Праваслаўе ў Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Праваслаўная царква на Беларусі — аб'яднанне праваслаўных епархій на тэрыторыі Беларусі.

Першыя стагоддзі пасля хрышчэння Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Хрысціянства ў яго ўсходняй форме (з 1054 года — праваслаўе) уведзена на беларускіх землях у канцы X ст. як дзяржаўная рэлігія. Большасць даследчыкаў хіляцца да думкі, што заснаванне Полацкай праваслаўнай епархіі — першай на тэрыторыі Беларусі — адбылося ў 992, што традыцыйна лічыцца пачаткам тут гісторыі Праваслаўнай царквы. У перыяд Кіеўскай Русі вызначыліся асноўныя сферы дзейнасці Праваслаўнай царквы, узнікала буйное царкоўнае землеўладанне, сфарміравалася епархіяльная структура, з'явіліся манастыры. Полацкая, Тураўская праваслаўная епархіі і інш., у склад якіх у розныя гады ўваходзілі беларускія землі, былі падпарадкаваны Кіеўскай мітраполіі, якая ў царкоўна-кананічных адносінах падначальвалася Канстанцінопальскаму патрыярхату.

Цэнтрамі хрысціянізацыі былі гарады (напрыклад, аналіз курганнага могільніка Заслаўя сведчыць, што прыхільнікаў язычніцтва ў 1020-я г. было не больш за 9—13%, у сярэдзіне 11 ст. — 2—2,5%). У сельскай мясцовасці хрысціянізацыя адбывалася больш павольна і завершана ў канцы XII — пачатку XIII ст. (некаторыя даследчыкі адносяць канец гэтага працэсу да другой паловы XIII ст. і нават да XIV ст).

Праваслаўная царква ў ВКЛ да Берасцейскай уніі[правіць | правіць зыходнік]

Дакладна ведама, што праваслаўнымі па веравызнанні былі вялікія князі літоўскія Войшалк (1264—1267) і Шварн Данілавіч (1267—1270). Дакладна ведама, што праваслаўнымі былі многія сыны, сваякі і набліжаныя вялікіх князёў літоўскіх — напрыклад, сын і браты вялікага князя Трайдзеня, сыны вялікага князя Віценя. Паводле звестак Літоўскае метрыкі, праваслаўнай была сястра вялікага князя Гедзіміна, у яе быў уласны манастыр у Вільні[1]. Праваслаўная культура і асвета гралі выбітную ролю ў Вялікім Княстве Літоўскім, будучы неад'емнай часткай жыцця вяльможаў і культурных колаў. Яшчэ ў XVII стагоддзі гісторыкі адзначалі, што ў Літве нават каталіцкія (!) святары трымаюць стары звычай насіць бароды і мехавыя чапкі, накшталт рускіх баяраў[2].

У 1303 г. ў Галіцка-Валынскім княстве створана Галіцкая мітраполія (існавала з перапынкам да канца XIV ст), адной з 7 епархій якога была Турава-Пінская. Некаторыя даследчыкі лічаць, што галіцкі мітрапаліт ад 1303 г. меў тытул мітрапаліта Галіцка-Літоўскага.

Літоўская мітраполія[правіць | правіць зыходнік]

Самастойная Літоўская мітраполія Вялікага Княства Літоўскага паўстала ў пачатку XIV стагоддзя, не пазней 1316 года; па дадзеных Г.Гэльцэра[3], які грунтаваўся на галоўнай крыніцы па гэтым пытанні — роспісе кафедраў імператара Андроніка — у 1300 г.. Сядзіба мітрапаліта была ў Наваградку. Пазней яна перамясцілася ў Вільню, у збор Прачыстае, пастаўлены вялікім князем Альгердам у 1347 годзе. Літоўскаму мітрапаліту ў 1317 г. падпарадкоўваліся біскупствы Наваградскае, Полацкае і Тураўскае. Мітрапаліт пісаўся ў сваіх лістох «мітрапаліт Літвы» (μητροπολίτης Λιτβων)[4]. Як старажытная сталіца рускай мітраполіі Кіеў знаходзіўся ад 1322 года пад уладаю вялікага князя літоўскага, то мітрапаліт Літоўскі почасту пісаўся таксама і мітрапалітам «Кіеўскім і ўсяе Русі». Маскоўскія мітрапаліты почасту аспрэчвалі гэтай найменне ў Літоўскіх мітрапалітаў. Гэтыя спрэчкі скончыліся тым, што ад 1415 і да 1596 года ў Вільні існавала мітраполія пад назвай «Літоўская, Кіеўская і ўсяе Русі», а ў Маскве паралельна — мітраполія «Маскоўская, Кіеўская і ўсяе Русі». Канцом мітраполіі Літоўскае і ўсяе Русі лічыцца адпадзенне яе ва унію ў 1596 годзе.

