Полацкі ўмацаваны раён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Полацкі ўмацаваны раён, 61-ы ўмацаваны раён, Полацкі УР, ПоУР — комплекс абарончых збудаванняў паміж Полацкам і Ветрына, узведзены на абарончай лініі ў перыяд з 1927 па 1932 год уздоўж старой мяжы СССР з Польшчай. Частка так званай «лініі Сталіна».

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Працягласць ПоУР складала 56 кіламетраў. На гэтым адрэзку было пабудавана 203 дотаў, з іх 10 процітанкавых, з вежамі ад Т-26[1]. Глыбіня на галоўных напрамках дасягала 5 км, а на другарадных — каля 2 км. Найменшая адлегласць да дзяржаўнай мяжы СССР з Польшчай складала 4 км. Умацраён працягнуўся з поўначы на поўдзень ад вёскі Боркі на рацэ Дрыса і пасёлка Баравуха на поўначы да паўднёвага берага возера Гомель і аднайменнай вёскі — паміж Полацкам і Ветрына. Асноўныя аб’екты размяшчаліся па ўсходнім беразе ракі Ушача ад месца яе ўпадзення ў Заходнюю Дзвіну і на поўдзень[2].

Кожны дот абараняўся стралковымі групамі ў перадполлі, дзе стваралася мінімум па два дзота. Рыліся таксама акопы, стралковыя ячэйкі, якія стваралі палявое запаўненне для дотаў як станавога хрыбта абароны.

Будаўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

У 1922 годзе ў рамках праграмы будаўніцтва ўмацаванняў «лініі Троцкага» на мяжы СССР былі працягнутыя работы па ўдасканаленні ранейшых і будаўніцтве новых дрэва-зямельных умацаванняў. У 1924 годзе штаб Заходняй ваеннай акругі пачаў распрацоўку праекта Полацкага ўмацаванага раёна.

У праекце ўвага засяроджвалася на ўмацаванні Паўночна-Заходняга сектара, у першую чаргу раёна станцыі Баравухі-1 і паўночней яе. У 1925 годзе 4-ы сапёрны батальён прыступіў да дарожных работ, а 1-я тэлеграфна-будаўнічая рота да праводкі ліній сувязі. Да выканання работ прыцягвалася мясцовае насельніцтва і асабісты склад раскватараваных у Полацку воінскіх часцей.

Падрыхтоўчыя работы па будаўніцтве Полацкага УРа пачаліся ў 1927 годзе. План абарончых работ Беларускай ваеннай акругі на 1927—1928 гады прадугледжваў пабудову 40 агнявых кропак. Будаўніцтва ПоУРа курыравалі М. М. Тухачэўскі і І. П. Убарэвіч. Рэалізаваць планы ўдалося часткова.

У 1928 годзе былі пабудаваны першыя 4 доты. У 1930 годзе было пабудавана 47 збудаванняў батальённых раёнаў абароны (БРА) «Ф» і «Х» на фарынаўскім кірунку. У 1931 годзе разгарнулася буйнамаштабнае будаўніцтва больш за 250 жалезабетонных абарончых збудаванняў. Да 1932 годзе будаўніцтва было ў асноўным завершана. У наступныя гады праводзілася толькі ўдасканаленне.

У 1939 годзе, пасля змянення дзяржаўнай граніцы, баявыя збудаванні былі закансерваваны.

У Вялікай Айчыннай[правіць | правіць зыходнік]

Дзякуючы упартым баям у Мінскім умацаваным раёне, якія затрымалі наступленне вермахта, на мяжы сярэдняй плыні Заходняй Дзвіны змагла засяродзіцца 22-я армія генерал-лейтэнанта П. А. Ершакова, перакінутая за 5 дзён з Уральскай ваеннай акругі (6 цалкам укамплектаваных стралковых дывізій)[3]. Камандаванне Полацкім гарнізонам было даручана камандзіру 174-й стралковай дывізіі А. І. Зыгіну. Раніцай 22 чэрвеня 1941 года гэта злучэнне яшчэ знаходзілася ў пункце пастаяннай дыслакацыі, а 27 чэрвеня яго галоўныя сілы прыбылі ў Полацк[4].

На савецкія сілы наступалі 16 нямецкіх дывізій. Прасоўванне праціўніка ўдалося затрымаць на 22 дні. Аднак пачатае немцамі 13 ліпеня наступленне на Невель ім спыніць не ўдалося. Абыходзячы Полацк з поўначы, 15 ліпеня немцы перарэзалі чыгунку Полацк—Ідрыца і захапілі частку Полацка на левым беразе Заходняй Дзвіны. Пасля гэтага пачаўся адвод савецкіх войск з Полацкага ўмацаванага раёна, але ар’ергард заставаўся на пазіцыях да 19 ліпеня.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Александр Бугров, Олег Четвериков. Линия Сталина. Полоцкий рубеж. Телеканал "Звезда" (17 лістапада 2014). Архівавана з першакрыніцы 22 красавіка 2019. Праверана 25 лістапада 2017.
  2. Поляков, С., Копыл, С., Комиссаров, В. Полоцкий укреплённый район (ПоУР) 1927—1941 гг.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 лістапада 2010. Праверана 14 кастрычніка 2010.
  3. "БОИ В ПОЛОЦКОМ УКРЕПРАЙОНЕ". Линия Сталина. Фонд "Память Афгана". Архівавана з арыгінала 2021-02-02. Праверана 2021-01-25.
  4. Эмануил Иоффе. Защита Зыгина (руск.). Мой Полоцк (3 мая 2014). Архівавана з першакрыніцы 22 студзеня 2021. Праверана 25 студзеня 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Поляков, С. И., «Линия Сталина». Полоцкий укрепрайон, 1919—1941 гг. / С. И. Поляков, С. П. Копыл. — Полоцк : Полоцкое книжное издательство, 2009. — 55 с. : ил. — (Наследие Полоцкой земли ; Вып. 7).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]