Перайсці да зместу

Іван Іванавіч Грыгаровіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Іван Грыгаровіч)
Іван Іванавіч Грыгаровіч
Дата нараджэння 26 жніўня (6 верасня) 1792
Месца нараджэння
Дата смерці 13 лістапада 1852(1852-11-13)[1] (60 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Дзеці Мікалай Іванавіч Грыгаровіч[d]
Род дзейнасці археолаг, гісторык, археограф, праваслаўны святар
Навуковая сфера археалогія, гістарыяграфія, археаграфія і гісторыя
Альма-матар
Вядомы як збіральнік і даследчык рукапісаў па гісторыі Беларусі
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Іван Іванавіч Грыгаровіч (1792, Прапойск, Расійская імперыя — 1852) — археолаг, гісторык[2], археограф, святар, збіральнік рукапісаў па гісторыі Беларусі. Належаў да «старабеларускага» гістарычнага напрамку[3]. Бацька расійскага гісторыка і бібліёграфа Мікалая Іванавіча Грыгаровіча.

Нарадзіўся ў 1792 годзе ў горадзе Прапойск Магілёўскай губерні (цяпер — горад Слаўгарад Магілёўскай вобласці Беларусі)[4]. У 1811 годзе скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. У 1811—1815 гадах выкладаў у Магілёўскім духоўным вучылішчы. У 1819 годзе І. І. Грыгаровіч са ступенню кандыдата скончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію[2][5], затым знаходзіўся на пасадзе рэктара вучылішчаў у Віцебску і Гомелі, пазней — служыў прыдворным протаіерэем. З 1837 года быў сябрам археаграфічнай камісіі, у 1839 годзе быў прызначаны галоўным рэдактарам выдаваных камісіяй «Актаў гістарычных» і «Актаў Археаграфічнай экспедыцыі».

Пры ідэйнай падтрымцы і за грошы М. Румянцава выдаў першы беларускі археаграфічны зборнік крыніц — «Беларускі архіў старажытных грамат» (ч.1, Масква 1824; ч. 2-я знойдзена ў рукапісным стане ў 1958 годзе).

У сваёй дзейнасці І. Грыгаровіч меў выразныя патрыятычныя матывы. Пасля публікацыі «Беларускага архіва…» у 1824 г. ён пісаў у лісце брату: «Няхай жа і наша святая беларуская зямля не зусім знікне з твару зямлі: але няхай ведае свет, што былі часы, калі яна была больш слаўнай і больш дабрадзейнай, чым цяпер». Выкарыстанне ў назве кнігі слова "беларускі" спрыяла станаўленню самастойнай навуковай галіны – беларусістыкі. Выданне «Беларускага архіва...» было важным археаграфічным дасягненнем, на яго звярнулі ўвагу многія тагачасныя інтэлектуалы.

Публікацыя “Беларускага архіва…” была важнай вяхой у пашырэнні філалагічнай дыскусіі, у 1825--1828 гг. яна выклікала абмеркаванне мовы надрукаваных дакументаў у польскім часопісе «Варшаўскі дзённік» (Dziennik Warszawski), французскім «Бюлетэні гістарычных навук, антычнасці, філалогіі» (Bulletin des sciences historiques, antiquités, philologie) і расійскім часопісе гісторыі, археалогіі і параўнальных касцюмаў «Русский зритель». У 1995 г. публікацыю гэтага зборніка брытанскі даследчык Д. Сондэрс назваў «расійскім адкрыццём Беларусі».[6]

Асноўная праца, выдадзеная І. І. Грыгаровічам па беларускай гісторыі і археаграфіі — 5-томныя «Акты, относящиеся к истории Западной России…» ( СПб, 1843-53), у якіх сабраны ўнікальныя дакументы па гісторыі Беларусі, Літвы і Украіны XIV—XVII стагоддзяў[2]. Быў таксама аўтарам духоўнай літаратуры, напісаў «Исторические сведения о жизни Святого Митрофания» (СПб, 1832).

Зноскі

  • Суднік М. Збіральнік беларускай старажытнасці // «Беларусь», 1945, № 11-12
  • Иконников В. С. Опыт русской историографии, т. 1-2. — Киев, 1891—1908.
  • Грыгаро́віч Іван Іванавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. Мн.: БелЭн, 1995. — С. 252. — 800 с. 5 000 экз. ISBN 985-11-0026-9.
  • Григорович Иван Иванович // Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. (руск.) / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. Биографический справочник. — С. 171. — 737 с. 50 000 экз.