Да сярэдзіны XV ст. Канстанцінопальскі патрыярхат, які не жадаў канчатковага падзелу Праваслаўнай царквы Русі на царкву Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і царкву Вялікага княства Маскоўскага, прызначаў мітрапалітаў у Наваградак нерэгулярна, нягледзячы на просьбы вялікіх князёў ВКЛ. Пасля смерці першага літоўска-наваградскага мітрапаліта Феафіла (1330) новы мітрапаліт не быў пастаўлены, епархіі ў ВКЛ адыйшлі пад уладу мітрапаліта кіеўскага ў Маскве (паводле некаторых даследчыкаў, ад 1337 да 1347 года літоўскія біскупствы падпарадкоўваліся Галіцкаму мітрапаліту). У 1355 у Наваградак прызначаны мітрапаліт Раман, якому падпарадкоўваліся 7 епархій на тэрыторыі ВКЛ і Галіцыі: Турава-Пінская, Полацкая, Галіцкая, Уладзіміра-Валынская, Луцкая, Холмская, Перамышльская. Пазней яму прыслухала Бранскае біскупства, а таксама часова — Цверскае.

Пасля смерці Рамана (1362) патрыярх канстанцінопальскі аднавіў адзінства мітраполіі ўсяе Русі. Вялікі князь Альгерд, аднак, жадаў каб Літоўскаму мітрапаліту падпарадкоўвалася ўся Русь, і каб Літоўскі мітрапаліт быў мітрапалітам усяе Русі (як гэта часова было, напрыклад, за Тэадарыта і Рамана). Таму Альгерд у 1375 годзе дапнуў, каб новы мітрапаліт Літоўскі Кіпрыян быў пастаўлены на сваю пасаду з умовай, што яму спадзе пасада мітрапаліта ўсяе Русі па смерці састарэлага тады Маскоўскага мітрапаліта Алексія. Так і здарылася: па смерці Алексія, Кіпрыян быў у лютым 1378 года пасвечаны канстанцінопальскім патрыярхам і зборам на пасаду мітрапаліта Літоўскага, Кіеўскага і ўсяе Русі. Але яго прыезд у Маскву ў чэрвені 1378 года ледзьве не скончыўся трагічна: ён разам з спадарожнікамі быў выгнаны маскоўскім князем Дзмітрыем з горада, у адказ на што Кіпрыян адлучыў Дзмітрыя ад царквы [1]. Гэта пачало цяжкі закалот між Масковіяй і Літвой, знітаваны з барацьбою за ўладу ва ўсіх сферах. У 1381 годзе, у выніку невядомае інтрыгі, Кіпрыян быў пастаўлены ў Канстанцінопалі на пасаду мітрапаліта Маскоўскага і ўсяе Русі, і прыбыў у Маскву, дзе быў з пашанай сустрэты асабіста вялікім князем Дзмітрыем. Кіпрыян працягваў трымаць шчыльныя сувязі з Вялікім Княствам Літоўскім: гэтак, з ім неаднакротна сустракаўся кароль Валадыслаў-Ягайла.

У 1414 г. па ініцыятыве вялікага князя Вітаўта Наваградскі збор абвясціў незалежнасць Праваслаўнай царквы ВКЛ ад мітраполіі ў Маскве. Абвяшчалася аднаўленне самастойнае, незалежнае ад Масквы Кіеўскай мітраполіі, але сядзібай мітрапаліта фактычна быў Наваградак ці (часцей) Вільня, «Кіеўскім» ён называўся адно па тытуле. Сядзібай мітрапаліта Літоўскага і Кіеўскага ў Вільні быў збор Прачыстае, збудаваны па загаду вялікага князя літоўскага Альгерда ў 1347 годзе. Ад 1415 і да 1596 года Літоўскі мітрапаліт афіцыйна называўся мітрапалітам Літоўскім, Кіеўскім і ўсяе Русі (паралельна Маскоўскія мітрапаліты называліся мітрапалітамі Маскоўскімі, Кіеўскімі і ўсяе Русі).

