Універсітэт Тунцзі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Універсітэт Тунцзі
Заснаваны 1907
Сайт tongji.edu.cn (кіт.)
en.tongji.edu.cn (англ.)
de.tongji.edu.cn (ням.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Універсітэт Тунцзі (кіт.: 同济大学) — вышэйшая навучальная ўстанова ў Шанхаі, Кітайская Народная Рэспубліка.

Ва ўніверсітэце вучыцца каля 50 000 студэнтаў і аспірантаў. ВНУ выдае дыпломы ступеняў бакалаўра, магістра і доктара.

Структура і спецыялізацыя[правіць | правіць зыходнік]

У складзе ўніверсітэта Тунцзі 19 факультэтаў:

  • Каледж архітэктуры і гарадскога планавання;
  • Мастацтваў і камунікацый;
  • Будаўніцтва;
  • Эканомікі і менеджменту;
  • Інфармацыйных тэхналогій;
  • Геалагічны;
  • Экалогіі;
  • Замежных моў;
  • Палітыкі і права;
  • Машынабудавання;
  • Медыцынскі:
  • Жаночы;
  • Транспартны;
  • Прыродазнаўчых навук;
  • Кінематаграфічны;
  • Аэракасмічны
  • Біятэхнічны;
  • Аўтамабільны;
  • Праграмнага забеспячэння.

Таксама ва ўніверсітэце дзейнічаюць інстытуты паслядыпломнай адукацыі.

Гісторыя стварэння і станаўлення[правіць | правіць зыходнік]

У 1907 годзе Эрых Паўлун заснаваў нямецкую медыцынскую школу Тунцзі. У 1912 годзе ў навучальныя праграмы ўстановы былі дададзены тэхнічныя прадметы і назва была зменена на Медыцынская і інжынерная школа Тунцзі. Статус універсітэта школа атрымала ў 1923 годзе, а ў 1927 была перайменавана ў Нацыянальны універсітэт Тунцзі.

Пасля пачатку япона-кітайскай вайны, у верасні 1937 года ўніверсітэт быў эвакуіраваны з Шанхая ў Цзіньхуа (правінцыя Чжэцзян), Ганьчжоу (правінцыя Цзянсу), Хэчжоу (правінцыя Гуандун), Куньмін і іншыя месцы. У 1940 годзе эвакуіраваны далей, у Лічжуан (цяпер у акрузе Ібінь), у правінцыі Сычуань. У 1946 годзе ўніверсітэт вярнуўся ў Шанхай.

У пачатку 1950-х гадоў частка факультэтаў была перанесена ў іншыя ўніверсітэты. Так напрыклад факультэты матэматыкі і фізікі былі ўключаныя ў склад Фуданьскага ўніверсітэта. А факультэты электратэхнікі і суднабудавання перанесены ў Шанхайскі ўніверсітэт Цзяатун.

У 1978 годзе ўніверсітэт Тунцзі аднавіў супрацоўніцтва з універсітэтамі Германіі і стаў акном у культурным і навуковым абмене паміж Кітаем і Германіяй.

З 1995 года універсітэт прымае ўдзел у Праекце 211. У 1996 годзе Універсітэт Тунцзі быў аб’яднаны з Шанхайскім універсітэтам гарадскога будаўніцтва, а ў 2000 годзе з Шанхайскім чыгуначным універсітэтам. З 2002 года універсітэт Тунцзі ўдзельнічае ў Праекце 985.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]