Даўжыня цела 7,5-8 см, хваста 5,5-8 см, маса 15-28 г. Афарбоўка вохрыста-бурая, знізу з палевым адценнем.
Вельмі рухавы звярок, спрытна лазіць па дрэвах і кустах. Актыўны пераважна ўначы і на змярканні. З траўня па жнівень прыносіць 2 прыплоды па 2-9 дзіцянят, працягласць цяжарнасці 21-28 сутак. Корміцца жалудамі, арэхамі, насеннем і ягадамі лясных раслін, насякомымі, робіць запасы. Пры тэмпературы паветра 15 °C і ніжэй упадае ў здранцвенне, а пры яе далейшым паніжэнні — у спячку. Зімой тэмпература цела звярка можа паніжацца да 0,2-0,5 °C.
Арэал арэшнікавай соні займае лясную частку тэрыторыі Заходняй Еўропы да Вялікабрытаніі на захадзе і Швецыі на поўначы. Сустракаецца ў Малой Азіі. У Еўропе жыве ў зоне шыракалістых і мяшаных лясоў, у лесастэпе. Паўночная мяжа сучаснага арэала віду праходзіць па паўночнай частцы Беларусі — трапляецца соня пераважна ў паўднёвых і цэнтральных раёнах.
Месцы пражывання: мяшаныя ці лісцевыя лясы з падлескам з ляшчыны і ягадных кустоў. Жыве ў дуплах ці шарападобных гнёздах на галінках кустоў на вышыні 1-2 м. Ахвотна займае штучныя гняздоўі для птушак. У час зімовай спячкі з надземных гнёздаў пераходзіць у сховішчы пад каранямі пнёў, паваленымі дрэвамі.
Соня вядома як непатрабавальны насельнік куткоў жывой прыроды.