Аднак у 1420 г. пасля літоўска-наваградскага мітрапаліта Рыгора Цамблака кіраўніком Праваслаўнай царквы ў ВКЛ быў прызнаны кіеўскі мітрапаліт (у Маскве) Фоцій. У 1458 г. Праваслаўная царква ў ВКЛ і Вялікім княстве Маскоўскім канчаткова падзялілася на 2 незалежныя адна ад адной мітраполіі: Кіеўскую з цэнтрам у Наваградку (у 1472 г. мітрапаліт Рыгор Балгарын атрымаў кананічнае прызнанне Канстанцінопальскага патрыярха) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). Ад таго часу да сярэдзіны XVI ст. з 12 мітрапалітаў Праваслаўнай царквы ў ВКЛ (мелі тытул мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі) 9 мелі родавыя маёнткі на Беларусі або займалі вышэйшыя месцы ў беларускай царкоўнай іерархіі.

У сярэдзіне XVI ст. ў склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Наваградку, потым у Вільні) уваходзіла 9 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзіміра-Валынская. Тады ж у Вільні было 17 цэркваў, у Наваградку — 10, у Берасці і Полацку — па 9, у Віцебску — 7, у Гародні і Слоніме — па 6, у Магілеве, Клецку і Слуцку — па 5.

У XV—XVI ст., калі вялікія князі ВКЛ сталі актыўна спрыяць каталіцкай канфесіі, Праваслаўная царква і праваслаўная свецкая знаць павялі барацьбу за свае правы. 15.10.1432 яны дамагліся ад Ягайлы выдання прывілея, які ўраўноўваў праваслаўных феадалаў у правах з католікамі і такім чынам аслабляў дыскрымінацыйны Гарадзельскі прывілей 1413 года. Прывілеем 1434 г. вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча «руская» знаць дамаглася саслоўнай роўнасці з католікамі, але па-ранейшаму абмяжоўвалася ў кіраванні дзяржавай. У 1563 г. Жыгімонт II Аўгуст адмяніў Гарадзельскі прывілей і ў 1568 г. пацвердзіў гэта. Асноўныя палажэнні аб верацярпімасці да праваслаўных зафіксаваны ў «Акце Варшаўскай Канфедэрацыі» 1573, а потым перанесены ў Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. У 1592 прынята каралеўская грамата аб тым, каб свецкія ўлады не ўмешваліся ў справы Праваслаўнай царквы. Асобнымі каралеўскімі граматамі ў 1592 г. зацверджаныя праваслаўныя брацтвы ў Мінску і Берасці.

На працягу стагоддзяў Праваслаўная царква адыгрывала значную ролю ў культурным і грамадскім жыцці Беларусі: развіцці школьніцтва, пашырэнні кніжнай навукі і пісьменства, вядзенні судаводства (справы, звязаныя з парушэннем царкоўных канонаў; духавенства часта выступала дарадцамі князёў). Але духоўнае жыццё часам было занядбаным. Царкоўныя зборы не склікаліся па некалькі дзесяткаў год, не зважаючы на кананічнае патрабаванне штогадовых збораў. Іерархі і святары набывалі сабе пасады, жылі мірскім жыццём, як звычайная шляхта, парушалі праваслаўныя каноны. У выніку аўтарытэт духавенства зніжаўся.

