Ткацтва паясоў «на ніту»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Працэс вырабу валожынскага пояса.

Традыцыя ткацтва паясоў «на ніту» (таксама вядомая як тканне паясоў «на нагу», ці «на назе») захавалася ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці, хаця раней была распаўсюджана па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Носьбітам і захавальніцай традыцыі з’яўляецца майстрыха Марыя Мікалаеўна Стасяловіч з вёскі Сакаўшчына, якая пераняла яе ад сваёй маці, а зараз перадае сваім вучням і паслядоўнікам. Сёння гэта ткацкая традыцыя таксама вывучаецца дзецьмі і моладззю ў Ракаўскім цэнтры фальклору і Доме культуры в. Сакаўшчына.

У 2013 г. традыцыя ткацтва паясоў «на ніту» атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці[1] і была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Тэхналогія ткацтва «на ніту»[правіць | правіць зыходнік]

Узор "двайная грабелька"
Узор "казіны ступеньчык"
Узор "ёлачка"
Узор "жучок"
Узор "калодачка"
Узор "пруцік"
Узор "васьмёрачка"
Узор "ланцужок", ці "цэпачка"
Узор "лукатка"
Узор "капыцік"
Узор "ягадка"

Традыцыйна пояс снуюць на адмысловай дошцы з цвiкaмi, часам з гэтай мэтай выкарыстоўваюць штыкетнік плота. Спосаб снавання паясоў i вырабу прыстасаванняў для ткацтва, якім валодаюць рамесніцы з Валожыншчыны, у некаторых дэталях адрозніваецца ад спосабаў, зафіксаваных у іншых рэгіёнах Міншчыны. Як і іншых раёнах, аснова пры снаванні паясоў падзяляецца з выкарыстаннем чынавых цвікоў, але на Валожыншчыне гэтая аснова не прывязваецца да нерухомага прадмета з мэтай нацяжэння, а замацоўваецца на тaлii i выцягнутай назе ткачыхі, што дазваляе ткаць там, дзе няма зручнага прадмета для мацавання асновы.

Яшчэ адна асаблівасць валожынскага ткацтва «на ніту» — адмысловы прыём прыціскання («падбівання») асновы пасля перамены зеву шляхам нацяжэння верхнягя слою нітак з характэрным гукам. Дзякуючы гэтаму прыёму паясы атрымліваюцца вельмі шчыльнымі i роўнымі.

Знешні выгляд[правіць | правіць зыходнік]

Валожынскія паясы ўяўляюць сабой вузкія ўзорыстыя «тасёмкі» шырынёй не болей за 2 см. Яны рознакаляровыя і вырабленыя як з ільняных i ваўняных нітак хатняга прадзення, так i з пакупных баваўняных нітак. Пераважаюць адценні барвовага, белага альбо шэрага i ружовага колераў. Дапаўненнем служаць ніткі чорнага, зялёнага, жоўтага, фіялетавага і іншых колераў. Канцы паясоў аздабляюцца кутасамі, кароткімі ці доўгімі махрамі.

Узор[правіць | правіць зыходнік]

Пры ткацтве пояса выкарыстоўваліся як простыя ўзоры — «калодачка», «казіны ступеньчык», «ягадка», «грабелька», «жучок», «грабелька», «жучок», «ёлачка», «варонье вочка», «пруцік» —, так і больш складаныя, утвораныя ў выніку індывідуальнай творчасці ткачых: «двайная грабелька», «кілішак», «капыцік», «лукатка», «гусіная лапка», «несканчоны», «рачок», «крываножка», i г. д.

Майстрыха Марыя Мікалаеўна Стасяловіч за працай.
Дошка з цвікамі, на якой снуюць пояс.

Абрады і сімвалізм[правіць | правіць зыходнік]

Паясы выкарыстоўваліся як ў якасці функцыянальнага ці дэкаратыўнага сродка, так і ў ролі сакральнага элемента ў шматлікіх абрадах. Даследчыца Алена Ляшкевіч лічыць, што пояс слугаваў своеасаблівым маркерам асвоенай новай прасторы, артэфактам, патрэбным для здзяйснення пераходу з дзяўчына ў жанчыну i з жывога ў памерлага [2].

Паясы, да прыкладу, былі важным атрыбутам вяселля. На Панямонні падча заручынаў маці маладой насыпала у бутэльку жыта, абвязвала яе ручніком ці хусткай i абкручвала поясам крыж-накрыж «як дзіця». У іншых мясцінах, хлапец на заручынах даваў нарачонай ляльку, якую яна павінна была падперазаць поясам.

Свату на вяселлі завязвалі пояс наверх ручніка, праз правае плячо. Паясамі маладая выкупляла сабе месца за вясельным сталом, упрыгожвала шыю каню. Калі маладых сустракалі бацькі маладога, то нявеста даравала свёкру пояс. Такія ж падарункі маладая жонка давала бацькам мужа, выходзячы ўпершыню ў статусе замужняй жанчыны на жніво. На другі дзень вяселля маладая вязала пояс на венік, а таксама клала паясы ў розныя месцы. Сярод локусаў і прадметаў, дзе маладая пакідала паясы на другі дзень вяселля, былі прыпечак, студня, венік, дзяжа, чапяла, патэльня, даёнка, начоўкі, прасніца, цэп, дровы. У XIX стагоддзі згадваліся таксама кладка на рацэ, дзе маладая упершыню мыла бялізну, авечнік, аборы, хлеў, куратнік.

Даследчык Васіль Ліцьвінка лічыў, што дарэнне паясоў на вяселлі — гэта сімвал уступлення маладой у род маладога, вешанне паясоў на другі дзень вяселля — праграмаванне прыплоду i дабрабыту ў гаспадарцы, а кіданне пояса на печ — спроба задобрыць духаў хаты, продкаў. [3]

Перад нараджэннем дзіцяці ткалі спецыяльны пояс — «спавівік», для дзяўчынкі чырвоны ці ружовы, для хлопчыка — сіні ці зялёны. Такі пояс быў шырэйшы і даужэйшы за пояс, што прызначаўся для нашэння даросламу чалавеку, бо спавівікам трэба было абвязаць немаўля крыж-накрыж, «каб ручкі-ножкі роўненькія былі».

Паясы таксама выкарыстоўвалі падчас Зажынак і Дажынак. Ім абвязвалі зажыначны сноп, што стаяў усю зіму ў хаце на покуці. Гэты сноп звалі «Гаспадар». Пояс дарыла маладуха свякрусе ў першы год замужжа, ідучы на жніво.

У Валожынскім раёне сустракаюцца згадкі аб ужыванні паясоў падчас пахавальнага абраду: пояс, разам з кашулькай, у якіх хрысцілі дзіця, захоўваліся аж да смерці чалавека і клаліся з ім у труну. Класці паясы ў труну, «пад пакойніка», маглі толькі родныя памерлага. Клалі ўпоперак, канцы ў труну не запраўлялі, яны віселі. Каня, які вёз труну з нябожчыкам, таксама вялі на поясе. Людзі верылі, што пояс нябожчык пакіне на нейкай кладцы, што яму трэба перайсці на тым свеце. Сустракаюцца павер’і, што чалавек будзе уставаць, трымаючыся за пояс, на Страшны суд, што на тым свеце нябожчыка на гэтым паяску павядуць у рай.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Інвентар НКС: Традыцыя ткацтва паясоў у Валожынскім раёне
  2. Ляшкевіч, А. / Параўнанне сімвалічных функцый паясоў Валожыншчыны і паясоў Гродзенскай вобласці // Беларускія паясы: гістарычныя шляхі развіцця і сучасная практыка : мат-лы рэсп. Навк.-практ. канф. (Слуцк, 21 верасня 2013 г.) / уклад. Б. А. Лазука. – Мінск : Зміцер Колас, 2013. – С. 83–90.
  3. В. Д. Ліцвінка. «Сімволіка пояса ў беларускім фальклоры» // Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі «Народныя паясы — мастацтва і рамяство» Мінск, 10-11 снежня 1992 / Укладанне В. А. Лабачэўскай — Мінск: Беларускі інстытут праблем культуры, 1994. — 104 с

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 5. Цэнтральная Беларусь. У 2 кн. Кн. 2 / А. М. Боганева [і інш.]; ідэя і агул. Рэдагаванне Т. Б. Варфаламеевай. — Мінск: Выш. Шк., 2011—911 с.: каляр. Іл. С. 731—740 "Традыцыйны касцюм Паўночна-Заходніх раёнаў Міншчыны С. 812—815 «Валожынскія паясы», «Паясы ў абрадах», «Сучасны стан рамяства ткацтва паясоў»
  • Селівончык В. І. / Беларускія народныя паясы. // Народныя мастацкія рамѐствы Беларусі / Укладальнік Я. М. Сахута. — 2-е выд. — мн.: Беларусь, 2001. — 168 с.: іл.
  • «Народныя паясы — мастацтва і рамяство» матэрыялы навуковапрактычнай канферэнцыі // Укладанне В. А. Лабачэўскай, Мн.: Беларускі інстытут праблем культуры, 1994. — 104 с.
  • Х. С. Лямбовіч / Ткацтва Міншчыны. Гісторыя і сучаснасць. (Валожынскі раён) // Матэрыял, прачытаны на канферэнцыі ў МАЦНТ ў 2007.