Перайсці да зместу

Сабор Святога Кнуда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кафедральны сабор
Святога Кнуда
Sct. Knuds Kirke
55°23′43″ пн. ш. 10°23′20″ у. д.HGЯO
Краіна  Данія
Горад Одэнсэ
Канфесія Евангелічная лютэранская царква
Епархія Diocese of Funen[d]
Благачынне Sankt Knuds Parish[d]
Архітэктурны стыль Цагляная готыка
Дата заснавання каля 1300
Матэрыял цэгла
Сайт odense-domkirke.dk
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сабор Святога Кнуда (дацк.: Sct. Knuds Kirke) — кафедральны сабор евангелічнай лютэранскай царквы ў горадзе Одэнсэ, Каралеўства Данія; адзін з шэдэўраў дацкай цаглянай готыкі. Пахавальня дацкага караля Кнуда IV Святога і яго брата Бенедыкта.

Паводле падання, у 1086 годзе ў Одэнсэ, падчас малітвы перад алтаром бенедыкцінскага кляштара Святога Албана паўсталымі падданымі быў забіты дацкі Кароль Кнуд IV, яго брат Бенедыкт і яшчэ 17 рыцараў. Пасля забойства караля Кнуда на Данію абрынулася некалькі неўрадлівых гадоў, якія выклікалі голад, што было ўспрынята датчанамі як божая кара за святатацкае злачынства ў царкве. Амаль адразу ж сталі вядомыя выпадкі цудоўных вылячэнняў на магіле Кнуда IV. Гэта прывяло да яго хуткай кананізацыі ўжо ў 1101 годзе.

Драўляная царква на ўзгорку Klosterbakken, на месцы капішча вікінгаў, была ўзведзена ў 1095 годзе адмыслова для пахавання рэштак Кнуда IV. Дэталі яе падмурка з траверціну і цяпер можна ўбачыць у склепе сабора. Старая царква была пабудавана ў раманскім стылі з паўкруглымі аркамі, якія падтрымліваюць плоскую столь.

У 1247 годзе падчас грамадзянскай вайны паміж каралём Эрыкам IV і яго братам Абелем невялікая драўляная царква згарэла ў агні пажару. У канцы XIII стагоддзя Гізіка — біскуп Одэнсэ з 1286 па 1300 гады — заклаў на гэтым месцы новы храм. Гатычная царква чырвонай цэглы са спічастымі аркамі і высокімі скляпеннямі будавалася каля двухсот гадоў і была асвячоная 30 красавіка 1499 года.

У 1513 годзе ў саборы Святога Кнуда быў пахаваны дацкі кароль Ганс. Рэшткі яго жонкі Крысціны Саксонскай, сына, караля Крысціяна II з жонкай Ізабелай Аўстрыйскай, былі пахаваныя ў каралеўскай капліцы францысканскага мужчынскага кляштара, разбуранага ў 1807 годзе. Пасля гэтага цела членаў каралеўскай сям'і былі перапахаваны ў саборы Святога Кнуда.

Гатычны алтар сабора

У 1586 годзе была завершана вежа сабора. У храм з каралеўскай капліцы быў перададзены гатычны алтар XVI стагоддзя працы любекскага майстра Клауса Берга, якому пашчасціла перажыць гады рэфармацыі. Гэты разьбяны пазалочаны трыпціх з 300-мі фігурамі святых і дацкіх каралёў у наш час лічыцца адным з нацыянальных скарбаў Даніі.

Сабор уяўляе сабой трохнефны храм з двума шэрагамі калон і мае ў даўжыню 52 метра і ў шырыню — 22 метра. На вежы — пяць званаў, самы стары з якіх датуецца 1677 годам, а самы малады — 1880 годам. Самым наведвальным месцам сабора застаецца крыпта, дзе захоўваюцца мошчы Святога Кнуда.

  • Odense. W: Monika Witkowska, Joanna Hald, Marek Pernal, Jakub Sito, Barbara Sudnik-Wójcikowska: Första klass reseguider: Danmark. Wyd. 2. Stockholm: Streiffert Förlag AB, 2008, s. 174. ISBN 978-91-7886-471-3 (пол.)