіка 1924 года. У склад Беларускай ССР перайшлі па граніцах былога адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Аршанскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі, Полацкі, Сенненскі і Суражскі паветы Віцебскай губерні. Са складу Гомельскай губерні былі далучаны Быхаўскі, Клімавіцкі, Магілёўскі, Рагачоўскі, Чавускі і Чэрыкаўскі паветы, а таксама Даманавіцкая, Дзярновіцкая, Дудзіцкая (са станцыяй Калінкавічы), Карпавіцкая, Крукавіцкая (Савіцкая), Мухаедаўская і Нараўлянская валасці цалкам і часткі Аўцюкоўскай, Юравіцкай, Якімаваслабодскай валасцей Рэчыцкага павета. Смаленская губерня перадала цалкам Горацкі павет, а таксама Казіміраваслабодскую, Старасельскую, Шамаўскую валасці і часткі Аслянскай, Бохацкай і Соенскай валасцей Мсціслаўскага павета разам з горадам Мсціславам. Для вырашэння арганізацыйных і палітычных пытанняў, звязаных з узбуйненнем, было ўтворана Часовае Беларускае бюро ЦК РКП(б). У выніку вяртання ўсходніх раёнаў тэрыторыя Савецкай Беларусі павялічылася больш чым у 2 разы і склала 110 584 км². Колькасць насельніцтва дасягнула 4,2 млн чалавек, сярод якога ўласна беларусы складалі 70,4 %[8][9][2].

Пасля ўзбуйнення паўстала неабходнасць у змяненні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Спецыяльная камісія пры Дзяржплане БССР распрацавала праект пераходу ад губернскага падзелу да сістэмы акруг і раёнаў. 17 ліпеня 1924 года тэрыторыя рэспублікі была падзелена на 10 акруг: Менская, Віцебская, Бабруйская, Аршанская, Полацкая, Магілёўская, Мазырская, Калінінская, Барысаўская і Слуцкая акругі. Акругі ў сваю чаргу дзяліліся на 100 раёнаў. Гэта дазволіла наблізіць дзяржаўны апарат да насельніцтва і аптымізаваць кіраванне гаспадаркай[10].

Другое ўзбуйненне БССР (1926)

[правіць | правіць зыходнік]
БССР пасля другага ўзбуйнення

Нягледзячы на поспех першага ўзбуйнення, беларускае кіраўніцтва не лічыла тэрытарыяльнае пытанне канчаткова вырашаным, бо Гомельскі павет і Рэчыцкі павет заставаліся ў складзе РСФСР. У маі 1926 года ЦК КП(б)Б афіцыйна паставіў у ЦК ВКП(б) пытанне пра далучэнне 3 паветаў Віцебскай і астатняй часткі Гомельскай губерняў. Пасля майскага дзяржаўнага перавароту 1926 года ў Польшчы, які прывёў да ўлады Юзафа Пілсудскага, саюзнае кіраўніцтва вырашыла яшчэ больш актывізаваць нацыянальны рух у Заходняй Беларусі. Ініцыятарам другога ўзбуйнення актыўна выступаў НКЗС СССР[11][2]

Для вывучэння сітуацыі ў Гомельскую губерню была накіравана спецыяльная камісія Палітбюро ЦК УКП(б) у складзе Вячаслава Молатава, Станіслава Касіёра, Авеля Енукідзэ і іншых. Камісія зафіксавала значную ступень русіфікацыі насельніцтва і пэўнае супраціўленне мясцовага кіраўніцтва, аднак ЦК КП(б)Б здолеў даказаць гістарычную і этнаграфічную прыналежнасць рэгіёна да Беларусі[12]. У выніку 18 лістапада 1926 года Палітбюро прызнала неабходным далучэнне паветаў. 6 снежня 1926 года Прэзідыум УЦВК прыняў пастанову пра скасаванне Гомельскай губерні і далучэнне Гомельскага і Рэчыцкага паветаў да БССР. На падставе гэтай пастановы 8 снежня 1926 года Прэзідыум ЦВК БССР уключыў названыя паветы ў склад Беларусі, перайменаваўшы іх у акругі, а мясцовыя валасці — у раёны. Астатнія паветы былой губерні, Навазыбкаўскі, Старадубскі і Клінцоўскі, увайшлі ў склад Бранскай губерні РСФСР. У выніку другога ўзбуйнення тэрыторыя рэспублікі павялічылася яшчэ на 15 727 км², а насельніцтва — на 649 тыс. чалавек. На пачатак 1927 года тэрыторыя БССР склала 125 950 км² з насельніцтвам каля 5 млн чалавек, 80 % з якіх складалі беларусы[13][2].

