Соймавы суд
Соймавы суд — вышэйшы суд у Рэчы Паспалітай, які ствараўся з членаў сойма і дзейнічаў у час яго працы. Паходзіў ад падобнага суда ў Польскім каралеўстве, што дзейнічаў у складзе караля і сенатараў. Паўнамоцтвы соймавага суда Рэчы Паспалітай акрэслены канстытуцыяй 1578 г. пасля ўтварэння ў Польшчы Кароннага трыбунала — вышэйшай судовай інстанцыі па большасці крымінальных і цывільных спраў. Соймавы суд выступаў як вышэйшая інстанцыя для Кароннага трыбунала, а з часу ўтварэння ў 1581 г. — і для Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. Позва на соймавы суд выдавалася ад імя караля.
Да кампетэнцыі соймавых судоў аднесены справы па злачынствах, якія цягнулі смяротнае пакаранне, выгнанне за мяжу, канфіскацыю маёмасці. Сярод іх — абраза караля, замах на дзяржаўную ўладу, здрада, бунт, дрэннае кіраванне дзяржаўным скарбам падскарбіем і ўпаўнаважанымі дэпутатамі, гвалт на сойме, фальшываманецтва, забойства, параненне, самавольнае прысваенне тытула і герба, замах на афіцыйных службовых асоб, крадзеж з касцёлаў і інш.
У склад суда ўваходзіў кароль, сенатары і 9 дэпутатаў з Пасольскай Ізбы, якія прызначаліся маршалкам сойма (калі разглядалася справа пра абразу караля, ён у пасяджэннях не ўдзельнічаў як зацікаўлены бок). Старшынстваваў на судзе каронны маршалак. Канстытуцыяй 1655 г. у склад соймавага суда ўведзены 24 дэпутаты з Пасольскай Ізбы (суд разглядаў справу смаленскага ваяводы П. К. Абуховіча, які здаў расійскаму войску г. Смаленск). Канстытуцыя 1670 г. прадугледжвала працу ў соймавым судзе 20 дэпутатаў з Пасольскай Ізбы. Справаводства соймавага суда вялі рэферэндары каронныя і літоўскія і пісары земскія з таго месца, дзе адбываўся сойм. Пісары вялі рэестры, рэферэндары дакладвалі справы, падпісвалі выракі (прыгаворы), сачылі за чарговасцю разгляду спраў.
Вырак соймавага суда лічыўся канчатковым і не падлягаў апеляцыі. Канстытуцыя 1589 г. вызначыла для соймавага суда 1 дзень на тыдзень (аўторак) у час працы сойма для разгляду спраў з ВКЛ. З-за непрацяглага тэрміну працы соймаў шмат няскончаных спраў накіроўвалася ў трыбуналы. З часу іх стварэння шляхта дамагалася ад караля забароны клікаць яе на соймавы суд па справах, падлеглых трыбуналам. Канстытуцыя 1588 г. вызначыла, што соймавы суд разглядае толькі справы па абразе караля і дзяржаўнай здрадзе. У соймавы суд накіроўваліся рэмісы (спрэчныя нявырашаныя справы) з трыбуналам і задворнага асэсарскага суда. Соймавы суд перастаў быць для іх апеляцыйным судом, не мог змяняць або адмяняць вырак іншага суда, у т.л. трыбуналаў.
На соймавым судзе ў 1689 г. было прынята рашэнне аб спаленні як бязбожніка К. лышчынскага. З 2-й паловы XVII ст. ў сувязі з ростам крызісу шляхецкага парламентарызму соймавы суд трапіў у заняпад і ў большасці выпадкаў не мог выносіць прысуды. У XVIII ст. ён функцыянаваў ужо не на кожным сойме.
Статутамі 1775 і 1776 гг. суд быў рэфармаваны як сталы. Складаўся з караля, сенатараў, міністраў (акрамя тых, хто ўваходзіў у Пастаянную Раду) і 54 (пасля 30) дэпутатаў з Пасольскай Ізбы. У год адбываліся 3 кадэнцыі соймавага суда па 6 тыдняў, у т.л. 1 кадэнцыя прысвячалася разгляду спраў з ВКЛ (пачыналася 1 чэрвеня). Да кампетэнцыі соймавага суда былі аднесены абраза караля, здрада, адмова ад прадастаўлення правасуддзя, подкуп суддзяў, ілжэсведчанне, «уціск вольнасці абывацельскай». У соймавы суд маглі быць выкліканы міністры і члены Пастаяннай Рады за службовыя злачынствы. Чатырохгадовы сойм 1788 — 1792 гг. вызначыў, што ў соймавы суд уваходзяць 6 сенатараў, па аднаму (або ад Польшчы, або ад ВКЛ) з маршалкаў, гетманаў, канцлераў, падскарбіяў, 24 выбарных дэпутаты з Пасольскай Ізбв; старшынстваваў кароль. 17 мая 1791 г. прынята ўхвала аб соймавым судзе ў складзе 36 чал. (12 сенатараў і 24 паслы), якія выбіраліся на 2 гады. Былі нанава вызначаны дзяржаўныя злачынствы, за якія караў суд: падбухторванне войска і насельніцтва да бунту, увядзенне ў Рэч Паспалітую замежнага войска, змова, зрыў соймікаў і соймаў, здача часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай іншай дзяржаве, атрыманне грошай ад замежных урадаў, выдача дзяржаўных тайнаў, подкуп сенатараў, міністраў, соймавых паслоў, суддзяў, продаж людзей за мяжу, набор рэкрутаў у замежнае войска і інш. Гарадзенскі сойм 1793 г. прыняў новы статут соймавых судоў, аднак у апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай гэты суд не дзейнічаў (у 1775 — 1793 гг. вырашаў толькі 4 справы).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Szcząska, Z. Sąd sejmowy w Polsce od końca XVI do końca XVIII wieku // Czasopismo Prawno-Historyczne. — 1968. — T. 20. — Z. 1. — S. 93 — 124.
- Zarzycki, W. Temida sejmowa: z dziejów sądu sejmowego w Polsce przedrozbiorowej / Wacław Zarzycki. — Warszawa: Wydaw. Sejmowe, 2000. — 91, [3] s. — ISBN 83-7059-406-9.
- Леонтович, Ф. И. Центральные судебные учреждения в Великом княжестве Литовском до и после Люблинской унии // Журнал Министерства юстиции. — 1910. — № 2. — Февраль. —С. 186 — 226.
- Пазднякоў, В. Соймавы суд / Валерый Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: у 2 т. / [рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; мастак З. Э. Герасімовіч]. Т. 2: К — Я. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2007. — 788 с.: іл. — С. 615. — ISBN 978-985-11-0394-8.