Рассказы на белорусском наречии (1863)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

«Рассказы на белорусском наречии» — кніга ананімнага аўтара (аўтараў), выдадзеная ў Вільні ў друкарні А. Сыркіна кіраўніцтвам Віленскай навучальнай акругі ў 1863 годзе з ухвалы адміністрацыі Віленскага ваеннага генерал-губернатарства ў прапагандысцкіх мэтах для распаўсюджвання сярод сялян Віленскай і Гродзенскай губерняў назвы «беларусы» (якія аб’яўляліся часткай «рускага народа»). У якасці чытання для народных школ кнігу было загадана выкарыстоўваць з 1863 года ва ўсёй Віленскай навучальнай акрузе[1].

Апавяданні ў кнізе напісаны на розных славянскіх дыялектах. У іх настойліва праводзілася ідэя аб няпольскім характары беларускіх земляў і пра тое, што на гэтых тэрыторыях жыве адна этнічная супольнасць — беларусы[Крыніца?]. Урывак з апавядання «Кто булы наши найдавнійшій диды и якая ихъ була доля до уній?»: «Сторона, где живут теперь пинчуки, минчуки, витебцы, могилевцы, называется Белой Русью; в этой стране с очень давних времен жил народ славянский… Народ этот поначалу назывался кривичами или кривичскими славянами… а были еще кривичи полоцкие — вот эти кривичи были нашими предками <…> Современная Витебская, Могилевская губернии, небольшая часть Псковской и Смоленской, значительная часть Минской губернии с Пинском, Мозырем и Туровом, часть Виленской до реки Дитвы и значительная часть Гродненской с городами Волковыском и Брестом были теми краями, где жил белорусский народ».

Ва ўрадавых колах цікавасць да беларускай нацыянальнай ідэі па-ранейшаму не згасала: ў 1847 годзе Іван Грыгаровіч атрымаў ад самога міністра асветы Шырынскага-Шыхматава прапанову скласці слоўнік заходнерускай гаворкі. Яскравым сведчаннем гэтага з’яўляецца праект стварэння беларускамоўнага часопіса «Сябар народа» і выданне ў 1863 годзе пад патранажам папячыцеля Віленскай навучальнай акругі кнігі «Рассказы на белорусском наречии», напісанай у духу «самадзяржаўя, праваслаўя і народнасці.» Два аповяды напісаны на пінскім і на Падляшскім дыялектах ўкраінскай мовы, тры аповяды — на розных дыялектах беларускай мовы. Гэта азначае, што мясцовыя культурныя дзеячы яшчэ канчаткова не вырашылі: на якім дыялекце ствараць беларускую літаратурную мову. Са зместу «Рассказов…» вынікае, што іх аўтар з’яўляўся праваслаўным святаром, які добра ведаў гісторыю грэка-каталіцкай царквы, г.зн. — быў былым уніятам. Ананімнасць аўтара азначае, што ён выйшаў з польскіх колаў і не хацеў, каб былыя сябры абвясцілі яго здраднікам. На ролю аўтара больш за ўсё падыходзіць праваслаўны святар, польскі пісьменнік Плакід Янкоўскі, які ведаў і ўкраінскую мову (родам з-пад Камянца-Літоўскага), і беларускую (жыў у Жыровічах).

Аднак, паводле гіпотэзы Алега Латышонка, аўтарам «Рассказов…» быў Ігнат Кулакоўскі — літаратар і педагог, які не раз прадстаўляў у Міністэрства народнай асветы запіскі аб развіцці адукацыі ў беларускіх губернях.

Латышонак падкрэслівае частату ўжывання ў «Рассказах…» этноніма «беларус» і яго канатацыю моўнага і культурнага адзінства, кваліфікуючы словы «руская», «па-руску» і т. п., якія таксама сустракаюцца вельмі нярэдка, галоўным чынам як выкрут аўтара, які жадаў падмануць цэнзуру (і пры гэтым чужога, піша даследчык, «заходнерускіх духу», г. зн. саюзу з уладай супраць беларускасці). Чаргаванне слоў «беларус» і «рускі» ў тэкстах розных апавяданняў з гэтага зборніка з няменшай падставай дазваляе выказаць здагадку, што мы[удакладніць] маем справу з пісаннямі не аднаго, а некалькіх аўтараў, якія па-рознаму — і не вельмі устойліва — суадносяць беларускую асобнасць з пачуццём прыналежнасці да агульнарускага народу, але ў любым выпадку гэта пачуццё не адпрэчваў.

Вось некалькі прыкладаў. Непасрэдна за фразай, якую Латышонак лічыць квінтэсенцыяй аўтарскага паслання: «А и мы сами запэвнэ зовсим не ляхи: мы сами по соби народ особный — белоруссы!», — ідзе заключэнне: «Русська мова и русська грамота нам завше потрибнийша, як польска». У шэрагу выпадкаў два вызначэння выступаюць як узаемазаменныя, напрыклад у апісанні моўнай сітуацыі ў Вялікім княстве Літоўскім: «А русськая мова нэ тулько панеў ў звычайны розмова, а і ў кныжках і ўсякіх суднавых паперах: каралі Польськыи пысалы для Літвы і Билоруссии законы па-билорусську». Нарэшце, у апавяданні «Вялікая помылка (памылка. — М. Д.) нашых беларусаў», напісаным з пазіцыі беларуса-праваслаўнага, праводзілася думка пра тое, што адзінапляменцаў каталіцкай веры нельга залічаць у палякі, як гэта запар і побач адбываецца ў беларускіх паселішчах . Спачатку ў аргументацыі аўтара «рускія» няяўна адлучаюцца ад «нас», беларусаў: «Поглядзим на іншых людзей: хто робиць так, як мы? Руская завсёгды зоветца рускім; немец, якой бы ён ня быўшы веры, завець сябе немцамі … Што ж мы за няшчасны народ, Што ня ведаем, як назваць сябе, і, зробившись каталікамі, выракаемся свайго роду і племені, завем сябе палякамі, хоць гэтя нам прыстала, як карове сядло». Аднак канцоўка аповеду атаясамляе «нас» з «рускімі»: «Рускімі, а не палякамі мы вінаватыя называтца».

Канчатковыя высновы аб інтэнцыях і самаідэнтыфікацыі аўтара ці аўтараў «Рассказов на белорусском наречии» не могуць быць зроблены на падставе аналізу аднаго толькі іх тэксту, адкрытага рознымі інтэрпрэтацыямі. Неабходна ведаць больш пра абставіны падрыхтоўкі гэтага выдання, кантактах аўтара ці аўтараў з чыноўнікамі Віленскай навучальнай акругі, асабліва з А. П. Шырынскім-Шыхматавым.

Зноскі

  1. Долбилов, М. Д. Русский край… С. 200.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Латышонак А. Нацыянальнасць — Беларус / Алег Латышонак. — Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2009