Тэлоніус Монк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэлоніус Монк
англ.: Thelonious S. Monk
англ.: Thelonious Monk
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 10 кастрычніка 1917(1917-10-10)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 17 лютага 1982(1982-02-17)[1][2][…] (64 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Краіна
Жонка Nellie Monk[d][5]
Дзеці T. S. Monk[d]
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Прафесіі піяніст, кампазітар, джазмен, музыкант, студыйны музыкант
Інструменты фартэпіяна і jazz piano[d]
Жанры джаз[6], bebop[d][7][8], hard bop[d][9][10], страйд[d][11][12][…] і cool jazz[d][13][14]
Грамадская дзейнасць
Член у
Узнагароды
monkzone.com
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Тэлоніус Сфір Монк (англ.: Thelonious Sphere Monk, 10 кастрычніка 1917 — 17 лютага 1982) — выбітны джазавы піяніст і кампазітар, найбольш вядомы як адзін з родапачынальнікаў стылю бібоп  (англ.). У сваёй творчасці прытрымліваўся арыгінальнага стылю, быў авангардыстам і прымітывістам, яго манера гульні была не зусім характэрнай для джаза: яго музыка была «ірванай», мела шмат рыўкоў.

Жыццёвы і творчы шлях[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і Тэлоніуса і Барбары Монк (у дзявоцтве Бэтс), быў другім іх дзіцем (сястру звалі Мэрыён, яна была старэйшая за яго на два гады, малодшага брата звалі Томас). Сам музыка ў розны час называў розныя даты свайго нараджэння, дакладна гэта было ўстаноўлена толькі ў 1968 годзе, калі крытык Леанард Фэзер выявіў арыгінал пасведчання аб нараджэнні. Другое імя — Сфір — ён, відаць, прысвоіў сабе ў гонар дзеда па матчынай лініі.

Ва ўзросце трох гадоў музыка разам з сям’ёй пераехаў у Нью-Ёрк, на Манхэтэн. У кватэры па адрасе 243 West 63rd St, дзе яны пасяліліся, ён пражыў амаль усё астатняе жыццё — спачатку з маці, сястрой і братам (бацька пакінуў сям’ю неўзабаве пасля пераезду і вярнуўся ў Рокі Маунт), а затым з жонкай і дзецьмі. Барбара Монк была вымушана працаваць на некалькіх працах адразу, каб пракарміць дзяцей; але, акрамя фінансавых цяжкасцей, нішто не ўскладняла дзяцінства хлопчыка: маральная абстаноўка ў сям’і была добрай, у школе ён вучыўся добра (хоць і меў праблемы ў зносінах з аднагодкамі), асабліва любіў фізіку і матэматыку.

Упершыню за фартэпіяна Тэлоніус сеў ва ўзросце 6 гадоў. Перыядычна ён браў урокі, але акадэмічнай музычнай адукацыі так і не атрымаў. Сваімі кумірамі ён лічыў Дзюка Элінгтана, Джэймса П. Джонсана і іншых страйд-піяністаў таго часу.

У 1940 годзе ён атрымаў пасаду піяніста ў легендарным Манхэтэнскім клубе «Minton's Playhouse». На гэтай працы Монк зарабляў усяго 17 долараў у тыдзень, але атрымліваў вялікае задавальненне ад імправізацый з барабаншчыкам Кені Кларкам: яны выпрацавалі сваю ўласную манеру ігры, ускладняючы кампазіцыі, каб адсяваць пасрэдных выканаўцаў, якія жадалі выступаць з імі разам. У 1942 г. у клубе сталі з’яўляцца Дзізі Гілеспі  (англ.) і Чарлі Паркер  (англ.), якія потым сталі агульнапрызнанымі родапачынальнікамі бібопа — стылю ў джазе, які здабыў папулярнасць і камерцыйную паспяховасць у 1944 г. У тым жа годзе Монк пакінуў «Minton's Playhouse», так і не дамогшыся прызнання шырокай публікі.

У 1944 г. зрабіў свой першы студыйны запіс сумесна з квартэтам Коўлмена Хокінса. Хокінс быў першым вядомым музыкам, які паверыў у талент маладога Тэлоніуса Монка, і той пасля адплаціў яму за давер запрашэннем паўдзельнічаць у запісах 1957 года з Джонам Калтрэйнам  (англ.).

