Перайсці да зместу

Прылёпаўскі плацдарм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Прылёпаўскі плацдарм — аператыўны плацдарм на беразе р. Проня ў раёне вёсак Скварск, Прылёпаўка і Пуцькі, дзе нямецкая паласа абароны мела тры лініі ўмацавання[1], які ўтварыўся падчас фарсіравання Проні.

Аперацыя па фарсіраванню Проні пачалася ў пачатку кастрычніка 1943 года, калі да ўсходняга берага Проні выйшлі часткі 10-й і 49-й армій Заходняга фронту (у гэты час фронт стаяў на лініі рэк Невель, Проня, Прыпяць)[2][3]..

Планавалася фарсіраваць раку ў самыя сціслыя тэрміны. 2 кастрычніка 1943 года часткі 385-й Крычаўскай стралковай дывізіі і 212-й дывізіі здзейснілі няўдалую спробу перайсці раку Проня.

Каля месяца ішлі жорсткія баі з нападамі і контратакамі, якія даходзілі да рукапашных сутычак.

З кастрычніка 1943 года па чэрвень 1944 г. па рубяжы ракі Проня ішлі пазіцыйныя баі. Тэрыторыя Чавускага раёна была ў паласе дзеянняў 49-й і 50-й армій Другога Беларускага фронту.

У чаканні зімы ў дывізіях ствараліся лыжныя батальёны, ударныя рухомыя атрады. У канцы снежня 1943 года была праведзена недоўгачасовая артпадрыхтоўка, пасля чаго 25 снежня 1943 часткі 385-й стралковай дывізіі, у складзе якой быў лыжны батальён 212-й Крычаўскай стралковай дывізіі, штурмам авалодалі першай лініяй нямецкіх траншэй і часткай другой лініі ў паўкіламетры ад в. Прылёпаўка. Але ўжо 27 снежня ў выніку бесперапынных контратак немцы выцеснілі савецкія часткі на зыходныя перад надыходам рубяжы. За час снежаньскіх баёў 1943 года на ўчастку Скварск—Прылёпаўка—Пуцькі 290-я і 385-я стралковыя дывізіі страцілі да 1500 салдат. Прыкладна столькі ж стратаў было з боку немцаў.

Пры гэтым 385-я стралковая дывізія за чатыры дні снежаньскіх «баёў мясцовага значэння» страціла забітымі і параненымі больш за 1000 чалавек і 30 снежня была выведзена ў другі эшалон на папаўненне. Удзельнікі сталінградскіх баёў апавядалі, што нават там не было такіх цяжкіх баёў, як тут восенню 1943 года[3].

290-я дывізія, страціўшы сотні байцоў на правым беразе Проні, ўтрымлівала плацдарм да 18 студзеня 1944 года, пасля чаго, здаўшы пазіцыі 330-й стралковай дывізіі  (руск.), выведзена ў рэзерв для папаўнення. На 6 студзеня ў дывізіі налічвалася 2981 чалавек афіцэрскага, сяржанцкага i радавога складу (па штаце ад 15.7.1943 г. дывізія павінна была мець 9380 чал.)[3].

23 чэрвеня 1944, пасля фарсіравання ракі Проня, ля вёсак Будзіна, Прылёпаўка, Чырвоная Буда разгарнулася наступленне ў Магілёўскім кірунку. Гэта была частка вялікай наступальнай аперацыі «Баграціён»[4].

Да гэтага часу працягваецца праца пошукавых каманд на месцы баёў на берагах Проні. У в. Прылёпаўка ўстаноўлены памятны знак ля р. Проня ў гонар гэтых падзей.

Зноскі