Стакгольмскі Залаты кодэкс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Стакгольмскі Залаты кодэкс
Матэрыял Вялень
Каралеўская бібліятэка Швецыі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Аркуш 9 (абаротны) і 10 (асабовы) Залатога кодэкса. Злева — выява евангеліста Матфея, справа — дэкаратыўная літара. Тэкст Евангелля ад Матфея пачынаецца з Мф. 1:18

Стакгольмскі Залаты кодэкс (лац.: Codex Aureus Holmiensis па месцы захоўвання — у Шведскай каралеўскай бібліятэцы, каталожнае абазначэнне MS A. 35) — ілюмінаваны англасаксонскі рукапіс Чацвёраевангелля. Створаны, верагодна, у сярэдзіне VIII стагоддзя ў Кентэрберы, у тэхніцы хрызаграфіі часткова на пурпурным пергаменце. У IX стагоддзі рукапіс стаў ваеннай здабычай вікінгаў, але яго выкупілі кіраўнікі Сурэя. У XVI стагоддзі рукапіс трапіў у Іспанію, а ў 1690 годзе быў набыты для каралеўскай бібліятэкі Швецыі.

Змест і афармленне[правіць | правіць зыходнік]

Захаваліся 193 аркушы рукапісу, фарматам 39,5 на 31,4 см. Тэкст змяшчае Чацвёраевангелле ў старалацінскай версіі, запісанае унцыялам на аркушах велума, па чарзе афарбаваных пурпурам і неафарбаваных. Пурпуровыя аркушы выкананы ў тэхніцы хрызаграфіі залатымі і срэбнымі чарніламі, у афармленні выкарыстоўваліся таксама бялілы. Неафарбаваныя аркушы спісаны чорным атрамантам і кінавар’ю, у некаторых месцах тэкст утварае геаметрычныя ўзоры (пісец выкарыстаў розны атрамант).

Выява евангеліста Іаана

Рукапіс ілюмінаваны — захаваліся выявы двух евангелістаў (Матфея і Яна) у поўны аркуш, дэкараваны таксама шэсць табліц канонаў і сем буйных ініцыялаў у поўны ліст. Рукапіс з’яўляецца найстарэйшым узорам выкарыстання сусальнага золата для дэкарыравання буквіц. Малюнкі і афармленне — у мяшаным стылі, які спалучае рысы астраўнога мастацтва і італьянскага, сустракаюцца таксама здагадкі, што рукапіс — самы ранні ўзор каралінгскага мастацтва. Мініяцюра евангеліста Матфея відавочна паказвае ўплыў італьянскага стылю, а афармленне застаўкі на наступным лісце нясе шмат кельцкіх элементаў. Наступныя лісты аформленыя ў тыповым стылі франкскіх манускрыптаў. Мініяцюра евангеліста Іаана ўпрыгожана спіральнымі кельцкімі ўзорамі і зааморфнай фігурай[1].

У калафоне ўтрымліваецца просьба маліцца за залатых спраў майстра Вульфхельма і нейкіх Кеальхарда, Нікласа і Эльхуна, верагодна, гэта імёны манахаў — перапісчыкаў і афарміцеляў рукапісу. Аднак заказчык і ўладальнік рукапісу нідзе не згадваецца[2]. На свабодных месцах уверсе і ўнізе лацінскага тэксту Евангелля ад Матфея захавалася вялікая маргіналія на стараанглійскай мове. Тэкст абвяшчае:

У імя Госпада нашага, Ісуса Хрыста. Я, олдэрмэн Альфрэд, і Вербурх, мая жонка, выслабанілі гэтыя кнігі з рук бязбожных на нашы сумленныя грошы, якія былі чыстым золатам, і гэта мы зрабілі ў імя любові нашай да Госпада і для выратавання душ нашых, бо не жадалі мы, каб гэтыя святыя кнігі заставаліся ў валоданні язычнікаў. І цяпер яны хочуць дараваць іх Царквы Хрыстовай для хвалы, і славы, і гонару Гасподняй[3].

Факсімільнае выданне[правіць | правіць зыходнік]

  • The Codex Aureus: an eighth-century gospel book: Stockholm, Kungliga bibliotek[et], A. 135, ed. by Richard Gameson (Copenhagen, 2001—2002) (Early English manuscripts in facsimile)

Зноскі

  1. Nordenfalk, Carl. Celtic and Anglo-Saxon Painting: Book illumination in the British Isles 600—800. Chatto & Windus, London — New York: George Braziller, 1977. Р. 96—107.
  2. Dodwell, C. R., Anglo-Saxon Art, A New Perspective, 1982, Manchester UP. Р. 51—52. ISBN 0-7190-0926-X
  3. Nordenfalk, Carl. Celtic and Anglo-Saxon Painting: Book illumination in the British Isles 600—800. Chatto & Windus, London — New York: George Braziller, 1977. Р. 106.