Тэкеста

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэкеста
Помнік тэкеста ў Маямі
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Фларыда (штат)
Мова тэкеста
Рэлігія татэмізм, анімізм
Блізкія этнічныя групы

Тэкеста, або тэгеста (ісп.: Tequesta, Tekesta, Tegesta)  — зніклы індзейскі народ, карэнныя насельнікі паўднёвай прыбярэжнай часткі Фларыды на тэрыторыі сучасных ЗША.

Тэкеста ўзгадваліся іспанскімі мараплаўцамі з канца XVI ст. Іх назва паходзіла ад наймення галоўнай вёскі на паўднёвым усходзе Фларыды. Археолагі атаясняюць тэкеста з культурай вандроўных плямён Глейдс, якая сфарміравалася ў канцы 1 тысячагоддзя. У запісах еўрапейскіх вандроўнікаў і місіянераў захавалася невялікая колькасць слоў на мове тэкеста, і яе карэктная навуковая атрыбуцыя не магчыма. Большасць даследчыкаў схіляецца да думкі, што па паходжанню тэкеста былі звязаны з плямёнамі поўначы Мексіканскага заліва.

Асноўнымі заняткамі тэкеста былі вандроўныя рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва. Сезонна яны перамяшчаліся на прыбярэжныя астравы, каб пазбавіцца ад маскітаў. На астравах меліся паселішчы накшталт вёсак. Місіянеры паведамлялі, што яны шанавалі пудзілы дзікіх жывёл. У дакалумбавы перыяд продкі тэкеста стварылі такія помнікі, як курган Пампана-Біч з пахаваннем 1 тысячагоддзя і каменнае кола Маямі.

Кантакты паміж еўрапейцамі і тэкеста пачаліся ўжо ў XVI ст., аднак абмяжоўваліся выпадковым заходам караблёў у залівы на паўднёвым узбярэжжы Фларыды. У 1748 г. да іх у палон трапіў Брытан Хэман, чарнаскуры жыхар Бостана. Паводле яго нататак, апублікаваных у Лондане ў 1760 г., ён быў выкуплены капітанам іспанскага карабля, які стала заходзіў у мясцовыя воды і вёў гандаль з індзейцамі.

У 1743 г. іспанцы арганізавалі на землях тэкеста невялікую каталіцкую місію. Аднак іх з’яўленне было прахалодна прынята з боку мясцовых жыхароў, да таго ж місіянеры паведамлялі пра напады паўночных індзейцаў-мікасукі. Місія была хутка зачынена. У 1763 г., калі Фларыда была перададзена Вялікабрытаніі, тубыльцы перасяліліся на Кубу, дзе былі асіміляваны. Тым не меней, у Фларыдзе існуе супольнасць, якая сцвярджае, што яе члены з’яўляюцца прамымі нашчадкамі тэкеста.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]