Трумпельдор (могілкі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Трумпельдор
іўр.: בית הקברות טרומפלדור
32°04′32″ пн. ш. 34°46′12″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Дата заснавання 1902
Сайт kadisha.org/kadisha-tel-…
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Трумпельдор (іўр.: בית הקברות טרומפלדור) — гістарычныя могілкі (пантэон) ў цэнтральным Тэль-Авіве (раён Леў-гаір), абмежаваныя вуліцамі Трумпельдор, Ховэвэй-Цыён, Баграшоў і Пінскер.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Могілкі Трумпельдор у Тэль-Авіве ўзніклі за 7 гадоў да самога горада, спачатку называліся «Халернымі». У 1902 годзе ў Егіпце выбухнула эпідэмія халеры, яна хутка перакінулася і на Асманскую імперыю, у тым ліку на Палесціну. Пацярпела ад эпідэміі і яўрэйская грамада партовага горада Яфа, праз які прыбывалі ў Святую Зямлю пілігрымы і рэпатрыянты, а ў ваколіцах была засяроджана большасць пакаленняў яўрэйскай «аліі». Асманскія ўлады не дазволілі хаваць памерлых ад халеры на могілках у самой Яфе, і лідар супольнасці яўрэйскага раёна Нэве-Цэдэк, Шымон Роках, здолеў атрымаць дазвол на стварэнне новых могілак на даволі значнай адлегласці ў незаселенай мясцовасці на поўнач ад горада. Пад могілкі адвялі 12 га зямлі, якая, аднак, засталася ўласнасцю асманскага ўраду. Каб спыніць эпідэмію халеры, жыхары Яфы правялі два старажытныя яўрэйскія абрады — закапалі на могілках скрутак Торы і выдалі замуж двух сірот. Эпідэмія пасля гэтага і праўда спынілася.

Першыя пахаванні тут адбыліся ў кастрычніку 1902 года, прытым яны размяшчаліся на вялікай адлегласці адно ад аднаго — часткова з эпідэміялагічных меркаванняў, але таксама і таму што яўрэйскія пасяленцы баяліся, што туркі перадумаюць і адбяруць такі вялікі кавалак зямлі. Сам жа Тэль-Авіў (які пазней паглынуў і Нэве-Цэдэк і самую Яфу) узнік толькі ў 1909 годзе, калі на Халерных могілках было ўжо нямала пахаванняў. Яны і сталі служыць галоўнымі гарадскімі могілкамі Тэль-Авіва, бліскучую гістарычную кар’еру якога тады мала хто мог прадбачыць. У горадзе неўзабаве (з 1932) з’явіліся і іншыя могілкі, а гэтыя пачалі называць «Старымі».

Вуліца Трумпельдор была названа ў гонар вядомага сіяніста, стваральніка першых яўрэйскіх аддзелаў самаабароны (у тым ліку ў Мінску), героя руска-японскай вайны — Іосіфа Трумпельдора, пасля яго гібелі ў баі з арабскімі пагромшчыкамі ў сакавіку 1920 года ў Верхняй Галілеі. З часам назва вуліцы на якой знаходзіцца галоўны ўваход (пабудаваны ў 1926, па адрасе вул. Трумпельдор, 19), была неафіцыйна перанесена і на могілкі. Тут хавалі ахвяр арабскіх пагромаў 1920-1930-х гадоў, значных грамадскіх дзеячаў Тэль-Авіва і Ізраіля агулам — пісьменнікаў, навукоўцаў, палітыкаў, сярод якіх першы мэр Тэль-Авіва Мэір Дызенгоф, паэт Шаўль Чарніхоўскі і многія іншыя вядомыя асобы. Цяпер хаваць тут можна толькі блізкіх сваякоў нябожчыкаў, і могілкі з’яўляюцца прэстыжным нацыянальным пантэонам.

Планіроўка[правіць | правіць зыходнік]

Агулам на могілках знаходзіцца каля 5000 пахаванняў.

Адразу каля галоўнага ўваходу знаходзяцца сінагога і брацкія магілы ахвяр арабскіх пагромаў 1920-1930-х гадоў. Гэта цэнтральны ўчастак могілак, ён называецца Бэт. Злева — самы стары (усходні) ўчастак, Алеф, дзе захаваліся старажытныя магілы, у тым ліку загінулых ад халеры ў пачатку існавання могілак. Справа — больш сучасны ўчастак Гімэл, дзе пахаваны знакамітыя людзі, якія памерлі адносна нядаўна (акцёр і спявак Арык Айнштэйн, мастак Рэўвен Рубін і інш.).

На большасці надмагілляў няма партрэтаў, толькі надпісы — даніна старадаўняй іўдзейскай забароне выяўляць чалавечыя твары.

Вядомыя пахаваныя[правіць | правіць зыходнік]

Сярод пахаваных на могілках ёсць шмат выхадцаў з тэрыторыі Беларусі або іх дзяцей, шмат хто з іх адыграў важную ролю ў гісторыі Тэль-Авіва пры ўзнікненні горада або ў першыя дзесяцігоддзі яго існавання. Найбольш важныя з іх: