Граматыка
Грама́тыка (стар.-грэч.: γραμματική ад стар.-грэч.: γράμμα — «літара», «напісанне») — раздзел мовазнаўства, які вывучае сістэму моўных формаў (марфалогія) і спосабы іх спалучэння ў сказе (сінтаксіс). Граматыкай таксама называюць сам лад мовы — сукупнасць яе формаўтваральных і формаўжывальных сродкаў[1].
Па граматычных асаблівасцях вызначаецца тып пэўнай мовы[1].
Граматычныя значэнні і спосабы іх выражэння
[правіць | правіць зыходнік]Граматычная семантыка адрозніваецца ад лексічнай. Калі ў значэннях лексічных адзінак абагульняюцца ўласцівасці рэальных прадметаў і з'яў, то ў граматычных паняццях адлюстроўваюцца пераважна ўласцівасці саміх моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў). Тое, што ў адной мове выражаецца сродкамі граматыкі, у іншай можа перадавацца лексічна. У кожнай граматычнай з'яве адрозніваюць граматычнае значэнне і граматычны спосаб яго перадачы.
Асноўнымі спосабамі перадачы граматычных значэнняў у беларускай мове з'яўляюцца: афіксацыя, суплетывізм, інтанацыя, службовыя словы, асноваскладанне, рэдуплікацыя, парадак слоў, а таксама розныя спосабы аналітычнага канструявання[1].
Спосабы выражэння граматычных значэнняў падзяляюцца на сінтэтычныя (граматычны сродак знаходзіцца ў межах слова, напр. «прачытае») і аналітычныя (граматычны сродак знаходзіцца па-за словам, напр. «буду чытаць»). Беларуская мова належыць да сінтэтычнага тыпу[1].
Граматычныя формы і катэгорыі
[правіць | правіць зыходнік]Слова разам з паказчыкам яго граматычнага значэння ўтварае граматычную форму (напр., «братамі»). Формы, што перадаюць змяненне аднаго слова, утвараюць парадыгмы словазмянення (скланенне, спражэнне, ступені параўнання).
Адзінкі моўнага ладу размяркоўваюцца па граматычных катэгорыях (род, склон, лік, час, асоба і інш.), якія ўтвараюць складаную іерархічную сістэму. Адным з карэнных пытанняў граматыкі з'яўляецца размеркаванне ўсіх слоў лексікону па буйных граматычных разрадах — часцінах мовы[1].
Віды граматык
[правіць | правіць зыходнік]У залежнасці ад мэт апісання мовы граматыка падзяляецца на:
- Навукова-апісальная — адлюстроўвае граматычны лад мовы згодна з існуючай навуковай канцэпцыяй.
- Нарматыўная — вызначае нормы ўжывання моўных формаў і канструкцый.
- Гістарычная — апісвае эвалюцыю граматычнага ладу мовы ў часе.
- Параўнальная — сістэмна супастаўляе факты розных моў.
- Тыпалагічная — апісвае мову ў адпаведнасці з тэарэтычнымі мадэлямі пабудовы моў.
- Структурная — аналізуе функцыі моўных элементаў і іх сістэмныя сувязі.
- Трансфармацыйная — мадэліруе мову як механізм утварэння складаных адзінак з зыходных элементаў[1].
Гісторыя граматычнай думкі
[правіць | правіць зыходнік]Распрацоўка граматычнай тэорыі дасягнула высокага ўзроўню ў Старажытнай Індыі. Еўрапейская традыцыя бярэ пачатак у антычнай навуцы. Значны ўклад у развіццё граматычнай тэорыі зрабілі славянскія вучоныя. Пачынальнікамі навуковай распрацоўкі граматыкі беларускай мовы былі Л. Зізаній, П. Шпілеўскі, К. Нядзведскі, І. Насовіч, Я. Карскі, К. Каганец, Б. Пачобка, Б. Тарашкевіч, М. Булахаў і іншыя[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- А. Я. Міхневіч. Граматыка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 401. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Шуба П. П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. — Мн., 1962.
- Граматыка беларускай мовы. — Мн., 1962—1966. — Т. 1—2.
- 1—2 // Беларуская граматыка. — Мн., 1985—1986.