Загляне сонца і ў наша аконца
Пазнакі выдавецкай суполкі кірыліцай і лацінкай
|
«Загля́не со́нца і ў на́ша ако́нца»[1] (арыгінальная назва: «Загляне сонцэ и ў нашэ ваконцэ», лацінкай: «Zahlanie sonce i ŭ naše wakonce», праз недахоп шрыфтоў часам таксама лацінкай: «Zahlanie sonce i ŭ nasze wakonce») — першая легальная беларуская выдавецкая суполка, існавала ў Санкт-Пецярбургу ў 1906—1914 (1916?) гадах. Створана Вацлавам Іваноўскім.
Суполка выдавала кнігі кірыліцай і лацінкай, агульны наклад іх перавысіў 100 тысяч. Сярод выданняў творы беларускай літаратуры XIX ст. (Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка), першыя кніжныя выданні маладых аўтараў і будучых класікаў беларускай літаратуры (Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны), першыя беларускія падручнікі, сцэнічныя творы, дапаможнікі для гаспадароў, паштоўкі. Адначасна выдавецкай суполкай выпрацоўвала прынцыпы правапісу беларускай мовы, нормы кірылічнага і лацінскага алфавітаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]

Юрыдычнай падставай легальнай выдавецкай дзейнасці на беларускай мове быў выдадзены 12 (25) снежня 1904 года ўказ расійскага імператара Мікалая II, які скасоўваў ранейшыя абмежаванні ўжытку мясцовых моў у заходніх губернях Расійскай імперыі. Выкарыстаць гэту магчымасць вырашыў нядаўні выпускнік Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута Вацлаў Іваноўскі, які ўжо меў досвед нелегальнай выдавецкай дзейнасці падчас працы ў арганізацыях «Беларуская рэвалюцыйная партыя» і «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У варунках, якія дазволілі развіваць пастаянную і значна шырэйшую выдавецкую дзейнасць, неабходны былі большыя сродкі і новыя супрацоўнікі. Вацлаў Іваноўскі ў 1905 годзе спрабаваў прыцягнуць да гэтай справы беларускіх памешчыкаў Аляксандра Ельскага і Эдварда Вайніловіча, але безвынікова[2]. Але вынік арганізацыйнай працы быў станоўчы: у студзені 1906 суполка мела 45 удзельнікаў.

Назва выдавецтва — прымаўка, якая выражае надзею на лепшую будучыню. У канцы ХІХ ст. яна выкарыстоўвалася як слоган для нелегальных беларускіх выданняў, напрыклад: другі эпіграф у адозве народнікаў-«гоманаўцаў» «Письма о Белоруссии» (1882) Данілы Баравіка, а таксама выдання пад назвай «Дзядзька Антон» (Тыльзіт, 1892)[3].
Першы этап дзейнасці (1906—1909)
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнасць арганізацыі пачалася з выдання ліста, у якім быў заклік прыняць удзел у беларускай выдавецкай дзейнасці. Ліст быў набраны лацінкай, магчыма быў і кірылічны варыянт, але ён не захаваўся. З гэтым лістом-зваротам да розных асоб высылалі экзэмпляр Статута[4].
Суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» была афіцыйна зарэгістравана ў маі 1906 года. Ва ўправу ўваходзілі Вацлаў Іваноўскі (старшыня), Уладзіслаў Сталыгва (сакратар), Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Юры Іваноўскі, Вінцэнт Валейка, Сабіна Іваноўская, Уладзіслаў Калашэўскі. 5 мая 1906 года згаданыя асобы ўклалі натарыяльны дагавор тэрмінам да канца 1908 года, паводле якога неслі сумесную адказнасць за дзейнасць і абавязкі суполкі[5]. На практыцы амаль усе рэдакцыйныя працы выконвалі Вацлаў Іваноўскі і Браніслаў Эпімах-Шыпіла, апошні перадаў на патрэбы суполкі частку сваёй кватэры на Васільеўскім востраве. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К. Л. Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай, некаторыя паралельна двума шрыфтамі. Асноўная частка тыражу адпраўлялася на Беларусь[6].

