Цела даўжынёй 8-10 мм, складаецца з 18 сегментаў (4 галаўныя, 14 тулаўныя) і падзяляецца на 3 аддзелы: галаўны, грудны і брушны. Галава ўтворана злітымі разам сегментамі з першым грудным і мае ротавыя прыдаткі. На кожным грудным і брушным сегменце размешчаны па пары канечнасцей, якія служаць для ўтрымання корму, перамяшчэння па паверхні грунту і ў тоўшчы вады, а таксама для дыхання. На заднім краі апошняга брушнога сегмента знаходзіцца пласцінка — тэльсон. Глыбокая выемка на тэльсоне, якая раздзяляе яго на 2 лопасці з 1-3 шыпікамі на канцы — вызначальная прыкмета понтапарэі. На спінным баку ўсіх брушных сегментаў вельмі кароткія, тонкія валаскі.
Глыбокія алігатрофныя і мезатрофныя азёры з вялікай колькасцю кіслароду ў вадзе. Аддае перавагу глеістым і глеіста-пясчаным донным адкладам, размяшчаецца на глыбіні больш за 10 м пры нізкай тэмпературы.
Жыве на дне вадаёмаў. Працягласць жыцця да 3 гадоў. Палаваспелая на 2-3 годзе. Размнажэнне прымеркавана да асенне-зімняга перыяду. Самкі выношваюць яйкі ў вывадковай сумцы на працягу 3,5 месяца да поўнага развіцця малявак. Сярэдняя пладавітасць 16 яек.
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5