Перайсці да зместу

Ум-аль-Нар (культура)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ум-аль-Нар
Бронзавы век
Кубак эпохі Ум-аль-Нар
Геаграфічны рэгіён Аравійскі паўвостраў
Лакалізацыя Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аман
Датаванне другая палова 3 тысячагоддзя да н. э.
Тып гаспадаркі сельская гаспадарка, здабыча медзі, гандаль
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Культура Ум-аль-Нар, або культура Ум-ан-Нар (араб. ثقافة أم النار‎‎) — археалагічная культура бронзавага веку на паўночным усходзе Аравійскага паўвострава (тэрыторыі сучасных дзяржаў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Аман). Існавала ў 2600 — 2000 гг. да н. э.

Культура Ум-аль-Нар атрымала сваю назву па найменню вострава каля Абу-Дабі, дзе ў 1959 г. дацкія археолагі знайшлі рэшткі старажытнага порта і пахаванняў 3 тысячагоддзя да н. э. Для яе характэрны керамічныя вырабы з чорным і чырвоным пакрыццём, круглявыя каменныя магільні і каменныя вежы каля крыніц вады. Сцены вялікіх будынкаў часам ўпрыгожваліся разьбой з выявамі орыксаў, быкоў, змей і вярблюдаў. Косткі вярблюдаў былі знойдзены падчас раскопак на востраве Ум-аль-Нар, хаця лічыцца, што гэтыя жывёлы пакуль не сталі свойскімі.

Мяркуецца, што асноўным заняткам носьбітаў Ум-аль-Нар была сельская гаспадарка. Прыбярэжныя жыхары жылі дзякуючы рыбалоўству і гандлю. Яны мелі зносіны з Індскай цывілізацыяй і Месапатаміяй, пра што кажуць кераміка і ўпрыгожванні з гэтых краін. Навукоўцы лічаць, што іншаземных мараплаўцаў прыцягвалі радовішчы медзі, якую здабывалі ў навакольных гарах, магчыма ладан. Культура Ум-аль-Нар часцяком атаясамляецца з краінай Маган, узгаданай у шумерскіх крыніцах.

Прычыны знікнення адносна развітай культуры пакуль не высветлены. На мяжы 3 і 2 тысячагоддзяў да н. э. порт на востраве Ум-аль-Нар прыйшоў у заняпад. На месцы буйных паселішчаў з'явіліся дробныя. Іх насельнікі займаліся вярблюдагадоўляй.