Перайсці да зместу

Уцечка мазгоў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Уцечка мазгоў (англ.: Brain drain) — сацыяльна-эканамічная з'ява, калі добра адукаваныя грамадзяне імкнуцца працаваць у больш развітых краінах, чым краіна паходжання, з-за забеспячэння ім там лепшых сацыяльных і эканамічных умоў і сучаснай арганізацыі працы.

Тэрмін «уцечка мазгоў» пачаў выкарыстоўвацца ў пачатку 1960-х гадоў для апісання інтэнсіўнай міграцыі адукаваных жыхароў краін, якія развіваюцца, у высокаразвітыя краіны. У выніку інвестыцыі ў адукацыю, скіраваныя на павышэнне эфектыўнасці і, адпаведна, паскарэнне развіцця ў краін трэцяга свету, аказваюцца неэфектыўнымі, бо большасць адукаваных кадраў эмігруе ў краіны першага свету. Паводле даных ЮНЕСКА, у 1960–1975 гадах каля 27 тысяч адукаваных жыхароў Афрыкі легальна эмігравалі ў развітыя краіны свету, у 1975–1984 гадах гэтая колькасць павялічылася да 40 тысяч, а з 1990-х склала прыкладна 20 тысяч асоб. Паводле ацэнак ЮНЕСКА, 41% насельніцтва з вышэйшай адукацыяй пакінулі краіны Карыбскага басейна, 27% — Заходнюю Афрыку, 18,4% — Усходнюю Афрыку і 16% — Цэнтральную Амерыку.

Часам гэты выраз таксама выкарыстоўваецца ў кантэксце высокаразвітых краін, напрыклад,паказваючы, што з 3,2 мільёна брытанцаў, якія жывуць за мяжой каралеўства, 1,1 мільёна асоб маюць высокую кваліфікацыю, а сярод немцаў, якія жывуць за межамі Германіі, 84% маюць вышэйшую адукацыю. Аднак гэтыя прыклады хутчэй сведчаць аб тым, што асобныя сектары эканомікі працуюць на розных узроўнях развіцця і існуе «паралельны» паток высокакваліфікаваных спецыялістаў. Такім чынам, мы павінны гаварыць пра «мазгавы абмен» або «кровазварот». Тым не менш, многія краіны АЭСР ініцыююць спецыяльныя праграмы для заахвочвання спецыялістаў, якія жывуць за мяжой, да вяртання на бацькаўшчыну, дасягаючы эфекту «прыросту мазгоў», таму што супрацоўнікі, якія вяртаюцца, маюць больш вопыту і новых навыкаў, і звычайна атрымліваюць больш высокую аплату.