Саюз лесапрамыслоўцаў Паўночна-Заходняга краю

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Саюз лесапрамыслоўцаў Паўночна-Заходняга краю — рэгіянальнае манапалістычнае аб’яднанне лесапрамыслоўцаў у Расійскай імперыі ў пачатку XX ст. Створаны з мэтай процідзеяння Саюза ўсходне-прускіх лесагандляроў і лесапрамыслоўцаў навязаць расійскім лесаэкспарцёрам свае ўмовы экспарту лесу ў Германскую імперыю. Саюз прадстаўляў інтарэсы лесапрамыслоўцаў Арлоўскай, Валынскай, Віленскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і іншых губерняў, якія гандлявалі лесам і ляснымі матэрыяламі і транспартаваннем іх па Вісле і Нёмане ў Кёнігсберг, Данцыг, Мемель, Бромберг, Тыльзіт і Торн (Германская імперыя). У 1909 г. аб’ём экспартных паставак Саюза быў больш за 30 млн. залатых руб. Для абароны сваіх інтарэсаў перад германскімі лесаімпартнымі арганізацыямі саюз выступаў за ўсталяванне спецыяльнай гавані ў Юрбургу, заснаванне інстытута прысяжных мершчыкаў, нарміраванне экспарту для Паўночна-Заходняга краю. Саюз вёў перагаворы пра аб’яднанне паміж іншымі рэгіянальнымі арганізацыямі (напр., Саюзам лесапрамыслоўцаў Віцебскай губерні) і стварэнне ўсерасійскага манапалістычнага аб’яднання.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Довнар-Запольский, М. Народное хозяйство Белоруссии, 1861—1914 гг. — Мн.: Изд-во Госплана БССР, 1926. — 239 с.
  • Сяховіч, В. Саюз лесапрамыслоўцаў Паўночна-Заходняга краю / Вадзім Сяховіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 250. — ISBN 985-11-0214-8.