У ліпені 1906 года выйшаў «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (лацінскі варыянт, складальнік і рэдактар Вацлаў Іваноўскі) і серыя паштовак («Шчарсуны ўлетку», «Шчарсуны ўзімку», «Францішак Багушэвіч (Мацей Бурачок) — пясняр беларускі», «Вінцук Марцінкевіч — пясняр беларускі», «Мужыкі спад Пухавіч», «Торжышчэ ў Пухавічах», «Дзяўчаты спад Слуцка», «Парабковая дворная хата», «Дудар беларускі», «Янка Лучына (Іван Неслухоўскі), пясняр беларускі», «Вясковая баба Трыбужкоў», «Дом Тадэвуша Касцюшкі» ў Мерачоўшчыне, а праз некалькі тыдняў — кірылічны варыянт лемантара і «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі (у двух варыянтах). Трэці падручнік, «Гутаркі аб небе і зямлі», перакладзены з польскай мовы верагодна Казімірам Кастравіцкім пры ўдзеле Вацлава Іваноўскага[2], быў надрукаваны ў пачатку 1907 года. Да сакавіка 1908 года суполка выдала чатыры кніжкі пісьменнікаў XIX ст. у серыі «Народныя песняры» — «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Францішка Багушэвіча, «Гапон» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і пераклад дзвюх былін паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». На пачатку 1908 года надрукаваны першы зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка». Увесну 1908 года вынік выдавецкай дзейнасці складалі дзесяць кніжак і крыху больш за дзесяць паштовак.
Пасля аж да восені 1909 года суполка не выдала ніводнай кніжкі. На гэта паўплываў часовы ад’езд Вацлава Іваноўскага ў Мюнхен дзеля вучобы, а таксама прэтэнзіі з боку расійскай цэнзуры[2].
Другі этап дзейнасці (1909—1913)
[правіць | правіць зыходнік]30 красавіка 1909 года быў заключаны новы дагавор сяброў-заснавальнікаў. 3 ліку ранейшых членаў выбылі Браніслаў Эпімах-Шыпіла і У. Калашэўскі, засталіся Вацлаў і Станіслаў Іваноўскія, Юрый (Ежы) Іваноўскі, Уладзіслаў Сталыгва, Вінцэнт Валейка; з’явіліся новыя сябры: Антон Трэпка-Неканда з жонкай, Антон Грыневіч і Генрык Ражноўскі. Адначасова суполка пераехала ў новае памяшканне. Актывы яе істотна павялічыліся, што стварыла магчымасці пашырэння выдавецкай дзейнасці. Кіраўніком выдавецтва застаўся Вацлаў Іваноўскі, а Юрый Іваноўскі стаў адказным рэдактарам[2].
У канцы 1909 года ў Сагкт-Пецярбург быў запрошаны Ян Луцэвіч (Янка Купала), які атрымліваў магчымасць удзельнічаць у выданні ўласных новых твораў. Тут выйшла шэсць першых кніжак Янкі Купалы: акрамя «Жалейкі» гэта былі «Адвечная песня», «Гусляр», «Сон на кургане», «Паўлінка» і «Шляхам жыцця» (асобныя з іх выдадзены ў выдавецтве Антона Грыневіча, які распачаў самастойную выдавецкую дзейнасць).
Пачаўся ж другі этап дзейнасці суполкі з выдання ў жніўні—верасні 1909 года кнігі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы». Амаль адначасова пад маркаю «Загляне сонца…» у Вільні выйшла кніга К. Дулебы «Як ратаваць уздутую жывёлу» (у перакладзе Вацлава Іваноўскага), а ў студзені 1910 падручнік Якуба Коласа «Другое чытанне для дзетак беларусаў», выдадзены разам з віленскім таварыствам «Наша хата». У сярэдзіне таго ж года надрукаваны адным томам творы Дуніна-Марцінкевіча «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» з уступным артыкулам Вацлава Іваноўскага «Вінцук Дунін-Марцінкевіч і яго жыццё». Гэта была адна з першых спроб паказу складанай фігуры гэтага пісьменніка і ацэнкі яго значэння для беларускай літаратуры. Выхадам кнігі серыя «Народныя песняры» была закончаная.
