Сабіна Іваноўская

З пляцоўкі Вікіпедыя
Сабіна Іваноўская
Род дзейнасці настаўніца, хатняя гаспадыня
Дата нараджэння 7 снежня 1877(1877-12-07)
Дата смерці 19 кастрычніка 1954(1954-10-19) (76 гадоў)
Месца пахавання
Грамадзянства
Веравызнанне Лацінская Царква[1]
Бацька Ян Ячыноўскі[d]
Муж Вацлаў Іваноўскі
Дзеці Ганна Іваноўская-Карнэцкая[d], Стэфан Іваноўскі[d] і Вацлаў Іваноўскі[d]
Узнагароды і прэміі

Сабіна Іваноўская (дзявоч. Ячыноўская; 7 снежня 1877 — 19 кастрычніка 1954) — педагог, жонка Вацлава Іваноўскага.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў 1877 годзе ў сям’і банкаўскага службоўца Яна Ячыноўскага і Стафаніі з роду Стравінскіх, была перадапошняй сярод дзевяцярых дзяцей. Бацькі паходзілі з Беларусі, але аселі ў Шаўлях. Бацькі рана памерлі, і Сабіна выхоўвалася пад апекай старэйшага брата Цэзарыя — шавельскага ксяндза. Пазней вучылася ў гімназіі і на курсах Лесгафта ў Санкт-Пецярбургу, жыла ў пансіёне св. Кацярыны, дзе выхавацелькай была яе сястра Станіслава, у замужжы Міхаловіч. Пазнаёмілася ў Санкт-Пецярбургу з Вацлавам Іваноўскім і Алаізай Пашкевіч. Распаўсюджвала разам з іншымі нелегальныя сацыялістычныя выданні, за гэта яе арыштавалі, была вызвалена пад заклад.

Вацлаў і Сабіна Іваноўскія, 1912

Шлюб Вацлава Іваноўскага з Сабінай Ячыноўскай справілі 10 студзеня 1905 года ў рымска-каталіцкім касцёле ў Шаўлях. Яна была на два гады старэйшая за мужа, што не надта адпавядала тагачасным звычаям, і Вацлаў «пастарыў» сябе да 27 гадоў, а Сабіна «памаладзела» да 25, так і было зафіксавана ў шлюбным пасведчанні. Захаплялася і маральна падтрымлівала дзейнасць Вацлава на ніве беларускага нацыянальнага адраджэння. Педагог і супрацоўнік бібліятэкі Пецярбургскага ўніверсітэта Сабіна Іваноўская ўвайшла з 1905 года ў праўленне выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца». У шлюбе нарадзілася трое дзяцей: Стэфан (1907), Вацлаў (1910) і Ганна (1915). Паводле ўспамінаў дачкі, «матка была ў захапленні ад беларускай дзейнасці бацькі, высока цаніла яго ідэйныя пазіцыі і працавала з ім разам. Дзецям спявала беларускія песні, вучыла беларускіх малітваў і вершаў».

У 1915 Вацлаў Іваноўскі ў часе Першай сусветнай вайны, пакінуўшы сям’ю ў Вільні, з’ехаў у Расію. Неўзабаве Сабіна з дзецьмі пераехалі ў сямейны маёнтак Лябёдку. Доўгае расстанне перарасло ў развал сям’і. Пасля смерці ўладальніка Лябёдкі Леанарда Іваноўскага (1919) з цягам пасляваеннай стабілізацыі распачалася спадчынная працэдура, у выніку якой Вацлаў атрымаў частку фальварка — Рагачоўшчыну і Баяры. Першую з іх ён аддаў Сабіне.

У 1920 г. Вацлаў Іваноўскі ўзяў шлюб з вільнянкай Лігіяй Федаровіч. Сабіна з дзецьмі тым часам жыла ў Вільні і працавала настаўніцай гімнастыкі ў жаночай гімназіі імя Элізы Ажэшкі(польск.) бел.. У 1930-я гады гаспадарыла ў Рагачоўшчыне. У лістападзе 1939 амаль усе Іваноўскія знаходзіліся ў Вільні, якая апынулася цяпер за літоўскай мяжой, асцерагаючыся, што як «эксплуататараў» іх рэпрэсуюць савецкія ўлады.

Нямецкую акупацыю Сабіна Іваноўская перажыла ў Лябёдцы. Тут схавалі ад нацыстаў дзвюх жанчын яўрэйскага паходжання — Эму Альтберг(польск.) бел. (1889—1983) і яе сястру Марыю Арнольд (1893—1995). 22 кастрычніка 2001 года за ўратаванне яўрэяў званне «Праведнікаў свету» было нададзена: Сабіне Іваноўскай з Ячыноўскіх, Алене Скіндэр з Іваноўскіх, Ганне Карнэцкай з Іваноўскіх(польск.) бел. і Адольфу Данілевічу[2].

Памерла ў 1954 годзе. Пахавана ў Варшаве на Вайсковых могілках на Павонзках, побач з сынамі, якія загінулі ў Варшаўскім паўстанні.

Дзеці[правіць | правіць зыходнік]

  • Стэфан (1907—1944), выпускнік Варшаўскай палітэхнікі, інжынер-электрык, лётчык, паручнік Арміі Краёвай, загінуў у Варшаўскім паўстанні.
  • Вацлаў (1910—1944), выпускнік Варшаўскай палітэхнікі, інжынер-гідратэхнік, сержант падхарунжы Арміі Краёвай, удзельнік Варшаўскага паўстання, смяротна паранены.
  • Ганна(польск.) бел. (1915—2017), выпускніца Галоўнай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве, інжынер-агратэхнік

Зноскі