Раім
Сяло
|
Раі́м (каз.: Райым) — сяло ў Казалінскім раёне Кызылардзінскай вобласці Казахстана.
Насельніцтва каля 300 жыхароў, пераважна казахі.
Аул знаходзіцца на беразе прэснага возера Раімколь, у 46 км на паўночны захад ад горада Казалінск, у 20 км на паўднёвы захад чыгуначнай станцыі Камышлыбаш. Сучасны аул размешчаны ля паўднёвага схілу ўзгорка, які ўзвышаецца на 30 метраў над навакольнаю мясцовасцю. На вяршыні ўзгорка знаходзяцца рэшткі расійскага ваеннага ўмацавання. У 4 км на паўднёвы захад, на беразе ракі Сырдар’я, размешчаная вадакачка, ад якой пачынаецца падземны вадаправод, які ідзе на станцыю Камышлыбаш і далей уздоўж чыгункі на Аральскае і станцыю Саксаульская.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Форт Раім (пазней вядомы як Аральскае ўмацаванне) быў пабудаваны ваенным інжынерам К. І. Герні ў 1847 годзе — гэта першае расійскае ваеннае ўмацаванне ў Прыараллі. У тым жа годзе сюды былі паселены першыя 26 сем'яў арэнбургскіх казакаў. Пры ўзвядзенні ўмацавання важную ролю адыграў Уладзімір Афанасевіч Обручаў.
У 1849 на Сырдар'ю ў раён форта была дастаўлена пабудаваная ў Арэнбурзе дзвюхгарматная шхуна «Канстанцін». Экіпаж складаўся з 27 чалавек, у ліку якіх — радавы Тарас Шаўчэнка, які пакінуў малюнак «Умацаванне Раім». У 1851 асноўная частка насельніцтва форта была пераселена ў Казалінск, але яшчэ некалькі гадоў тут размяшчаўся рачны порт — у 1852 годзе сюды ў разабраным выглядзе былі дастаўленыя пабудаваныя ў Швецыі жалезныя параходы «Перовской» і «Обручев», якія адыгралі значную ролю ў даследаванні Аральскага мора. У 1854 форт быў афіцыйна скасаваны.