Апрача таго, у 1910—1912 гадах суполка літаграфічным спосабам накладам 200 або 400 асобнікаў выдала рэпертуарную серыю сцэнічных твораў. У серыі выйшлі камедыі «Модны шляхцюк» Каруся Каганца (1910), «Сватанне» Антона Чэхава ў перакладзе Напалеона Чарноцкага (1910), «Пашыліся ў дурні» (1910) і «Па рэвізіі» (1911) Марка Крапіўніцкага, абедзве ў апрацоўцы Напалеона Чарноцкага, і «Міхалка», перапрацоўка польскай камедыі, выкананая Вацлавам Іваноўскім (1911). Суполка выдала таксама драматычныя творы Эілзы Ажэшкі «У зімовы вечар» (1910, пераклад Вацлава Латоўскага), «Хам» (1912) і камедыю Янкі Купалы «Паўлінка» (студзень 1913).
У 1911 выйшлі яшчэ два выданні: невялікае апавяданне А. Новіча «У дому лепей» і адносна вялікі дапаможнік для пчаляроў Генрыка Бярозкі «Пчаліна — жывёлка малая, а карысці дае многа».
У канцы жніўня 1911 года пачалася падрыхтоўка да выдання рэгулярнага альманаха пад назвай «Маладая Беларусь». У 1912—1913 гадах выйшлі тры сшыткі; тэматычны профіль вызначалі мастацкія творы: Янкі Купалы (тут надрукавана паэма «Сон на кургане»), Якуба Коласа, Цёткі, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Алеся Гурло, Канстанцыі Буйло, Хведара Чарнышэвіча, Янкі Журбы, А. Новіча, Альфонса Петрашкевіча. Навукова-папулярную тэматыку прадстаўлялі пераважна артыкулы Антона Луцкевіча (пад псеўданімам А. Навіна).
Такім чынам, з вясны 1909 дзейнасць суполкі развівалася паспяхова. Разам з ростам колькасці выдаваных кніжак павялічыўся іх продаж, які нарэшце пачаў прыносіць прыбытак[2].
Трэці этап дзейнасці (1913—1914)
[правіць | правіць зыходнік]На апошнім этапе ў дзейнасці суполкі адбыліся важныя змены, абумоўленыя ад’ездам Вацлава Іваноўскага і Янкі Купалы ў Вільню і заснаванне імі там Беларускага выдавецкага таварыства. 1 чэрвеня 1913 года адбылася рэарганізацыя ўправы, у якую вярнуўся Браніслаў Эпімах-Шыпіла, а таксама ўвайшлі Аляксандр Ярэміч і Язэп Сушынскі. Аднак у новых арганізацыйных умовах магчымасці выдавецкай дзейнасці былі абмежаваныя. У другой палове 1913 года суполка выдала літаграфічным спосабам камедыі «Мядзведзь» Антона Чэхава і «Як яны жаніліся» Аляксандра Валодзьскага ў перакладзе Вацлава Ластоўскага. Выйшлі таксама «Батрак» Якуба Коласа, «Абразкі» Змітрака Бядулі, «Песні» Цішкі Гартнага (Змітрака Бядулі), «Амерыканец» А. Новіча — раней яны ўжо былі апублікаваныя ў альманаху «Маладая Беларусь». Прыкладна ў сярэдзіне 1914 года была перавыдадзеная (у няпоўным выглядзе) «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча.
У 1914 годзе выдаўцы сутыкнуліся з фінансавымі цяжкасцямі і цэнзурнымі рэпрэсіямі. Цяжкую сітуацыю найярчэй адлюстроўвае запіс, зроблены рукой Браніслава Эпімаха-Шыпілы на гандлёва-выдавецкім каталогу друкарні Марціна Кухты 1914 года «Спісак беларускіх кніжак і часопісаў»: «гэта не жыццё, а выццё»[7].