Праваслаўная царква ў ВКЛ пасля Берасцейскай уніі[правіць | правіць зыходнік]

У выніку Берасцейскай уніі 1596 Праваслаўная царква апынулася ў цяжкім становішчы: большасць епіскапаў на чале з мітрапалітам Міхаілам Рагозам перайшла ва ўніяцтва. Праваслаўная царква ў ВКЛ як кананічнае цэлае перастала існаваць. Пачалося змаганне з уніятамі за храмы і манастыры. Спачатку праваслаўныя аб'ядноўваліся для сумеснай барацьбы разам з пратэстантамі, потым звярталіся за дапамогай да Масквы і ўсходніх патрыярхаў, падавалі скаргі ў сойм і Трыбунал ВКЛ. У 1620 Украіну наведаў Іерусалімскі патрыярх Феафан, які прызначыў кіеўскім мітрапалітам (у Кіеве) Іова Барэцкага і епіскапаў на епархіі, але кароль Жыгімонт III не дапусціў іх да кафедраў. Пасля ліквідацыі Віцебскага паўстання 1623, выкліканага дзеяннямі ўніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча, становішча Праваслаўнай царквы пагоршылася, спроба правесці ў 1626 годзе прымірэнчы з'езд праваслаўных і ўніятаў не мела поспеху.

У 1633, каб супакоіць праваслаўнае казацтва Украіны і пазбегнуць паўстанняў з яго боку, кароль Уладзіслаў IV аб'явіў пра стварэнне 4 новых праваслаўных епархій: Луцкай, Львоўскай, Перамышльскай і Магілеўскай праваслаўнай епархіі. Мітрапалітам кіеўскім быў прызначаны Пётр Магіла, пры якім адбывалася пэўнае адраджэнне Праваслаўнай царквы. Зноў заснаваная Магілеўская (Беларуская) епархія была адзінай праваслаўнай епархіяй у межах Беларусі да канца XVIII ст. Падчас паўстання пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага 1648—54 кароль Ян Казімір быў вымушаны ў 1650 абвясвіць аб поўнай свабодзе для вызнання і культу Праваслаўнай царквы. Паводле «вечнага міру» 1686 г. паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, Праваслаўная царква ва Украіне і Беларусі была падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Урад Рэчы Паспалітай разглядаў гэта як парушэнне свайго суверэнітэту, таму зноў пачаў уціск праваслаўных з мэтай далучэння іх да уніі. У XVIII ст. рабіліся спробы перадаць Беларускую (Магілеўскую) епархію полацкаму ўніяцкаму епіскапу. Упартую барацьбу за захаванне Праваслаўнай царквы на Беларусі ў другой пал. XVIII ст. вёў магілеўскі епіскап Георгій Каніскі. У 1768 пад націскам замежных дзяржаў, у тым ліку Расіі, сойм Рэчы Паспалітай згадзіўся ўраўнаваць правы дысідэнтаў (пратэстантаў і праваслаўных) з католікамі.

Праваслаўная царква на Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай[правіць | правіць зыходнік]

Аднак карэнныя змены ў становішчы Праваслаўнай царквы адбыліся толькі пасля далучэння зямель усходняй Беларусі ў 1772 годзе да Расійскай імперыі, дзе праваслаўе было дзяржаўнай рэлігіяй. Каб пазбегнуць небяспекі новых падзелаў, урад Рэчы Паспалітай імкнуўся стварыць у краіне незалежную ад Расіі Праваслаўную царкву, для чаго 1 ліпеня 1719 г. была склікана Пінская кангрэгацыя, аднак яе пастановы не былі выкананы. У гэты час на тэрыторыі ВКЛ эаставалася только 50 праваслаўных прыходаў, ва ўсёй Рэчы Паспалітай каля 300 (300 тыс. прыхаджанаў).

Пасля далучэння да Расійскай імперыі ўсіх земляў Беларусі тут пачала ажыццяўляцца палітыка ўніфікацыі царкоўнай структуры і паступовага замацавання Праваслаўнай царквы як пануючай у дзяржаве. У 1793 заснаваная Мінская епархія, у 1833 адноўленая Полацкая, створаны Віленская (1840) і Гродзенская (1900) епархіі. У Берасці, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-рускай царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода.

