Сапоцкінская пісанка
Сапоцкінская пісанка | |
---|---|
Знаходзіцца ў адміністрацыйнай адзінцы | |
Краіна паходжання | |
Статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны | Гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сапоцкінская пісанка — беларуская традыцыя роспісу велікодных яек.
Захавалася ў г. п. Сапоцкін Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці Рэспублікі Беларусь.
З’яўляецца адным са старажытных народных відаў роспісу, якія ўвайшлі ў абрад святкавання Вялікадня, прымеркаванага да народных веснавых свят[1].
З 2016 года знаходзіцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь (шыфр 43БК000099, катэгорыя Б*, рашэнне Рады 16.01.2013 № 199, пастанова Савета Міністраў 02.08.2016 № 607, раздзел нематэрыяльная гісторыка-культурныя каштоўнасці)[2].
Тэхналогія
[правіць | правіць зыходнік]Пісанкі — асобны, даволі складаны спосаб распісвання велікодных яек. Класічна на сырым пустым яйку робяцца ўзоры гарачым воскам пры дапамозе «шпількі» («пісак»).
Для роспісу выкарыстоўваюцца:
- спецыяльны самаробны інструмент — «шпілька» («пісак») — палачка з убітым у тарэц цвічком;
- пчаліны воск;
- натуральны фарбавальнік чорна-карычневага колеру з настою кары дубу, вальхі, альховых шышак і ржавага жалеза;
- свечка.
Традыцыйна фарба рыхтуецца загадзя, за 1—2 месяцы да Вялікадня. Кара дуба, вольхі, шышкі ці іржавае жалеза заліваецца кіпнем. Ставіцца ў цёмнае месца прыкладна на месяц каб атрымаць насычаны цёмны, амаль чорны колер
У дзень роспісу яек расплаўяецца воск. Бярэцца шпілька (пісак), разаграецца на агеньчыку свечкі, акунаецца ў расплаўлены воск (як у фарбу) і наносіцца ўзор на яйка. Такім чынам, паступова пакрываецца ўся паверхня яйка лінейнымі ўзорамі аднолькавай таўшчыні. Загадзя можна пазначыць на яйку ўзор алоўкам.
Размалёванае яйка змяшчаюць у халодную фарбу, якая фарбуе толькі тыя ўчасткі, якія не пакрыты воскам. Калі фарба натуральная, яйкі апускаюць на ноч.
Пасоя таго, як яйка выдаляецца з рондалю з фарбай, нанесены воск стопліваецца над агеньчыкам свечкі. Яйка праціраецца сурвэткай, і ў выніку атрымліваюцца светлыя ўзоры на фоне колеру фарбы
Эстэтыка
[правіць | правіць зыходнік]Сапоцкінская пісанка зазвычай робіцца ў манахромнай гаме, але можна сустрэць і рознакаляровыя прыклады.
Дзеля гэтага, пасля стварэння першага ўзору яйка акунаецца ў разведзеную халодную фарбу (пачынаючы з самай светлай фарбы), дастаецца, праціраецца сурвэткай альбо тканінай. Воскам і шпількай (пісаком) робіцца новы ўзор і зноў яйка акунаецца ў іншую, больш цёмную фарбу. Можна паўтараць гэты спосаб столькі разоў, колькі ёсць жаданне дадаць колераў.
Найбольш пашыраны і любімы матыў Сапоцкінскіх майстрых — круг-разетка, які размяшчаецца па цэнтры яйка, свабодныя плошчы запаўняюцца паўразеткамі, кропкамі, ланцужкамі. Нярэдка цэнтры разетак пападаюць на канцы яйка.
Такая кампазіцыя дыктуецца асаблівасцямі тэхналогіі: майстрыха вялікім і ўказальным пальцамі трымае яйка на канцах і па крузе наносіць узор з кропелек.
Традыцыйным малюнкам на яйках у Сапоцкіне з’яўляецца нанясенне старажытных матываў: птушкі (курыцы), кветкі (рамонкі, дзмухаўцы), яловыя галінкі.
Сучаснае развіццё
[правіць | правіць зыходнік]Сучасны перыяд ў развіцці практыкі традыцыйнага роспісу сапоцкінскіх пісанак звязаны з трыма майстрыхамі: Антаніны Юрчэня , Ларысы Касіцкай і Алены Лашэвіч. Спадарыня Антаніна пераняла традыцыю ад маці і перадала сваім вучаніцам. У 2017 годзе працавала ўжо 14 майстрыхі[3].
У гарадскім пасёлку створаны музей пісанкі ў межах Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтру, у якім месціцца звыш за 1,5 тысячы экспанатаў. Калекцыя створана майстрыхамі, мясцовымі жыхарамі, сябрамі музею, гасцямі.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Традыцыя роспісу велікодных яек
- ↑ Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 2016 года № 607 «Аб наданні статусу і катэгорый гісторыка-культурнай каштоўнасці, пазбаўленні статусу гісторыкакультурнай каштоўнасці і ўнясенні змяненняў і дапаўнення ў некаторыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь»
- ↑ На беларускім памежжы захавалі асаблівы роспіс велікодных яек
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сапоцкінская пісанка
- Лакальная традыцыя роспісу велікодных яек у г. п. Сапоцкін на сайце «Жывая спадчына Беларусі: інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны»
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь
- На беларускім памежжы захавалі асаблівы роспіс велікодных яек