Выдавецкую дзейнасць спыніла Першая сусветная вайна.
Можна меркаваць, што ў 1916 годзе выдавецтва паспрабавала аднавіць сваю дзейнасць, выпусціўшы кнігу Якуба Коласа «Антось Лата» (1-ю дзею) пад назвай «Чарка ўсё на свеце робіць»; на кнізе было было пазначана «Працяг будзе». Аднак на гэтым дзейнасць суполкі скончылася[8].
Тыпаграфіі
[правіць | правіць зыходнік]Таварыства наладзіла партнёрскія стасункі з пецярбургскай друкарняй Казіміра Пянткоўскага і асноўную частку сваіх кніг выпускала на Вялікай Пад’ячаскай, 22, дзе апошняя і размяшчалася. Дзякуючы спачуванню беларускай справе ўласніка гэтай друкарні, суполцы ўдалося атрымаць крэдыт на работу і ўзбагаціць набор беларускіх шрыфтоў.
Два выданні кірыліцай і лацінкай («Як ратаваць уздутую жывёлу» К. Дулембы) былі замоўлены ў Марціна Кухты і адно ў пецярбургскай друкарні Юрыя Эрліха (зборнік Янкі Купалы «Шляхам гадоў»)[9].
Фінансаванне
[правіць | правіць зыходнік]Ад самага пачатку «Загляне сонца і ў наша аконца» мела многа матэрыяльна-забяспечаных людзей: Вацлаў Іваноўскі, які ўжо паспеў стаць прафесарам, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, які прытуліў кантору выдавецтва на ўласнай кватэры і не шкадаваў грошай на яго з свайго заработку. Грашовыя ахвяраванні паступалі ў суполку ад княгіні Магдалены Радзівіл[10].Зборнік Янкі Купалы «Шляхам жыцця» быў выдадзены пры падтрымцы доктара Аляксандра Ярэміча[11].
Фінансы суполкі ў пачатку Першай сусветнай вайны сталі прадметам махінацый. Пра гэта сведчыць ліст рэдактара «Нашай Нівы» Алаксандра Уласава да Антона Луцкевіча ад 10 снежня 1914 года, у якім гаворыцца наступнае[12]:
| Антон Іванавіч! Мятлін цяпер павераны Магдалены. Ён гаворыць, што трэба, каб Шыпіла выдаў распіску, што 4250 рублёў паступілі ў распараджэнне "Загляне сонца..." Тады ўсю справу можна ліквідаваць і магчымы яшчэ новыя датацыі. Каб Вы зрабілі гэта як найскарэй, то было бы для ўсіх лепей. Калі яна ўспакоіцца, яна сказала, што грошы аддадуць суполцы. |
Вынікі дзейнасці
[правіць | правіць зыходнік]

Юліяна Вітан-Дубейкаўская так напісала ў сваіх успамінах[13]:
| У Пецярбурзе Вацлаў Іваноўскі арганізуе і спачатку фінансуе выдавецтва "Загляне сонца і ў наша ваконца". Там выдаюцца галоўна літаратурныя творы і папулярныя брашуры для сялянства. З цягам часу гэта прадпрыемства пакрывала свае выдаткі і яно добра разраслося б, як мне апавядаў пасля вайны прафесар Вацлаў Іваноўскі, калі б не выбухнула вайна. |
Суполка да 1914 года выдала 38 кніг[2] (калі лічыць выданні кірыліцай і лацінкай як асобныя пазіцыі) агульным накладам больш як 100 тысяч[заўв 1]. Акрамя таго, яна выдала больш як 20 розных паштовак з партрэтамі старадаўніх паэтаў і іншых дзеячаў культуры, гістарычнымі помнікамі, краявідамі і г.д. Суполка вярнула з забыцця і папулярызавала найлепшыя творы беларускай літаратуры XIX ст., выдала першыя беларускія падручнікі, серыю сцэнічных твораў, дапаможнікі для гаспадароў, заахвочвала да творчасці маладых аўтараў і тым самым спрычынялася да фармавання новай беларускай літаратуры. Больш за тое, суполка адначасна выпрацоўвала прынцыпы правапісу беларускай мовы, прынятыя пазней астатнімі выдаўцамі[14].
