Саборныя могілкі (Магілёў)
Саборныя могілкі? | |
---|---|
53°54′32″ пн. ш. 30°20′12″ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Саборныя могілкі — колішнія могілкі ў Магілёве. Размяшчаліся на месцы сучаснага сквера 60-годдзя Кастрычніка перад будынкам філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
На Саборных могілках хавалі заможных гараджан праваслаўнага веравызнання, дваран, купцоў, чыноўнікаў, ваенных, святароў[1], педагогаў, урачоў, удзельнікаў Крымскай вайны 1853—1856 гг., руска-турэцкай вайны 1877—1878 гг.[2][3]. Назву звязваюць з узвядзеннем у Магілёве царквы Св. Іосіфа Абручніка (які значна пазней стаў кафедральным саборам), у закладцы якой удзельнічалі расійская імператрыца Кацярына II і аўстрыйскі імператар Іосіф II. Дзеля вызвалення месца для знакавай царквы, пабудаванай з мэтай увекавечвання памяці пра сустрэчу ў Магілёве двух манархаў, архіепіскап Магілёўскі і Беларускі Георгій Каніскі ў 1782 г. распарадзіўся перанесці драўляную прыхадскую Васкрасенскую царкву[1], якая стаяла на рагу вуліц Шклоўскай і Зяньковіцкай[4], на тагачасную ўскраіну горада[1].
Царква на могілках прастаяла да 1930-х гадоў. Канчаткова могілкі былі зруйнаваныя ў 1965—1966 гадах[2][3] у сувязі з пракладкай праспекта Міру. Афіцыйна прадстаўнікі гаркамунгаса перапахавалі на вайсковыя могілкі па вул. Лазарэнкі парэшткі воінаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Астатнія пахаванні было прапанавана перапахаваць сваякам на іншых гарадскіх могілках, аднак, многія сем’і або эмігравалі за мяжу, або не перажылі рэпрэсіі і вайну, або не жадалі афішаваць сваё сваяцтва з пахаванымі на Саборных могілках[1].
Зносілі Саборныя могілкі ўлетку, пахавальні галоўным чынам ускрывалі, магілы з плітамі разварочвалі, пагоркі над магіламі зраўноўвалі з зямлёй, папярэдне зразаўшы зваркай металічныя крыжы. Зону адпачынку добраўпарадкавалі бульдозерамі і коўшавымі экскаватарамі[1].
Паводле некаторых звестак надмагільныя пліты і помнікі з Саборных могілак вывозілі на Польскія могілкі, дзе знішчаліся[1].
У 2018 годзе было прапанавана паставіць на месцы могілак у цэнтры сквера паклонны крыж[5]. Замест яго ў кастрычніку 2019 года быў устаноўлены памятны знак у выглядзе вялікага каменя з умураваным званом[6].
Сярод пахаваных на могілках
[правіць | правіць зыходнік]- Мікалай Дзярагін — кіраўнік Магілёўскай кантрольнай палаты, правадзейны стацкі саветнік.
- Мацвей Васілевіч Фурсаў — краязнаўца, гісторык, археолаг, правадзейны стацкі саветнік.
- К. Чалоўскі — выкладчык Магілеўскай семінарыі і іншых навучальных устаноў Магілёва. Займаўся навуковай працай і зрабіў першае апісанне флоры Магілёўскай губерні.
Зноскі
- ↑ а б в г д е Соборное кладбище: любовь сильнее смерти 30.05.2018 Архівавана 11 мая 2019.
- ↑ а б Исследование могилевского некрополя XIX — начала XX века Архівавана 6 мая 2019.
- ↑ а б Сидоренко Б. Забытые захоронения Могилева//Столп православия. — 2006. — № 1. — 28 с.
- ↑ ВУЛІЦЫ ГОРАДА РАСКАЗВАЮЦЬ (Бібліяграфічны паказальнік). КЛАДБІШЧЭНСКАЯ (КРЫЛЕНКІ)
- ↑ Поклонный крест планируется установить в сквере на проспекте Мира в Могилеве 21.04.18 Архівавана 11 мая 2019.
- ↑ В сквере на месте Соборного кладбища в Могилеве поставили памятный знак.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Саборныя могілкі (Магілёў)