Калуса (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Калуса
Сучасная дыярама
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Фларыда
Мова калуса
Рэлігія шаманізм, анімізм
Блізкія этнічныя групы

Калуса (ісп.: Calusa — зніклы індзейскі народ, карэнныя насельнікі паўднёва-заходняй Фларыды на тэрыторыі сучасных ЗША.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Археолагі атаясняюць калуса з носьбітамі культуры Калусахатчы, якая ўзнікла ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э. у выніку перасялення жыхароў унутраных раёнаў Фларыды на ўзбярэжжа Мексіканскага заліва. Захавалася невялікая колькасць слоў з іх мовы. Яна дазваляе сцвярджаць, што мова калуса значна адрознівалася ад моў індзейскіх народаў, што жылі на поўнач. Аднак яе карэктная навуковая атрыбуцыя зацяжарана. Фларыдскі мовазнавец Джуліян Грэнбэры, аўтар кнігі «Калуса: Моўныя і культурныя паходжанне і адносіны» (2011 г.)[1] лічыць, што мова калуса мела супольнае паходжанне з мовай місісіпскага народа туніка.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Да XVI ст. калуса стварылі сацыяльна распластаванае грамадства і пашырылі свой уплыў на ўсю паўднёвую Фларыду. Пра з’яўленне ў Новым Свеце еўрапейцаў у канцы XVXVI ст. яны маглі даведацца ад індзейцаў-уцекачоў з суседняй Кубы. У 1513 г., калі карабель Х. П. дэ Леона дасягнуў поўдня Фларыды, тут яго сустрэў індзеец, які размаўляў на іспанскай мове. Карабель быў атакаваны індзейскімі каноэ і пасля 2 баёў быў вымушаны пакінуць бераг. У 1521 г. Х. П. дэ Леон высадзіўся з 200 салдатамі на землях калуса для заснавання калоніі, але ў баі з тубыльцамі быў смяротна паранены. У 15491566 гг. у палоне калуса знаходзіўся выжылы пасля караблекрушэння іспанец Эрнанда де Эскалантэ Фантанеда (усе яго паплечнікі і родны брат былі забіты). Апублікаваныя ім у 1575 г. успаміны з’яўляюцца найважнейшай крыніцай для даследчыкаў культуры калуса.

Да канца XVII ст. адносіны паміж іспанцамі і калуса заставаліся напружанамі, хаця часам суправаджаліся перамовамі і ўзаемным гандлем. Сітуацыя змянілася з-за нападаў продкаў індзейцаў-семінолаў з поўначы. Калуса былі вымушаны шукаць саюзу з іспанцамі. У 1711 г. каля 280 індзейцаў былі пераселены на Кубу з Фларыда-Кіс, аднак перасяленцы сталі ахвярай эпідэміі. Таму ў далейшым каланіяльныя ўлады Кубы аддавалі перавагу заснаванню місіянерскіх паселішчаў, дзе фларыдскія індзейцы маглі захоўваць пэўную аўтаномію. Калуса арганізоўвалі ўзброеныя напады на судны іншых дзяржаў, калі тыя спрабавалі кінуць якар каля паўднёвай Фларыды. Відавочна, колькасць тубыльцаў стала скарачалася з-за ваенных дзеянняў і эпідэмічных хвароб, занесеных еўрапейцамі. У 1763 г., калі Фларыда была перададзена Вялікабрытаніі, рэшткі калуса былі пераселены на Кубу, дзе да пачатку XIX ст. асіміляваліся.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Калуса насялялі рэгіён, які адрозніваўся біялагічным багаццем, таму рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва дазвалялі ім не проста існаваць, а мець дадатковы прадукт, каб будаваць складаныя сацыяльныя адносіны. Эрнанда де Эскалантэ Фантанеда ўзгадваў тое, што яго кармілі кукурузай. Магчыма, яе выменьвалі на прадукты рыбалоўства ў паўночных плямён, што займаліся земляробствам. Рыбу лавілі з дапамогай плеценых сетак. Галоўным транспартным сродкам былі каноэ, выдзяўбаныя ў ствалах кіпарысу. Кераміка была вядома, але выкарыстоўвалася рэдка. Большасць пасудзін выраблялі з драўніны.

Паселішчы ўяўлялі сабою вялікія хаціны на па́лях, у якіх жыло адначасова некалькі сем'яў. Рэзідэнцыя вярхоўнага правадыра мела вялікія памеры і магла змясціць да 2000 чалавек. Вопратка складалася са скураных насцегнавых повязей. Калуса мелі звычай фарбаваць цела, насілі доўгія валасы. Члены сям'і вярхоўнага правадыра мелі ўпрыгожванні з жэмчугу і каштоўных металаў. Жрацы ў рытуальных мэтах насілі складаныя маскі.

Грамадства калуса падзялялася на высакародных і простых абшчыннікаў. Ваеннапалонных выкарыстоўвалі ў якасці рабоў. На чале грамадства стаяў вярхоўны правадыр, якога іспанцы называлі каралём. У XVI ст. узгадваўся мясцовы кароль Карлас. Існуе гіпотэза, што ад яго імя пайшла назва калуса. Улада правадыра была спадчыннай. Яго блізкія сваякі займалі найбольш уплывовыя пасады. Для забеспячэння ўнутранага міру вярхоўны правадыр імкнуўся заключыць шлюбныя саюзы з іншымі правадырамі. Відавочна, існаваў звычай жаніцьбы вярхоўнага правадыра на роднай сястры.

Калуса верылі, што светам кіруюць 3 вярхоўныя істоты. Адна пануе над фізічным светам, другая — над людзьмі, трэцяя загадвае войнамі. Кожны чалавек меў 3 душы. Адна выяўлялася ў зрэнцы, другая — у адлюстраванні, трэцяя — у цені. Пасля смерці разам з чалавекам заставалася толькі зрэнкавая душа. У калуса меліся жрацы, якія арганізоўвалі рытуалы і цырыманіяльныя шэсці. У XVII ст. большасць вернікаў фармальна прыняла каталіцызм. У спадчыну ад калуса на ўзбярэжжы заходняй Фларыды захаваліся штучныя пахавальныя курганы, дзе знаходзяць ракавіны малюскаў і рэшткі пабытовых рэчаў.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Granberry, J. The Calusa: Linguistic and Cultural Origins and Relationships. — Tuscaloosa: The University of Alabama Press, 2011

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]