Сваімі выданнямі, у асаблівасці серыяльнымі, суполка заваёўвала ў вачах грамадскасці рэпутацыю паважанай арганізацыі. Не жадаючы (пры ўсёй нешматлікасці беларускіх літаратараў) выпускаць у свет творы, недасканалыя ў мастацкіх адносінах, яна выстаўляла маладым творцам высокія мастацкія патрабаванні. У кастрычніку 1906 года выдавецтва не прыняло, напрыклад, да друку зборнік вершаў «Плач» Міхаіла Сарокі з Вільні — гэта былі першыя пробы пяра з неахайна рыфмаванымі радкамі і расцягнутымі сюжэтамі[15].
Распаўсюджанне і прапаганда беларускай кнігі
[правіць | правіць зыходнік]
Суполка не толькі актыўна друкавала, але і распаўсюджвала свае кнігі. У Варшаве, Мінску, Гродне, Гомелі (крама Сыркіных), Віцебску і іншых гарадах былі адкрыты контрагенцтвы выдавецтва. З Санкт-Пецярбурга чытачам дасылаліся кнігі. У «Нашай ніве» пастаянна друкаваліся абвесткі[заўв 2], кніжкі дасылаліся кожнаму, хто звярнуўся на склад выдавецтва.
Акрамя распаўсюджвання сваіх выданняў, усе іншыя выданні «Кругу беларускай прасветы» і асобных людзей прымаліся суполкай на камісію і распаўсюджваліся побач з уласнымі. Суполка ўвайшла ў згоду з рэдакцыяй «Нашай нівы», якая брала некаторыя выданні і рассылала дадаткам да газеты[16]. Распаўсюджваў кнігі ў тым ліку асабіста Янка Купала.

Некаторыя звесткі сведчаць пра тое, што кнігі распаўсюджваліся і пасля спынення дзейнасці арганізацыі. Так, у 1917 годзе беларускі студэнт Ваенна-медыцынскай акадэміі ў Петраградзе Павел Каравайчык прадаваў і высылаў кнігі, выдадзеныя суполкай: «Дудку беларускую» Мацеяк Бурачка, «Вечарніцы», «Шчароўскія дажынкі», «Купалу» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, «Маладую Беларусь» і іншыя выданні.
У 1918 годзе Павел Каравайчык ад’язджаў у Маскву на працу ў Народны камісарыят па справах нацыянальнасцей РСФСР і працу па распаўсюджанні кніг хацела ўзяць на сябе «Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе», якое было створана ў сакавіку 1918 года ў Петраградзе. Ініцыятарам гэтага мерапрыемства быў Чэслаў Родзевіч.