З 1780-х г. пачаўся паступовы перавод уніятаў у праваслаўе (напрыклад, у 1783 было далучана 95 цэркваў з амаль 413 тыс. прыхаджанаў), аднак гэты працэс прыпыніўся да 1794. Полацкі царкоўны сабор у 1839 годзе прыняў рашэнне пра канчатковае далучэнне ўніятаў да Праваслаўнай царквы. Пасля Полацкага збору частка былых уніятаў без дазволу царкоўных уладаў перайшла ў каталіцтва. З 1842 Сінод загадаў пераводзіць такіх вернікаў у праваслаўе, што выклікала спрэчкі паміж праваслаўнымі і каталіцкімі іерархамі заходніх губерняў. Новае далучэнне католікаў да Праваслаўнай царквы мела месца ў пачатку 1860-х г. (30 тыс. чалавек у Літоўскай і 37 тыс. чалавек у Мінскай епархіі). Аднак пасля царскага ўказа 17.4.1905 аб верацярпімасці пачаўся адваротны пераход з праваслаўя ў каталіцтва.

У 1840 Сінод прадпісаў духавенству заходніх губерняў чытаць пропаведзі ў нядзелю і па святах на агульназразумелай для прыхаджанаў мове, кіраўніцтву епархій было прапанавана больш клапаціцца аб народнай асвеце, Так, у 1850 у Літоўскай епархіі адчынена 37 царкоўна-прыхадскіх школаў з 1211 вучнямі і 56 настаўнікамі. Да I-й сусветнай вайны ў 5 праваслаўных епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыядычныя выданні.

Праваслаўная царква на Беларусі пасля 1917 года[правіць | правіць зыходнік]

Кардынальныя змены ў становішчы Праваслаўнай царквы адбыліся пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 і Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. Змены ў структуры Праваслаўнай царквы (аднаўленне патрыяршаства, скасаванне кансісторый і замена іх епархіяльнымі сходамі і епархіяльнымі саветамі і інш.) суправаджаліся зменамі статуса Праваслаўнай царквы ў грамадстве — аддзяленнем царквы ад дзяржавы.

У БССР у 1922 была ўтворана Беларуская праваслаўная мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам (Паеўскім, 1920 — 27), які меў тытул «менскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. у 1927 абвешчаная Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ), адначасова з якой існавала абнаўленчая Беларуская аўтаномная праваслаўная царква. Аднак рэпрэсіўная палітыка савецкіх уладаў у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царкоўнае жыцця; не дзейнічала ніводная з кананічных беларускіх праваслаўных епархій.

Заходняя Беларусь (каля 1 млн. праваслаўных вернікаў) у 1921 адышла да Польшчы, дзе ў 1922 была створана Польская аўтакефальная праваслаўная царква (ПАПЦ; у 1924 кананічна прызнаная Канстанцінопальскім патрыярхам), якая ўключала 5 епархій, у тым ліку Віленскую, Гродзенскую, Пінскую. Вышэйшае духавенства прыносіла прысягу польскаму ўраду. Мітрапалітам стаў архіепіскап варшаўска-холмскі Дзіянісій (Валедынскі). ПАПЦ мела манастыры, духоўную семінарыю ў Вільні, 337 прыходаў у Віленскай і Гродзенскай епархіях, выдавала рэлігійную літаратуру на беларускай, рускай, украінскай і польскай мовах.

У 1939 пасля далучэння Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР быў створаны экзархат Заходніх Беларусі і Украіны Маскоўскага патрыярхата на чале з архіепіскапам Панцеляймонам (Ражноўскім).

Падчас нямецкае акупацыі Беларусі ў 1942 адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілеўская, Наваградская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт Мінскі і ўсяе Беларусі Панцеляймон. У канцы 1941 у афіцыйных царкоўных дакументах упершыню ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». Усебеларускі царкоўны сабор (Мінск, жнівень-верасень 1942 года) зацвердзіў статут Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, але адклаў кананічнае абвяшчэнне аўтакефаліі да прызнання яе памеснымі праваслаўнымі царквамі (арт. 113 Статута), якога, як вядома, не адбылося. Такім чынам, БАПЦ фармальна абвешчаная не была. Яшчэ раз БАПЦ (на эміграцыі) была заснавана ў г. Канстанцы (Германія) у чэрвені 1948 года епіскапам УАПЦ С. Ахаценкай, які знаходзіўся пад анафемай Канстанцінопальскага патрыярха.

У 1950-х епіскапы на новаўтвораныя беларускія кафедры не сталі прызначацца, таму адзінай епархіяй у БССР доўгі час заставалася Мінская. Кіруючыя Мінска-Беларускія архірэі:

У 1957 на Беларусі працавала 968 праваслаўных храмаў, з якіх 709 былі прыхадскімі, 3 манастыры, 1 духоўная семінарыя. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. засталося 369 царкоўных прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была зачынена.

