Перайсці да зместу

Уладзіслаў Казіміравіч Умястоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзіслаў Казіміравіч Умястоўскі
маршалак шляхты Троцкага павета
9 студзеня 1879 — 17 лютага 1882

Нараджэнне 13 сакавіка 1834(1834-03-13)
Смерць 16 студзеня 1905(1905-01-16) (70 гадоў)
Месца пахавання
Род Умястоўскія[d]
Бацька Казімір Ян Умястоўскі
Маці Юзэфа з Дунін-Раецкіх[d]
Жонка Janina Zofia Umiastowska[d]

Уладзіслаў Казіміравіч Умястоўскі (13 сакавіка 1833, Вільня — 16 студзеня 1905) — гаспадарчы дзеяч у Расійскай імперыі, граф.

Нарадзіўся ў 1833 годзе ў Вільні. Адзіны сын Казіміра Умястоўскага і Юзэфы (з роду Дунін-Раецкіх).

У дзевяцігадовым узросце яго завезлі ў Санкт-Пецярбург на вучобу ў Царскасельскі ліцэй. Пасля заканчэння ліцэя ён пайшоў на службу ў Гродзенскі гусарскі полк імя фон дэр Пахлена. Адслужыўшы ў арміі ў рангу штабс-ротмістра, прыняў дадзены бацькамі маёнтак Пузіневічы над Нёманам, недалёка ад Навагрудка, а таксама мястэчкі Мір і Гарадзею ў тагачаснай Мінскай губерні. Праз некалькі гадоў, праведзеных у войску, цалкам прысвяціў сябе гаспадарцы ў Пузевічах, дзе навёў належны парадак.

Захапляўся мастацтвам, паэзіяй, літаратурай. Выязжаў за мяжу, наведаў Іспанію, Англію, Італію, Швейцарыю, Бельгію, Галандыю і Францыю, дзе пазнаёміўся з многімі знакамітымі асобамі: Аляксандрам Дзюма і яго сынам, Арсэнам Гаўзэ і іншымі.

Троцкі павятовы маршалак ў 1879—1882 гг. На адным з баляў Уладзіслаў Умястоўскі пазнаўёміўся з Янінай Вострарог-Садоўскай, дачкой магната з Валыні. Гэтае знаёмства закончылася шлюбам. Маладыя павянчаліся 15 ліпеня у 1882 годзе ў Варшаве. Яму тады было 48 гадоў, а ёй — 22. Месцам пастаяннага жыхарства сям’і стаў Жамыслаўль, які Уладзіслаў Умястоўскі атрымаў у спадчыну па смерці маці.

Маладая сям’я некаторы час жыла ў флігелі палаца, а ў ім самім распачалі рамонт. Граф Уладзіслаў асабіста сачыў за многімі гаспадарчымі работамі. Ахвотна выкарыстоўваў новаўвядзенні, прымаў прафесійныя парады і дапамогу спецыялістаў па сельскай гаспадарцы, такіх, напрыклад, як варшаўскі інжынер-аграном Людвік Росман. У 1855 годзе пабудаваны новы бровар, вырабленую тут гарэлку экспартавалі за мяжу. Гадавалі пчол, а з мёду выраблялі старапольскую медавуху. Аднак граф страга прытрымліваўся забароны піць алкаголь ў Жамыслаўлі.

У 1900 годзе Уладзіслаў і Яніна Умястоўскія прынялі рашэнне аб узвядзенні мураванага касцёла ў Суботніках. Будаўніцтва касцёла стала для Уладзіслава адным з галоўных жыццёвых праектаў.

Мемарыяльная пліта ў касцёле Святога Уладзіслава.

Памёр у 1905 годзе ў Вільні. Памінальную імшу правялі ў Вільні, а труну з целам перавезлі ў Суботнікі, дзе ў 1904 годзе адбылася кансэкрацыя касцёла Святога Уладзіслава.