Ён пісаў да Браніслава Эпімаха-Шыпілы[17]:
| Сябрамі таварыства атрымаў паведамленне ад грамадзяніна Каравайчыка (Знаменская, д. 56, кв. 54), што ў яго ёсцека кнігі, узятыя у сваім часе ад «Суполкі» для продажу. І сягоння, калі варункі змушаюць выехаць з памянутай кватэры, то ён і звярнуўся ў таварыства прыняць гэтыя кнігі. Таварыства згоднае ўзяць гэтыя кнігі, то не ведае варункаў, па якіх былі ўзяты ад суполкі, а для паскарэння справы таварыства мае адвагу сказаць свае варункі… |
Спіс выдадзеных кніг
[правіць | правіць зыходнік]Спіс кніг, выдадзеных суполкай:[18]
| Нумар | Аўтар | Назва | Год выдання | Шрыфт | Вокладка (ці форзац) |
|---|---|---|---|---|---|
| 1—2 | без пазначэння аўтарства[заўв 3] | Беларускі лемантар, або першая навука чытання | 1906 | надрукавана кірыліцай і лацінкай асобнымі выданнямі | |
| 3—4 | Цётка | Першае чытанне для дзетак беларусаў | 1906 | надрукавана кірыліцай і лацінкай асобнымі выданнямі | |
| 5 | Адам Міцкевіч | Пан Тадэвуш. З польскай на беларускую мову пералажыў Вінцук Марцінкевіч. Выд. 2-е. | 1907 | лацінка | |
| 6 | Вінцук Дунін-Марцінкевіч | Гапон | 1907 | лацінка | |
| 7 | - | Гутаркі аб небе і зямлі. На беларускую мову пералажыў К. Кастравіцкі. | 1907 | кірыліца | |
| 8 | Бурачок Мацей | Дудка беларуская. Выд. 3-е. | 1907 | лацінка | |
| 9 | Янка Купала | Жалейка | 1908 | кірыліца | |
| 10 | Сымон Рэўка з-пад Барысава | Смык беларускі. Выд. 2-е. | 1908 | лацінка | |
| 11 | Якуб Колас | Другое чытанне для дзяцей беларусаў[заўв 4]. | 1909 | кірыліца | |
| 12 | Вінцук Дунін-Марцінкевіч | Вечарніцы. 2-е выд. | 1909 | лацінка | |
| 13—14 | К. Дулемба | Як ратаваць уздутую жывёлу. З польскай на беларускую мову пералажыў Антось Хатні. | 1909 | надрукавана кірыліцай і лацінкай асобнымі выданнямі | |
| 15 | Антон Чэхаў | Сватанне. На беларускую мову пералажыў Н. Чарноцкі. | 1910 | кірыліца | |
| 16 | Карусь Каганец | Модны шляхцюк | 1910 | кірыліца | |
| 17 | М. Крапіўніцкі | Пашыліся ў дурні. Пераложана з украінскай на беларускую мову. | 1910 | кірыліца | |
| 18 | Вінцук Дунін-Марцінкевіч | Шчароўскія дажынкі, Купала. Выд. 2-е. | 1910 | лацінка | |
| 19 | Эліза Ажэшка | У зімовы вечар | 1910 | кірыліца | |
| 20 | А. Новіч | У дому лепей | 1911 | кірыліца | |
| 21 | не ўказаны | Міхалка. З польскага на беларускі лад перарабілі Далецкія. | 1911 | кірыліца | |
| 22 | М. Крапіўніцкі | Па рэвізіі. Перароблена з украінскай мовы. | 1911 | кірыліца | |
| 23 | Генрык Бярозка | Пчаліна — жывёлка малая, а карысці дае многа | 1911 | лацінка | |
| 24—26 | - | Маладая Беларусь (альманах)[заўв 5] | 1912, № 1—2, 1913, № 3. | ||
| 27 | Янка Купала | Сон на кургане | 1912 | кірыліца | |
| 28 | Эліза Ажэшка | Хам (мужык) | 1912 | кірыліца | |
| 29 | А. Навіна | На дарозі да новага жыцця | 1912 | кірыліца | |
| 30 | Янка Купала | Паўлінка | 1913 | кірыліца | |
| 31 | Янка Купала | Шляхам жыцця | 1913 | кірыліца | |
| 32 | Антон Чэхаў | Мядзведзь. Пераложана з расійскай. | 1913 | кірыліца | |
| 33 | А. Новіч | Амерыканец | 1913 | кірыліца | |
| 34 | Якуб Колас | Батрак | 1913 | лацінка | |
| 35 | Цішка Гартны | Песні | 1913 | лацінка | |
| 36 | А. Валодзьскі | Як яны жаніліся. Вольны пераклад з украінскай. | 1913 | кірыліца | |
| 37 | Змітрок Бядуля | Абразкі | 1913 | лацінка | |
| 38 | Мацей Бурачок | Дудка беларуская. Выд. 4-е. | 1914 | лацінка | |
| 39 | Якуб Колас | Чарка ўсё на свеце робіць. 1-шы акт п'есы «Антось Лата». | 1916 | кірыліца |
Вобраз у мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]Аляксей Марачкін у 2006—2007 годзе напісаў карціну «Загляне сонца і ў наша ваконца. Да 100-годдзя выдавецкай суполкі»[22].
