Сяргей Іванавіч Лябёдкін

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Сяргей Іванавіч Лябёдкін (5 (17) снежня 1886, Санкт-Пецярбург — 8 сакавіка 1942, Ленінград) — марфолаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Пецярбургу (Неўскі праспект, 88) у сям'і горнага інжынера. Скончыў рэальнае вучылішча (1906), прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта (1911), медыцынскі факультэт (1914), Маскоўскага ўніверсітэта. Дыпломная праца «Даследаванне развіцця храшчавага чэрапа пазваночных па метаду пластычных рэканструкцый» узнагароджана залатым медалём медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта.

Удзельнік Першай Сусветнай вайны, працаваў урачом-хірургам у шпіталях Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, 1914—1920. Выкладаў гісталогію на рабфаку ў Севастопалі, 1921. Першы загадчык кафедры нармальнай анатоміі чалавека і жывёл медыцынскага факультэта БДУ, Беларускага медыцынскага інстытута, 1922—1934; прафесар, 1925. Адначасова кіраваў Мінскай вузлавой чыгуначнай бальніцай і яе хірургічным аддзяленнем, 1922—1927. Стажыраваўся ў замежных навуковых цэнтрах (Берлін, Вена, 1927). Доктар медыцынскіх навук (1934). Загадваў сектарам марфалогіі Псіханеўралагічнага інстытута АН БССР, 1932—1934, кафедрай гісталогіі з эмбрыялогіяй Беларускага медыцынскага інстытута, 1932—1934.

Абраны загадчыкам анатамічным аддзелам і сапраўдным членам Прыродазнаўчага інстытута ім. П. Ф. Лесгафта ў Ленінградзе, 1934, загадчык кафедры анатоміі інстытута ім. П. Ф. Лесгафта, 1937—1941.

Вучань і паслядоўнік акадэміка М. А. Мензбіра і прафесара П. І. Карузіна. Вывучаў развіццё ўнутранага вуха, буйных крывяносных сасудаў, асобных органаў стрававання, некаторых эндакрынных залоз. Даследаваў заканамернасці будовы перыферыйнай нервовай сістэмы, галоўным чынам вегетатыўнай (у святле яе эвалюцыі).

Заснаваў музей кафедры нармальнай анатоміі БДУ, стварыў калекцыю серыйных зрэзаў эмбрыёнаў. Вялікае значэнне мела стварэнне і абгрунтаванне тэорыі рэкапітуляцый, абагуленай у манаграфіі «Біягенэтычны закон і тэорыя рэкапітуляцый», 1936.

Узнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі (1915, 1916); Ганаровымі граматамі Народнага камісарыяту аховы здароўя, АН БССР.

Адзін з рэдактараў часопіса «Беларуская мэдычная думка»; член-карэспандэнт Чэхаславацкага заалагічнага таварыства (1933). Памёр у блакадным Ленінградзе.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Змачинская, Н.Ф. Заведующие кафедрами и профессора Минского медицинского института (1921-1996): биогр. справ. / Н.Ф. Змачинская, М.В. Мальковец, А.Н. Пересада. – Минск, 1999. – С. 19-20.
  • Голуб Д. М. Сергей Иванович Лебедкин — основоположник анатомии в БССР // Вопр. истории медицины и здравоохранения БССР: Тез. докл. IV науч. конф. — Мн., 1984. — Ч. II. — С. 19-20.
  • Лобко П. И. Сергей Иванович Лебедкин — основатель Белорусской школы анатомов: (К 100-летию со дня рождения) // Здравоохр. Белоруссии. — 1986. — № 12.
  • Лябёдкін Сяргей Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск: БелЭн, 1999. – Т. 9. – С. 415;
  • Материалы семейного архива и воспоминания о С. И. Лебедкине // Архив музея кафедры нормальной анатомии МГМИ.справочник. — С. 533.