Стэлс

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Самалёт F-117

Стэлс (англ.: stealth - патаемнасць, скрытасць) — назва комплексу тэхналогій, прызначанага памяншаць радыялакацыйную, інфрачырвоную, візуальна-аптычную і акустычную заўважальнасць баявой тэхнікі і ўзбраення.

Такія тэхналогіі, у тым ці іншым аб'ёме, былі выкарыстаны на знішчальніках F-117, F-22 і F-35, бамбардзіроўшчыку B-2, ракетнай тэхніцы, баявых караблях, і іншых, у т.л., эксперыментальных, узорах тэхнікі і ўзбраення ЗША.

Працы над тэхналогіямі «стэлс» пачаліся ў канцы 1950-х гг. у аэракасмічнай кампаніі «Lockheed». Элементы тэхналогій дасягання нізкай заўважальнасці былі ўведзеныя ў канструкцыю звышхуткіх стратэгічных разведвальных самалётаў СР-71. З 1975 «Lockheed» пачаў распрацоўваць эксперыментальны самалёт «Have Blue», «нябачны» для радараў, і прызначаны для раптоўных удараў па цэлях асаблівай важнасці. У ліку комплексу выкарыстаных мер былі: «агранка» (faceting) — разбіццё вонкавай паверхні самалёту на плоскія трапецыявідныя і трыкутныя грані, размешчаныя такім чынам, каб бескарысна для праціўніка рассейваць большасць энергіі радыялакацыйнага імпульсу; пакрыццё самалёту цалкам радара-паглынальным матэрыялам; адмысловае фармаванне і размяшчэнне паветразабору і выхлапу рухавікоў і інш. Праграма завершылася поспехам, хоць у час яе і былі заўважаныя пэўныя адмоўныя рысы эксплуатацыі тэхнікі «стэлс», як непазбежнае пагаршэнне лётных якасцяў такой тэхнікі і яе высокая адчувальнасць да недасканаласцяў выканання, апрацоўкі і рамонту паверхні[1]. Гэтаму давялося процідзейнічаць высокай аўтаматызацыяй палёту і ўдасканаленнем тэхналогій апрацоўкі і выпуску эксплуатацыйных матэрыялаў.

У складзе мер «стэлс» таксама ўваходзяць: пакрыццё аптычна-празрыстых паверхняў (ліхтар самалёта і пад.) адмысловымі плёнкамі на аснове золата, якія прапускаюць да 85%[2] светлавой энергіі, але амаль цалкам паглынаюць радарны імпульс; пазбяганне просталінейных швоў і сутыкаў; пакрыццё канструкцыі чорнай матавай фарбай; удасканаленне рэжымаў работы рухавіка, што дазваляе выходзіць на такія самыя хуткасці без фарсажу і наогул на меншай магутнасці, і інш.

З улікам досведу праграмы «Have Blue» з 1982 серыйна выпускаўся першы баявы самалёт, цалкам спраектаваны дзеля выкарыстання карысцяў тэхналогій «стэлс» — F-117. Пазней тэхналогіі «стэлс» пачалі выкарыстоўвацца і ў іншых родах ваеннай тэхнікі і ўзбраення.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. «Адна недакручаная шрубка рабіла з самалёту на экране радару цэлы свіран». Дж. Баўфер.
  2. Значэнне параметру ў канструкцыях 3-га пакалення, напр., у самалёце F-22. Яшчэ ў пачатку выкарыстання F-117 стала вядома, што шлем пілота дае вялікі радарны блік, параўнальны з блікам усяго скрытнага самалёта.