Спрэчныя паўночныя і ўсходнія паветы

[правіць | правіць зыходнік]

Пры перадачы зямель у 1924 годзе Веліжскі, Невельскі і Себежскі паветы былой Віцебскай губерні былі пакінуты ў складзе РСФСР і далучаны да Пскоўскай губерні. Беларускае кіраўніцтва неаднаразова рабіла спробы вярнуць гэтыя тэрыторыі. У 1926 годзе Старшыня Дзяржплана БССР Самуіл Карп і сакратар ЦК КП(б)Б Аляксандр Крыніцкі рыхтавалі дакладныя запіскі аб неабходнасці ўключэння гэтых паветаў разам з Гомелем[14]. Для навуковага абгрунтавання ў Невельскі і Веліжскі паветы накіроўваліся этнаграфічныя экспедыцыі, у прыватнасці, прафесара Пятра Бузука і эканаміста Барыса Архангельскага, якія пацвердзілі распаўсюджанасць там паўночных дыялектаў беларускай мовы і цесныя гаспадарчыя сувязі з Віцебскам[12]. Аднак цэнтральныя ўлады адхілілі гэтую прапанову.

Апошняя сур’ёзная спроба далучыць гэтыя землі, а таксама Клінцоўскі і Навазыбкаўскі паветы, адбылася ў 1928 годзе, калі Старшыня СНК БССР М. М. Галадзед накіраваў новую аргументаваную запіску ў Маскву, выступаючы супраць уключэння гэтых беларускіх этнічных зямель у склад новаўтворанай Заходняй вобласці РСФСР з цэнтрам у Смаленску. Прапанова таксама была праігнаравана, і 14 студзеня 1929 года Заходняя вобласць была афіцыйна створана, што канчаткова закрыла пытанне аб далейшым пашырэнні ўсходніх межаў БССР[15]. З пачаткам 1930-х гадоў палітыка беларусізацыі ў расійскім прымежжы была згорнута, а працэс самарусіфікацыі беларусаў у гэтых рэгіёнах значна паскорыўся[16].

Дынаміка і вынікі ўзбуйнення

[правіць | правіць зыходнік]

Вяртанне ўсходнебеларускіх тэрыторый стала лёсавызначальным этапам у гісторыі Беларусі. Нягледзячы на складаныя ўнутраныя і знешнія палітычныя абставіны, вяртанне ўсходнебеларускіх тэрыторый у склад БССР у цэлым значна ўзмацніла эканамічную базу Савецкай Беларусі і стварыла новыя магчымасці для далейшага гаспадарчага і сацыяльна-культурнага развіцця рэспублікі[2].

Дынаміка тэрыторыі і насельніцтва
ГодПлошча (тыс. км²)Насельніцтва (млн чал.)
192152,41,5
1924110,64,2
1926126,05,0
193922310,2
1991207,610,3

Былі створаны спрыяльныя ўмовы для правядзення палітыкі беларусізацыі, развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі і аб'яднання беларускай нацыі. Таксама пашырэнне межаў БССР згуляла вырашальную ролю ва ўмацаванні міжнароднага аўтарытэту рэспублікі і ўзмацненні прасавецкіх настрояў сярод насельніцтва Заходняй Беларусі[17][18].