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ паводле падлікаў Сцяпана Александровіча
- ↑ Упершыню рэкламная абвестка суполкі была надрукавана ў № 3 «Нашай нівы» за 1906 г.
- ↑ тэкст апрацавалі В. Іваноўскі, К. Кастравіцкі[19]
- ↑ Выдадзена сумесна з суполкай «Наша хата»[20].
- ↑ Цынкаграфічную працу па афармленні вокладкі альманаха выканаў рускі фотамастак Сяргей Міхайлавіч Пракудзін-Горскі[21].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Напісанне назвы ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Н. П. Ракіцкая. «Загляне сонца і ў наша аконца» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 496.
- ↑ а б в г д е Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006.
- ↑ Туронак Ю. Дзейнасць беларускага выдавецтва…
- ↑ Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 240.
- ↑ Пагадненне Браніслава Эпімах-Шыпілы, Вацлава, Юрыя і Сабіны Іваноўскіх, Уладзіслава Сталыгвы, Уладзіслава Калашэўскага, Вінцука Валейкі аб утварэнні беларускага выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца». г. Санкт-Пецярбург. 5 мая 1906 г.
- ↑ Ракіцкая Н. «Загляне сонца і ў наша аконца» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 394.
- ↑ Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 248.
- ↑ Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) // Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — Т. 2. — С. 44.
- ↑ Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) // Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — Т. 2. — С. 43.
- ↑ Жылуновіч Зм. Эволюцыя беларускае кніжкі // Полымя. — № 1. — 1925. — С. 118.
- ↑ Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 247.
- ↑ Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 248.
- ↑ Кветка Вітан. «Наша ніва» і Антон Луцкевіч // На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад. Б. Сачанка. — Мн., 1994. — С. 64.
- ↑ Туронак Ю. Дзейнасць беларускага выдавецтва….
- ↑ Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. — СПб., 2009. — С. 244.
- ↑ Жылуновіч Зм. Эволюцыя беларускае кніжкі // Полымя. — № 1. — 1925. — С. 119.
- ↑ Ракіцкая Н. Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» // Свіцязь. Свитязь: Альманах библиофилов Белоруссии. — Мн.: Беларусь, 1989. — С. 73—74.
- ↑ Паводле артыкула: Ракіцкая Н. Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» // Свіцязь. Свитязь: Альманах библиофилов Белоруссии. — Мн.: Беларусь, 1989. — С. 79—80.
- ↑ Туронак Ю. Абставіны публікацыі і аўтарства…
- ↑ Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — С. 52.
- ↑ Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — С. 137.
- ↑ ЗАГЛЯНЕ СОНЦА І У НАША ВАКОНЦА
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. — Мн., 1971.
- Гісторыя беларускай кнігі. У 2 т. Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі (XIX—XXI стст.) / М. Нікалаеў і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. — С. 41—44.
- Жылуновіч Зм. Эволюцыя беларускае кніжкі // Полымя. — 1925. — № 1. — С. 118—127.
- Нікалаеў М. Беларускі Пецярбург. СПб., 2009. — С. 240—248.
- Ракіцкая Н. Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» // Свіцязь. Свитязь: Альманах библиофилов Белоруссии. — Мн., 1989. — С. 65—80.
- Ракіцкая Н. «Загляне сонца і ў наша аконца» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 496.
- Ракіцкая Н. «Загляне сонца і ў наша аконца» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 394—395.
- Семашкевіч Р. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе. — Мн., 1971.
- Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]| Загляне сонца і ў наша аконца ў Вікікрыніцах | |
| Загляне сонца і ў наша аконца на Вікісховішчы |
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |













