Рота інфармацыйных тэхналогій (Беларусь)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Рота інфармацыйных тэхналогій
Гады існавання з лістапада 2018
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Тып IT-падраздзяленне
Функцыя распрацоўка праграмнага забеспячэння, інфармацыйная бяспека, Інтэрнэт-бяспека
Колькасць 60 чалавек
Дыслакацыя Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь, Мінск
Камандзіры
Вядомыя камандзіры старшы лейтэнант Уладзімір Старажэнка

Рота інфармацыйных тэхналогій, таксама IT-рота — падраздзяленне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, у сферу дзейнасці якога ўваходзіць распрацоўка праграмнага забеспячэння для патрэб арміі, забеспячэнне інфармацыйнай і сеткавай бяспекі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

25 лютага 2018 года міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў, што ў краіне з’явіцца спецыялізаваная рота, якая будзе займацца пытаннямі інфармацыйнай бяспекі. У ліпені Мінабароны паведаміла, што плануе ўкамплектаваць яе ў канцы 2018 года[1]. Падраздзяленне пачало функцыянаваць у лістападзе[2]. У шэрагі роты трапілі маладыя людзі, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу і маюць вышэйшую тэхнічную адукацыю па IT-спецыяльнасцях. Першы прызыў склаў 40 чалавек. Яшчэ каля 20 вайскоўцаў прыбылі вясной. Падраздзяленне было сфарміравана на базе Ваеннай акадэміі[3]. Першапачатковы конкурс склаў восем чалавек на месца[4].

26 снежня ў будынку акадэміі для байцоў роты ва ўрачыстай абстаноўцы з перарэзанай чырвонай стужкай Андрэем Раўковым адкрылася асобная камп’ютарная аўдыторыя[4].

За першы год працы рота інфармацыйных тэхналогій выканала 8 праектаў для беларускай арміі. На 2020-ы было запланавана яшчэ 22 праекты. Чатыры з іх яшчэ дапрацоўваліся. Так, напрыклад, вайскоўцы распрацоўвалі праграма для забеспячэння бяспекі, якая дазваляла адсочваць і адсылаць на выдалены сервер дадзеныя аб падлучаных да кампутара прыладах. Іншыя праекты тычыліся ўліку і размеркавання матэрыяльных сродкаў ці ж разліку на аснове зыходных дадзеных сцэнарыяў баявых дзеянняў. Праграмісты IT-роты працавалі з 3D-мадэляваннем. Імі быў створаны віртуальны трэнажор для Як-130[2].

Служба[правіць | правіць зыходнік]

Адбор праходзіць на конкурснай аснове. Галоўнай умовай з’яўляецца вышэйшая тэхнічная адукацыя па IT-спецыяльнасці. Навабранцаў імкнуцца набіраць з навыкамі пад канкрэтныя праекты. Як правіла, гэта ўжо даволі вопытныя праграмісты, узроўнем не ніжэй middle. Кандыдат павінен прайсці ўступны тэст і атрымаць адабрэнне ад супрацоўнікаў аддзялення прыкладнога праграмавання Ваеннай акадэміі, якія вывучаюць дзелавыя і маральна-псіхалагічныя якасці патэнцыйных байцоў[2]. Частка былых і дзеючых вайскоўцаў працавалі ў Парку высокіх тэхналогій[5].

Байцы жывуць у казарме, якая ўяўляе сабой тыпавое памяшканне. У наяўнасці ёсць трэнажоры, якія дапамагаюць змагацца з рознымі прафесійнымі праблемамі са здароўем. Кожны салдат забяспечаны персанальным рабочым месцам з высокапрадукцыйным кампутарам. Да таго ж усе яны маюць бесперабойныя пункты харчавання, і тут жа знаходзіцца ўласнае сервернае памяшканне. Кандыцыянер у працоўнай аўдыторыі мае спецыяльны рэжым кандыцыянавання паветра і падтрымання тэмпературы[5]. Клас арганізаваны ў канцэпцыі «адкрытай прасторы». Праграмісты адзін ад аднаго агароджаны перагародкамі, седзячы ў зручных крэслах з падтрымкай для шыі. Пры праектаванні інтэр’еру былі ўлічаны таксама і гукапаглынанне пакоя, вентыляцыя, кандыцыянаванне і асветленасць. Працоўны дзень — з 8:30 да 18:30[2].

Большую частку часу вайскоўцы працуюць над якімі-небудзь праектамі, але адначасна ідзе іх вучоба, якая звязана як з прысваеннем уліковай спецыяльнасці, так і з атрыманнем спецыяльных ведаў у галіне IT-індустрыі[3]. Асноўнымі задачы ваенных праграмістаў з’яўляецца распрацоўка праграм па ваеннай навігацыі, мадэляванні баявых дзеянняў і сістэм аўтаматызаванага кіравання і стварэнне трэнажорных сістэм[6], а таксама барацьба з інтэрнэт-пагрозамі і гарантаванне інфармацыйнай бяспекі[7]. У той жа час байцы роты, таксама як і ўсе іншыя падраздзяленні беларускай арміі, праходзяць курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі[2].

Структура[правіць | правіць зыходнік]

Рота ўкамплектавана трыма ўзводамі па 20 чалавек[8].

Байцы працуюць у групах, у залежнасці ад складанасці праекта, ад двух да васьмі чалавек. Салдаты старэйшага прызыву звычайна становяцца на пасаду цім-лідараў, паколькі ўжо добра арыентуюцца ў праектах і могуць размяркоўваць задачы для праграмістаў-навабранцаў. Злучным звяно паміж Заказчыкам і праграмным прадуктам з’яўляюцца афіцэры групы суправаджэння дзейнасці, якія арганізуюць усю працу падраздзялення[2].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]