Тадэвуш Чацкі
| Тадэвуш Чацкі | |
|---|---|
| польск.: Tadeusz Czacki | |
| | |
| Дата нараджэння | 28 жніўня 1765[1][2] |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 8 лютага 1813[1][2] (47 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Месца пахавання | |
| Грамадзянства | |
| Бацька | Фелікс Чацкі[d] |
| Маці | Катажына Караліна з Малахоўскіх[d] |
| Жонка | Barbara Dembińska[d] |
| Дзеці | Марыя з Чацкіх[d] і Віктар Чацкі[d] |
| Род дзейнасці | гісторык, настаўнік, палітык |
| Член у | |
| Узнагароды | |
Тадэвуш Чацкі (польск.: Tadeusz Czacki; 28 жніўня 1765, в. Паўлаўка, Іванічаўскі раён, Валынская вобласць, Украіна — 8 лютага 1813) — польскі гісторык, дзеяч асветы і навукі на тэрыторыі ВКЛ.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Атрымаў дасканалую хатнюю адукацыю. 3 1781 практыкант задворнага асэсарскага (каралеўскага) суда ў Варшаве. Зблізіўся з гісторыкам А. Нарушэвічам. Па даручэнні караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ўпарадкаваў частку прыватнага каралеўскага архіва і Кароннай метрыкі. У 1786—92 член Кароннай скарбовай камісіі.
Праводзіў даследаванні гаспадарчага стану краіны. Ініцыятар складання гідраграфічнай карты Польшчы і ВКЛ. Прапаноўваў шматлікія праекты гаспадарчага развіцця краіны, рамяства, гарадоў, замежнага гандлю, скасавання ўсіх абмежаванняў для яўрэяў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) асеў у Кракаве, дзе праводзіў гістарычныя даследаванні. Сабраў каштоўныя бібліятэчныя і архіўныя зборы.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) адзін з галоўных арганізатараў асветы і навукі на землях, далучаных да Расійскай імперыі, адзін з заснавальнікаў Таварыства аматараў навук у Варшаве (1800). 3 1805 візітатар школ Валынскай, Падольскай і Кіеўскай губерняў, заснаваў Крамянецкі ліцэй (з Г. Калантаем). Абраны ганаровым членам Віленскага ўніверсітэта. Супрацоўнічаў у газетах «Nowy pamiętnik Warszawski» («Новы варшаўскі дзённік»), «Dziennik wileński» («Віленскі дзённік»). У 1807 і 1808 арыштоўваўся па падазрэннях у антыўрадавай дзейнасці.
Навукова-даследчая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Як гісторык належаў да «школы Нарушэвіча», у гістарычнай навуцы эпохі Асветніцтва прадстаўляў манархічную плынь.
Для мяркуемай манаграфіі пра панаванне Ягелонаў зрабіў крыніцазнаўчае даследаванне «Карціна панавання Жыгімонта Аўгуста» (1835). Твор «Аб літоўскіх і польскіх законах, аб іх духу, крыніцах, сувязі і аб рэчах, змешчаных у першым статуце для Літвы, выдадзеным у 1529 г.» (т. 1—2, 1800—01) — першая ў польскай гістарыяграфіі спроба гістарычнай інтэрпрэтацыі права. Галоўную крыніцу Статутаў ВКЛ бачыў у звычаях паўночных народаў і германцаў, крытыкаваў погляды, быццам права ВКЛ грунтуецца на рымскім праве.
У першым томе працы «Аб літоўскіх і польскіх законах…» даследаваў статуты Вялікага Княства Літоўскага, асабліва адкрыты ім Пулаўскі спіс Статута 1529 г., абмеркаваў пытанне выкарыстання ў ВКЛ «рускай» мовы, а таксама пытанне мовы (моў), на якой (якіх) статуты былі напісаны.
Паводле Т. Чацкага, "руская" мова станавілася больш ужывальнай у грамадстве пасля хрысціянізацыі Літвы. Ёй карысталіся ўладныя і судовыя органы, каралі, суддзі і чыноўнікі часта адказвалі на ёй. Першы і Трэці статуты ВКЛ былі напісаны «па-руску». Аднак па меры ўзвышэння лаціны і нарматыўнай апрацоўкі польскай мовы “рускай” мовай, якая не мела апрацоўкі, сталі пагарджаць. Прывёў сведчанне перакладчыка Першага статута на лаціну канцлера Альберта Гаштольда, які зазначыў, што ён «даслоўна пераклаў з рускага статута, мова якога варварская». Т. Чацкі неабгрунтавана лічыў, што другая рэдакцыя Статута была напісана па-польску, а трэцяя была перакладзена з «рускай» мовы на польскую. Праца Чацкага была добра вядома многім пазнейшым аўтарам, якія пісалі пра Статуты, такім як І. Мартос, С. Б. Ліндэ, І. Даніловіч, А. Сасноўскі, А. Паўстаньскі і інш.[3]
Апрацаваў палеаграфічныя табліцы, нумізматычны каталог. Аўтар шматлікіх твораў па эканоміцы, гісторыі і праве, у т.л. «Аб дзесяцінах у свеце, а падрабязней у Польшчы і Літве» (1801), «Аб яўрэях», «Аб камісіі адукацыі ў Літве» (абодва 1807), «Аб манетнай справе ў Польшчы і Літве» (нап. 1810). Быў ініцыятарам збірання народных песень і паданняў, у якіх бачыў крыніцу для вывучэння дахрысціянскай Польшчы і Літвы.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Dziela. T. 1—3. Poznań, 1843-45.
Зноскі
- 1 2 Tadeusz Czacki // CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 Tadeusz Czacki // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
- ↑ Запрудскі С. М. Нарысы гісторыі беларускана мовазнаўства ХІХ стагоддзя. — Мн.,: БДУ, 2020. — С. 7--8.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Пазднякоў В. Чацкі // БЭ ў 18 т. Т. 17. Мн., 2003.