Перайсці да зместу

Узбек-хан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Узбек-хан
татар.: Үзбәк хан, ﺋوﺯﺒﻪﻙ
Хан, тытул (Залатая Арда і Сіняя Арда[d])
1312 — 1341
Папярэднік Toqta[d]
Пераемнік Тынібек[d]

Нараджэнне 1282[1]
Смерць 1341
Род Чынгізіды
Бацька Tuogulieer[d]
Жонка Тайдула
Дзеці Тынібек[d], Джанібек[2] і Abdullah Khan[d]
Веравызнанне іслам
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Узбе́к (каля 1283—1341) — хан Залатой Арды з 1313 года. Праўленне Узбек-хана стала часам найвышэйшай магутнасці Залатой Арды. З яго імем звязаны этнонім узбекі.

Належаў да дынастыі Чынгізідаў, унук хана Менгу-Цімура, пляменнік хана Тахты.

Заняў пасад, адхіліўшы ад улады сына і прыхільнікаў памерлага Тахты. Знаходзячыся пад моцным уплывам прапаведнікаў суфізму, стаў мусульманінам. У Залатой Ардзе ўвёў іслам як дзяржаўную рэлігію, што выклікала супраціўленне ардынскай знаці. Праследаваў іншаверцаў. У адказ на абвінавачанні ў парушэнні запаветаў Чынгізхана з нагоды захавання верацярпімасці Узбек-хан распачаў масавыя рэпрэсіі, у тым ліку супраць членаў кіруючай дынастыі (у крыніцах паведамляецца аб пакаранні смерцю 120 Чынгізідаў).

Час кіравання хана Узбека — эпоха эканамічнага і культурнага ўздыму Залатой Арды, яе найбольшай ваенна-палітычнай магутнасці. У выпрацоўцы ўнутранай і знешняй палітыкі прыкметную ролю пры ім адыгрывалі беклербек (затым намеснік Харэзма) Кутлуг-Цімур і жонка — ханша Тайдула.

Тэрыторыя Залатой Арды была падзелена на 4 правінцыі на чале з намеснікамі-ўлусбекамі (Сарай, Харэзм, Крым, Дэшт-і-Кіпчак), што дазволіла ўпарадкаваць кіраванне дзяржавай. Працягвалася распачатае пры Тахце шырокае гарадское будаўніцтва, у нізоўях Волгі быў заснаваны горад Новы Сарай, які стаў фактычна другой сталіцай. У развіццё грашовай рэформы Тахты пачалася чаканка разменнай меднай манеты — пулы. Шмат увагі надавалася добраўпарадкаванню караванных шляхоў, развіццю гандлю з краінамі Заходняй Еўропы, Малой Азіі, Егіптам, Індыяй, Кітаем.

Узбек-хан вёў актыўную знешнюю палітыку: падтрымліваў дружалюбныя адносіны з Егіптам, пасылаў войскі на Вялікае Княства Літоўскае, Польшчу, улус Чагатая, аднавіў перапыненыя Тохтай вайны з Хулагуідамі. У 1318-19, 1325 і 1335 гадах золатаардынскае войска ўрывалася ў Азербайджан, але не здолела там замацавацца. Для падтрымання саюзніцкіх сувязей хан Узбек ажаніўся з пазашлюбнай дачкой візантыйскага імператара Андроніка II Палеалога Марыі і выдаў сваю пляменніцу замуж за егіпецкага султана ан-Насір Мухамеда.

Пры хане Узбеку адбыліся змены ў адносінах ардынскага ўрада з рускімі княствамі, выкліканыя запатрабаваннем Залатой Арды ў каштоўных металах. На змену баскакам прыйшлі перыядычныя ўзброеныя пасольствы для «пасажэння» рускіх князёў на сталы і прымусу іх да збору і дастаўкі ардынскага выхаду. Палітыка Узбек-хана ў рускіх княствах зводзілася галоўным чынам да абвастрэння супярэчнасцей паміж вядучымі палітычнымі сіламі.

Каб аслабіць падначаленую яму Русь, распальваў варожасць паміж князямі. У 1317 годзе хан Узбек выдаў замуж за маскоўскага князя Юрыя Данілавіча сваю сястру — Канчаку (хрысцілася пад імем Агаф’я), якая пасля Барценеўскай бітвы (1317) апынулася ў цвярскім палоне, дзе і памерла. Гэта дало нагоду маскоўскаму князю абвінаваціць цвярскога князя Міхаіла Яраславіча ў яе атручэнні і паслужыла адной з прычын пакарання апошняга ў Ардзе.

Выкарыстоўваючы суперніцтва паміж маскоўскімі і цвярскімі князямі, Узбек-хан чаргаваў выдачу ім ярлыкоў на вялікае княжанне Уладзімірскае: маскоўскаму князю Юрыю Данілавічу (1317), цвярскім князям Дзмітрыю Міхайлавічу (1322) і Аляксандру Міхайлавічу (1326).

Узбек-хан асудзіў на смерць цвярскіх (і былых вялікіх уладзімірскіх) князёў Міхаіла Яраславіча (1318), Дзмітрыя (1325) і Аляксандра (1339) Міхайлавічаў, у 1327 жорстка задушыў антыардынскае паўстанне ў Цверы, якая з таго часу ўжо не магла на роўных змагацца з Масквой за першынство на Русі.

Пасля падаўлення пры ўдзеле рускіх князёў Цвярскога паўстання Узбек-хан падзяліў вялікае княства Уладзімірскае паміж суздальскім князем Аляксандрам Васільевічам (да 1331) і маскоўскім князем Іванам I Калітой. Пасля смерці Івана I Каліты (1340) перадаў ярлык яго сыну — князю Сямёну Гордаму. Задаволены палітыкай маскоўскіх князёў, Узбек-хан не прадпрымаў узброеных уварванняў у рускія землі, пачаліся адзначаныя летапісцамі «сорак гадоў цішыні». Разам з тым, не жадаючы празмернага ўзмацнення маскоўскіх князёў, у 1341 годзе вылучыў са складу Уладзімірскага вялікага княства Ніжні Ноўгарад, перадаўшы яго суздальскім князям, што прывяло да ўтварэння Ніжагародскага вялікага княства.

  1. Beg Öz // NUKAT — 2002.
  2. China Biographical Database