Рэквіем (музыка)
Рэ́квіем (ад першага слова лацінскага тэксту «Requiem æternam dona eis, Domine» — «Спакой вечны даруй ім, Божа») — жалобная памінальная меса, прысвечаная памяці памерлых. Ад урачыстай каталіцкай месы адрозніваецца тым, што замест частак «Глорыя» і «Крэда» ўводзяцца «Рэквіем», «Дыез ірэ», «Туба мірум», «Лакрымоза» і інш.
Першапачаткова інтанацыйнай асновай рэквіема служылі мелодыі грыгарыянскага харала. У XVII—XVIII стст. рэквіем ператварыўся ў буйную цыклічную кампазіцыю для салістаў, хору і аркестра, дзе поліфанічны склад спалучаўся з гамафонна-гарманічным. Лепшыя ўзоры рэквіемаў набылі пазакультавы, канцэртны характар. Сусветную вядомасць набыў Рэквіем В. А. Моцарта (1791; скончаны Ф. К. Зюсмайрам).
Сярод аўтараў найбольш выдатных рэквіемаў XIX ст. Г. Берліёз, Дж. Вердзі, І. Брамс; у XX ст. — П. Хіндэміт, Ф. Дэліус, Б. Брытэн. Рэквіем стаў, з аднаго боку, галіной неакласіцызму (І. Стравінскі, А. Шнітке), а з другога — аб’ектам эксперыментаў у навейшых музычных плынях (Дз. Лігеці).
У беларускай музыцы рысы рэквіема маюць паэма-рэквіем «Хатынскія званы» Ю. Семянякі, рэквіем-балада А. Мдывані, рэквіем «Помніце» Л. Шлег і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рэквіем // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Рэквіем (музыка)