Царкоўнае жыццё ў СССР актывізавалася напрыканцы 1980-х напярэдадні святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі. У 1989 годзе была створана Беларуская Праваслаўная Царква (Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату) на чале з менскім мітрапалітам Філарэтам.

Спіс мітрапалітаў сярэдневяковай Беларусі (Літвы)[правіць | правіць зыходнік]

Спіс мітрапалітаў, пад юрысдыкцыяй якіх былі беларускія землі ў перыяд ад разбурэння Кіева мангола-татарамі да заключэння Берасцейскай уніі.

  • Іосіф (? — 1240) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Грэк, жыў у Кіеве. Знік без вестак падчас мангола-татарскага нашэсця.
  • Кірыл (1250—1281) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Славянін, быў ігуменам манастыра пад Кіевам. Жыў ва Уладзіміры-на-Клязьме.
  • Максім (1281—1305) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Грэк, жыў у Кіеве. З 1299 з-за татарскага нападу перасяліўся ў Суздаль.
  • Ніфант (1303—1308) мітрапаліт Галіцкі (паводле некаторых звестак — Галіцка-Літоўскі). Грэк, жыў у Галічы.
  • Пётр (1308—1326) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Славянін, родам з Валыні, быў ігуменам Рацькаўскага манастыра на Галіччыне. Жыў у Кіеве, Бранску, Уладзіміры-на-Клязьме. Прыблізна ад 1311 — жыў у Маскве. Кананізаваны ў ліку святых.
  • Тэафіл (1316—1330) — першы вядомы мітрапаліт Літоўскі. Месца кафедры — Наваградак. Пачынаючы ад мітрапаліта Тэафіла ў ВКЛ амаль бесперапынна на працягу трох стагоддзяў існавала незалежная мітраполія.
  • Феагност (1326—1353) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Грэк па паходжанні. Жыў у Маскве.
  • Імя невядомае (1337 ? — 1347) — мітрапаліт Галіцка-Літоўскі.
  • Тэадарыт (1354—1356) — мітрапаліт Літоўскі, не прызнаны Маскоўскім мітрапалітам. Тэадарыт быў пасвячоны тырнаўскім (балгарскім) патрыярхам, сам імаверна быў балгарынам. Яго высвячэнне не прызнала Масква, аднак ён справаваўся ў Кіеве, і да прызнання яго кананічнай улады часова схіляўся навагародскі архібіскуп Майсей.
  • Раман (1356—1362) мітрапаліт Літоўскі (у 1356 г. нейкі час пісаўся «мітрапалітам Літоўскім, Кіеўскім і ўсяе Русі»; пасля развязання спрэчкі з Масквою застаўся мітрапалітам Літоўскім і Малой Русі). Славянін (сваяк жонкі в.к. Альгерда — Юльяны). Жыў у Наваградку і Кіеве.
  • Алексій (1354—1378) мітрапаліт Маскоўскі, Кіеўскі і ўсяе Русі. Славянін. Жыў у Маскве. Кананізаваны ў ліку святых.
  • Кіпрыян (1375—1406) мітрапаліт Літвы і Малой Русі. Ад лютага 1378 года да чэрвеня 1380 года, згодна з пастановай Канстанцінопальскага патрыярха і збору — мітрапаліт Літоўскі, Кіеўскі і ўсяе Русі. Ад 1381 года — мітрапаліт Маскоўскі, Кіеўскі і ўсяе Русі. Балгарскі манах, практыкаваўся на гары Атон (хутчэй за ўсё, стрый пазнейшага мітрапаліта Літоўскага — Грыгора Цамблака). Жыў у Наваградку, Кіеве, пазней — у Маскве. Кананізаваны ў ліку святых.
  • Фоцій (1408—1431) — мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Грэк. Жыў у Маскве. Кананізаваны ў ліку святых.
  • Рыгор Цамблак (1415—1420?) мітрапаліт Літоўскі. Славянін. Жыў у Наваградку. Высвечаны некананічна — зборам мясцовых епіскапаў. Памёр у Нямецкім Малдаўскім манастыры ў 1454 годзе.
