Даўжыня 10—20 мм. Галава з сяжкамі на ілбе схаваная пад шчытападобнай, пашыранай пярэднегрудкай, заднія кольцы брушка маюць звычайна органы свячэння. Апошні тэргіт без выемкі. Фасфарычнае святло, якое выдаецца імі, служыць, відаць, галоўным чынам, для прыцягнення адзін да аднаго розных палоў; свецяць таксама лічынкі і яйкі. Лічынкі плоскія, 6-ногія. Самец мае вялікія круглыя вочы, кароткія сяжкі, тонкія падоўжаныя надкрылцы і развітыя крылы; самка зусім пазбаўленая крылаў або мае толькі зачаткавыя элітры і падобная вонкава да лічынкі. Сілкуюцца слімакамі і смаўжамі. Развіваюцца ў лясным подсціле.