У 1947 г. адбыліся дзве вельмі важныя для Монка падзеі. Наступіў пераломны момант у яго кар’еры: у жніўні ён падпісаў кантракт на пяць гадоў са студыяй гуказапісу «Blue Note» і зрабіў першы самастойны студыйны запіс. Адбыліся змены і ў яго асабістым жыцці: у гэтым годзе ён уступіў у шлюб з Нэлі Сміт, якую ведаў з 15-гадовага ўзросту; гэта вельмі моцна паўплывала на жыццё музыканта: жонка пастаянна клапацілася аб ім і аказвала яму падтрымку. Праз 2 гады ў іх нарадзіўся сын Тэлоніус Спірыт-малодшы (у дзяцінстве насіў мянушку Toot у гонар карабліка з мультфільмаў Уолта Дыснея, і бацька прысвяціў яму п’есу «Little Rootie Tootie»), а ў 1953 годзе — дачка Барбара (сямейная мянушка — «Бу-бу»). Сын, як і бацька, прысвяціў сваё жыццё джазу; ударнік і кампазітар, выступае пад імем Т. С. Монк.

Работы Монка ўсё яшчэ не мелі шырокага поспеху ў публікі: яго арыгінальную манеру выканання многія лічылі дылетанцкай. Ён шмат піў, паліў марыхуану і прымаў медыкаменты (гэта пачалося яшчэ ў час яго працы ў «Minton's Playhouse», дзе такі стыль жыцця лічыўся нормай). У 1948 годзе Монк быў упершыню абвінавачаны ў злачынстве: у яго знайшлі марыхуану. На год канфіскаваная яго кабарэ-кард (пасведчанне, якое дазваляе выступаць ва ўстановах, дзе падаюць спіртное), так што ён фактычна пазбавіўся сваёй асноўнай крыніцы даходу. Потым ён яшчэ раз страціў ліцэнзію на працу. У 1952 годзе Монк стаў працаваць на студыі «Prestige Records». У гэты перыяд было створана шмат значных запісаў: сумесныя працы з саксафаністам Соні Ролінзам  (англ.), барабаншчыкам Артам Блэйкі  (англ.) і вялікім трубачом Майлзам Дэвісам. Яго адносіны з калегамі складаліся па-рознаму: да маладога Ролінза ён ставіўся з павагай, а вось да Дэвіса адчуваў непрыязнасць. У сваю чаргу, Дэвіса раздражняла манера Монка адцягваць увагу ад саліруючай трубы сваімі шалёнымі пасажамі: ён не вельмі падыходзіў на ролю акампаніятара, і музыкі часта сварыліся.

У 1953 г. Монк пазнаёміўся з баранесай Панонікай дэ Кенігсвартэр, дачкой банкіра Натаніэла Чарльза Ротшыльда, жанчынай, якая спрыяла джаз-музыкантам. Яна аказала значную дапамогу яму і Чарлі Паркеру, калі ў іх абодвух не было магчымасці выступаць у кабарэ. Баранеса засталася блізкай сяброўкай Монка да канца яго жыцця. Ёй прысвечана тэма Монка «Паноніка».

У 1955 г. памёр калега і сябар Монка — Чарлі Паркер. Гэта сумная падзея прыцягнула ўвагу шырокай публікі да свету джаза, і пласцінкі Тэлоніуса Монка сталі прадавацца лепш. Ён заключыў кантракт са студыяй Riverside. Так быў створаны альбом «Thelonious Monk Plays Duke Ellington», які высока быў ацэнены Дзюкам.