  • Герасім (1433—1437) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Славянін. Жыў у Смаленску. Пагадзіўся ў 1434 годзе на унію з Рымам.
  • Ісідар(1437—1441) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Грэк. Падпісаў Ферара-Фларэнційскую унію ў 1439 годзе. Жыў у Маскве. Пагадзіўся ў 1434 годзе на унію з Рымам.
  • Іона (1448—1464[5]) мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі. Галічанін[6]. Жыў у Маскве. Абраны аўтакефальна ў Маскве, бо Канстантыпольскі патрыярх Рыгор Мамас прыняў Ферара-Фларэнційскую унію. Кананізаваны ў ліку святых.
  • Рыгор Балгарын (1458—1473) мітрапаліт Кіеўскі, Літоўскі і ўсяе Русі. Жыў у Наваградку. Рукапакладзены ўніяцкім патрыярхам Грыгорыем Маммасам. У 1469 годзе вярнуўся ў праваслаўе і ў 1472 годзе быў пацверджаны Канстанцінопальскім патрыярхам.
  • Місаіл (Пеструч) (1475—1480) мітрапаліт Літоўскі. Літвін. Жыў у Наваградку. Не пацверджаны Канстанцінопальскім патрыярхам.
  • Спірыдон (Сатана) (1477-?) мітрапаліт Літоўскі. Цвяранін. Пацверджаны Канстанцінопальскім патрыярхам. Увесь час правёў у зняволенні спачатку ў Вялікім Княстве Літоўскім, потым у Маскоўскім княстве.
  • Сімяон (1481—1488) мітрапаліт Літоўскі. Быў архіепіскапам Полацкім.
  • Іона Глезна (1492—1494) мітрапаліт Літоўскі. Быў епіскапам Полацкі. Доўга не згаджаўся на мітрапаліцтва.
  • Макарый (Чорт) (1495—1497) мітрапаліт Літоўскі. Быў архімандрытам Віленскага Траецкага манастыра. Забіты татарамі ля Мазыра.
  • Іосіф I Балгарынавіч (1498—1501) мітрапаліт Літоўскі. Паходзіць з-пад Слуцка. Прыхільнік уніі з Рымам.
  • Іона II (1503—1507) мітрапаліт Літоўскі. Быў архімандрытам Мінскага Узнясенскага манастыра.
  • Іосіф II Солтан (1508—1521) мітрапаліт Літоўскі. Былы Смаленскі епіскуп. Актыўны дзеяч праваслаўя, правёў два царкоўных зборы ў Вільні.
  • Іосіф III (1522—1534) мітрапаліт Літоўскі. Быў Полацкім архіепіскупам. Жорсткі праціўнік уніі.
  • Макарый II (1534—1556) мітрапаліт Літоўскі. Родам з Масквы.[7]. Падчас яго мітрапаліцтва было шмат бязладдзяў у царкве.
  • Сільвестар Бялькевіч (1556—1567) мітрапаліт Літоўскі. Быў каралеўскім скарбнікам і ключнікам. Нізкія маральныя якасці прывялі царкву да заняпаду.
  • Іона Пратасовіч-Астроўскі (1568—1577) мітрапаліт Літоўскі. Быў епіскапам Турава-Пінскім. Зрабіў шмат настойлівых хадайніцтваў да караля і сойма на карысць праваслаўя.
  • Ілья Куча (1577—1579) мітрапаліт Літоўскі. Іона Пратасевіч-Астроўскі абраў яго сваім пераемнікам.
  • Анісіфар Дзевачка (1579—1588) мітрапаліт Літоўскі. Быў архімандрытам Ляўрышэўскага манастыра. Пазбаўлены сану Канстанцінопальскім патрыярхам за дваяжонства.
  • Міхаіл Рагоза (1589—1595) — апошні Літоўска-Наваградскі праваслаўны мітрапаліт. Быў архімандрытам Мінскага Узнясенскага манастыра. Заключыў Берасцейскую унію з Рымам.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Д. Баронас. Древнейшие следы пребывания русских в Вильнюсе. // Балты в древности и средневековье: языки, история, культура / Отв. ред. М. В. Завьялова. — М., 2000
  2. Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди.- Вестн. Зап. России, 1869, т. IV, кн. 10, отд. II, с. 1-16; кн. 11, с. 45-63; кн. 12, с. 85-111.
