Тарфяна-балотныя глебы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Тарфя́на-балотныя гле́бы — група глеб, якія фарміруюцца ва ўмовах балотнага глебаўтваральнага працэсу пры залішнім увільгатненні паверхневымі і грунтовымі водамі. У такіх умовах назапашванне арганічнага рэчыва пераважае над яго распадам, што вядзе да ўтварэння торфу, адбываецца агляенне мінеральнай часткі глебы.

Паводле магутнасці торфу вылучаюць тарфяніста-глеевыя (20—30 см), тарфяна-глеевыя (30—50 см), тарфяна-балотныя маламагутныя (50—100 см), сярэднемагутныя (1—2 м) і магутныя (больш за 2 м торфу).

У залежнасці ад складу, расліннасці і ўмоў воднага жыўлення падзяляюцца на

  • нізінныя,
  • вярховыя,
  • поймавыя,
  • глебы пераходных балот.

Тарфяна-балотныя глебы пашыраны на тэрыторыях з умерана вільготным кліматам паўночнага паўшар'я. Найбольш распаўсюджаны ў Заходняй Сібіры, на поўначы і паўночным захадзе Расіі, Далёкім Усходзе, Украіне і ў Беларусі.

Тарфяна-балотныя глебы займаюць каля 14% тэрыторыі Беларусі, найбольш іх у Брэсцкай, Мінскай і Гомельскай абласцях.

Гэта самыя багатыя на Беларусі паводле запасаў арганічнага рэчыва глебы, што вызначае іх патэнцыяльную ўрадлівасць. На нізінных і поймавых тарфяна-балотных глебах часткова праведзена меліярацыя, асушаныя глебы выкарыстоўваюцца пад ворыва, сенажаці і пашу. У выніку меліярацыі карэнным чынам змяніліся глебаўтваральныя працэсы, адбываецца мінералізацыя арганічнага рэчыва торфу, праяўляецца ветравая эрозія, што вядзе да пагаршэння ўрадлівасці глебаў, выклікае шэраг экалагічных праблем.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 444. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).