У 1956 г. тэлеканал CBS запрасіў Монка прыняць удзел у шоу «Зоркі джаза», дзе ён прыцягнуў усеагульную ўвагу сваёй дзіўнай манерай ніколі не згінаць пальцаў, націскаючы на клавішы. У гэтым жа годзе быў запісаны, мабыць, самы знакаміты альбом музыкі — «Brilliant Corners  (англ.)» (пры ўдзеле тэнар-саксафаніста Соні Ролінза). У 1957 г. намаганнямі баранесы Панонікі і Хары Каломба, новага менеджара Монка, музыкант здолеў вярнуць кабарэ-кард. Неўзабаве ён пачаў працаваць у джаз-клубе «Five Spot» на чале створанага ім квартэта. Першапачаткова з ім граў Джон Калтрэйн, але ў канцы 1958 г. яго месца заняў Джоні Грыфін, а затым Чарлі Роўз, які пратрымаўся ў калектыве цэлых 12 гадоў. У гэтым жа годзе здарыўся чарговы скандал, музыка зноў трапіў пад суд за захоўванне наркотыкаў і быў пазбаўлены магчымасці выступаць у клубах на 2 гады. У 1959 г. ён ледзь не патрапіў у псіхіятрычную бальніцу з-за сваіх асацыяльных і дзіўных паводзінаў, але паступова з дапамогай сваёй жонкі яму ўдалося прыйсці ў нармальны стан. Калі яго музыка (сумесна з Артам Блэйкі) увайшла ў саўндтрэк фільма «Знікаючыя жанчыны» («Des Femmes Disparaissent») рэжысёра Эдуара Малінаро, Монк усё-ткі дамогся шырокай вядомасці. У 1963 годзе ён быў уключаны чытачамі часопіса «Down Beat» ў Залу Славы джаза (цікава, што ён так ніколі і не ўвайшоў у гэты спіс па версіі крытыкаў), у 1964 часопіс «Time» прысвяціў яму цэлы нумар, партрэт Монка для вокладкі зрабіў Барыс Шаляпін (сын знакамітага спевака). У часопісе быў згаданы той факт, што музыка злоўжывае алкаголем і наркотыкамі.

У гэты перыяд Монк заключыў кантракт з «Columbia Records», але яго новыя творы страцілі былую арыгінальнасць: усе яны будаваліся па аднаму плану і былі падобныя адзін да аднаго. Выключэнне складае яго апошні альбом, запісаны ў гэтай студыі, — «Underground».

Канцэрн CBS прапанаваў музыканту выпусціць альбом з песнямі гурта «The Beatles» ва ўласнай інтэрпрэтацыі, але Монк адмовіўся. У 1971 г. ён прыняў удзел у сусветным турнэ «Гіганты джаза», у гэты ж час запісаў свой апошні альбом у трох частках на невялікай студыі «Black Lion».

Пасля 1971 г. музыка амаль не выступаў, свой апошні канцэрт ён даў летам 1976 года. Монк да мінімуму скараціў свае кантакты з вонкавым светам, ён пасяліўся ў доме Панонікі, не выяўляючы заўважнай цікавасці ні да музыкі, ні да жыцця наогул. 17 лютага 1982 года Тэлоніус Монк памёр ад інсульту. Пахаваны на могілках Фернкліфф (Ferncliff Cemetery), у горадзе Хартсдэйл, штат Нью-Ёрк. Пасмяротна ён атрымаў дзве значныя ўзнагароды: у 1993 годзе быў узнагароджаны прэміяй «Грэмі» за ўклад у музычнае мастацтва, а ў 2006 годзе быў удастоены Пулітцэраўскай прэміі ў галіне музыкі.

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Монк быў настолькі супярэчлівай постаццю, што да гэтага часу не можа быць адназначна ці раўназначна ацэненым крытыкамі і музыкамі. І сапраўды, Тэлоніус Монк меў схільнасць да шызафрэніі, як і Бад Пауэл  (англ.), з якім ён даволі блізка меў зносіны і з якім разам у свой час ён быў арыштаваны за захоўванне наркотыкаў. З-за гэтага яму было забаронена выступаць у нью-ёркскіх клубах цягам пяці гадоў, і гэта не быў адзіны яго інцыдэнт з паліцыяй.

Тэлоніус Монк не быў віртуозам і не валодаў фартэпіяна ў той меры, у якой гэта звычайна чакаецца ад прафесійнага музыкі (ён быў, відаць, апошнім з прафесійных джазавых музыкантаў, якія не атрымалі сур’ёзнай адукацыі).

З іншага боку, яго музычныя здольнасці былі велізарныя і дазвалялі складаць сапраўды вельмі вядомыя, арыгінальныя і самабытныя тэмы. Некаторая наіўная вуглаватасць яго манеры гульні, незвычайны падыход да клавіятуры нялёгка зразумець і прыняць пры першым праслухоўванні, і ўсё ж яна тоіць у сабе пэўнае хараство і шчодра ўзнагароджвае ўважлівага слухача. Большасць запісаных ім кампазіцый належыць яму самому, але існуюць і цікавыя запісы з яго трактоўкай стандартаў, такіх як Tea for Two, Liza і Memories of You, яны дэманструюць яго незвычайны падыход да ігры на фартэпіяна. Яго геніяльныя студыйныя запісы і канцэртныя выступленні характарызуюць яго як аднаго з найвялікшых артыстаў Амерыкі.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]