  3. Gelzer H., Beitrage zur russischen Kirchengeschichte aus griechischen Quellen // Zeitschrift fur Kirchengeschichte, XIII, 1892; Павлов А. С. О начале Галицкой и Литовской митрополий и о первых тамошних митрополитах по византийским документальным источникам XIV в. // Русское обозрение. 1894. кн. 5 (май). с. 236—241.
  4. Памятники древнерусского канонического права / РИБ, т. 6, СПб., 1880. стб. 92-94; Павлов А. С. О начале Галицкой и Литовской митрополий и о первых тамошних митрополитах по византийским документальным источникам XIV в. // Русское обозрение. 1894. кн. 5 (май). с. 236—241.
  5. Иона, митрополит Московский и всея Руси(руск.) 
  6. Митрополит Иона; самостоятельность Русской Церкви и разделение ее на две митрополии(руск.) 
  7. Прыдворны капелан каралевы Алены-маскавіткі, парох Ляшчынскага манастыру ў Пінскай епархіі, Епіскап Пінскі і Тураўскі, з 1528 — епіскап Луцкі і Астрожскі. («ОЧЕРК ИСТОРИИ ПРАВОСЛАВИЯ В ЛИТВЕ»)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мартос, А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. — Мн. 2000.(руск.)  [2], [3]
  • Антон Карташев. История русской церкви.(руск.) 
  • Арх. Аф. Мартос. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни / Арх. Аф. Мартос. Репринт. Минск, 1990.
  • Беларусы : энцыклапедыя : у 10 т. / І. У. Чаквін [і інш.]. Мінск, 2007. Т. 10: Славянскія этнакультурныя традыцыі.
  • Верашчагіна, А.У. Гісторыя канфесій у Беларусі : мінулае і сучаснасць / А.У. Верашчагіна, А. В. Гурко. Мінск, 2000.
  • Верашчагіна, А.У. Хрысціянскія святы на Беларусі : дапам. для настаўнікаў гісторыі і выкладчыкаў курса «Рэлігіязнаўства» / А.У. Верашчагіна. Мінск, 2005.
  • Канфесіі на Беларусі (к. ХVIII—XX ст.) / В. В. Грыгор'ева [і інш.] ; навук. рэд. У.І. Навіцкі. Мінск, 1998.
  • Мельнікаў, А.А. Кірыл, епіскап Тураўскі : Жыццё. Спадчына. Светапогляд / А.А. Мельнікаў. Мінск, 2000.
  • Никольский, Н.М. История русской церкви / Н.М. Никольский. М., 1985.
  • Поспеловский, Д.В. Русская Православная Церковь в XX веке / Д.В. Поспеловский. М., 1995.
  • Пучков, П.И. К вопросу о классификации религий / П.И. Пучков // Этнос и религия : сборник / отв. ред.-сост. Б. Р. Логашова. М., 1998. С. 7—47.
  • Рэлігія і царква на Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал. : Г.П. Пашкоў [і інш.] ; маст. А.А. Глекаў. — Мінск : БелЭн, 2001. — 368 с.
  • Токарев, С.А. Религиозные верования восточнославянских народов XIX — нач. XX вв. / С. А. Токарев. М.; Л., 1957.
  • Федосик, В.А. В сладкогласии песнопений литургии / В. А. Федосик. Минск, 1985.
  • Чаквін, І.У. Фарміраванне канфесій і іх эвалюцыя / І. У. Чаквін // Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мінск, 2000. С. 59—68.
  • Чарота, І.А. Беларуская мова і Царква / І. А. Чарота. Мінск, 2000.
  • Этноконфессиональные процессы в Беларуси и формирование патриотизма / А. С.Майхрович [и др.]. 2-е изд. Минск, 2004.
  • Яскевіч, А.А. Падзвіжнікі і іх святыні : Духоўная культура старажытнай Беларусі / А. А. Яскевіч. Мінск, 2001.
  • Шаблон:Крыніцы/Рэлігія і царква на Беларусі

Шаблон:Распаўсюджанне праваслаўя